viasna on patreon

Гомельскі абласны суд не задаволіў скаргу Уладзіміра Няпомняшчых

2012 2012-06-05T17:07:27+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/niapomniashchyh.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Няпомняшчых

Уладзімір Няпомняшчых

Гомельскі абласны суд 5 чэрвеня разгледзеў скаргу сябра АГП і Руху «За свабоду!», пенсіянера МУС Уладзіміра Няпомняшчых на рашэнне суда Цэнтральнага раёна Гомеля. Пастанову раённага суда абласная інстанцыя пакінула без зменаў, а скаргу – без задавальнення.

Апазіцыянер скардзіўся на пастанову суда Цэнтральнага раёна, які 12 красавіка вынес рашэнне аб адмове ў задавальненні іску гамяльчука да супрацоўнікаў міліцыі. Уладзімір Няпомняшчых спрабаваў спагнаць праз суд маральную шкоду ў памеры 9 мільёнаў рублёў за незаконнае ўтрыманне ў ІЧУ. Заяўнік быў затрыманы міліцыяй 7 кастрычніка 2011 года, напярэдадні Народнага сходу, і змешчаны без прад'яўлення якіх-небудзь абвінавачванняў да суда ў ІЧУ. 10 кастрычніка актывіст быў дастаўлены ў суд, які прызнаў яго вінаватым па артыкуле 23.34 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства) і пакараў штрафам. Ужо пасля суда Няпомняшчых даведаўся пра існаванне яшчэ аднаго пратаколу, складзенага міліцыянтамі, пра тое, што актывіст нібыта лаяўся матам, гэта значыць здзейсніў дробнае хуліганства. Але суд не змог даказаць факт адміністрацыйнага правапарушэння з боку апазіцыянера, бо сведкі-міліцыянеры не падтрымалі ў судзе свайго калегу і зазначылі, што не чулі ад затрыманага бруднай лаянкі. Таму адміністрацыйная справа была спынена – з-за недаказанасці віны.

«У выніку неправамерных дзеянняў адказчыка я панёс такое дадатковае пазасудовае адміністрацыйнае спагнанне, як фактычны адміністрацыйны арышт у выглядзе трох сутак, хоць ніякай неабходнасці ў пазбаўленні мяне волі ў момант затрымання не існавала», - пісаў ў заяве ў суд Няпомняшчых.

«Абласны суд, як і раённы, стаў на бок сістэмы, я чакаў такое рашэнне, але ў глыбіні душы спадзяваўся, што ёсць прыстойныя людзі, нормы маралі, але аказваецца, нічога няма – сістэма ратуе сваё мёртвае дзіця. Бо як толькі яны прымуць мой бок, значыць, сістэма пачне рушыцца, бо міліцыянеры тады не будуць фальсіфікаваць справы і лжэсведчыць», - пракаментаваў рашэнне Уладзімір Няпомняшчых.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства