viasna on patreon

Бабруйск: Суд вынес рашэнне разблакаваць пропуск прафсаюзнага лідэра

2012 2012-06-08T21:39:45+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kavalkou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міхаіл Кавалькоў, бабруйскі лідэр Свабоднага прафсаюза Беларускага

Міхаіл Кавалькоў, бабруйскі лідэр Свабоднага прафсаюза Беларускага

8 чэрвеня ў Бабруйску адбылося заключнае паседжанне па іску Міхаіла Кавалькова, лідэра пярвічкі Свабоднага прафсаюза Беларускага на зводзе ТДіА. Нагадаем, што прафсаюзны лідэр патрабуе вярнуць яму магчымасць свабодна трапляць на тэрыторыю завода. 

На гэты раз Міхаіл Кавалькоў прыйшоў у суд з прадстаўніком – юрыстам Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аленай Яськовай.

Ад завода ТДіА прысутнічалі галоўны ідэолаг Пётр Слабадчук, юрысконсульт Генадзь Дзеравянка, начальнік юрыдычнага аддзела Андрэй Валатковіч, адвакат юрыдычнай канторы Лагойскага раёна Алег Рудэнка, начальнік упраўлення бяспекі Міхаіл Каралёў.

Суддзя -- Тамара Карпоўская.

У самым пачатку паседжання Генадзь Дзеравянка заявіў, што юрыст Алена Яськова не мае права быць прадстаўніком Кавалькова і патлумачыў гэта тым, што пазоўнік “фізічная асоба”, а яна мае права абараняць толькі прафсаюзы. Але суддзя не пагадзілася з гэтым і нагадала, што Міхаіл Кавалькоў таксама сябра прафсаюза.

Начальнік бяспекі завода патлумачыў, чаму раптам прафсаюзнаму лідэру заблакіравалі пастаянны пропуск. Ён кажа, што па Палажэнню (нагадаем, што на мінулым паседжанні двума бакамі былі прадастаўленыя два Палажэнні ад 2006 года, адрозныя па сэнсу: па адным з іх Кавалькоў не мае права на пастаянны пропуск) сябры прафсаюза не мелі права мець пастаянныя прапускі і раней, але па нейкіх прычынах мелі іх.

-Я правёў праверку, убачыў гэтыя парушэнні, і таму доступ па пастаяннаму прапуску быў спынены, - заявіў Міхаіл Каралёў. Таксама ён патлумачыў, што правесці такога кшталту праверку яго прымусіў мінулагодні тэракт у метро. Ён сцвярджае, што Палажэнне, якое на руках у Кавалькова, гэта толькі праект сапраўднага дакумента.

Алена Яськова спытала, чаму Міхаіла Кавалькова ў гэтым выпадку не азнаёмілі са зменамі ў Палажэнні. І яшчэ прадстаўніка пазоўніка цікавіць, чаму так званы “праект” Палажэння надрукаваны ў друкарні, а прадстаўлены заводам дакумент – на звычайных асобных лістах.

– І чаму у такім выпадку на “праекце” не пазначана нідзе, што гэта “праект?”, - выказала здзіўленне юрыст.

Прадстаўнікі завода сказалі, што лідэр афіцыйнага прафсаюза Аляксандр Курыцкі таксама праходзіць на завод па аднаразоваму пропуску. Андрэй Валатковіч тлумачыць надрукаваны ў друкарні “праект” тым, што друкарня, верагодна, была нешта вінна заводу, а калі дайшла справа надрукаваць сапраўднае Палажэнне, у ТДіА не было грошай на якасны друк.

Юрыст Алена Яськова нагадала пра існаванне Закона аб прафсаюзах, па якім Міхаілу Кавалькову гарантаваны свабодны пропуск на завод.

– Я не пачула ніводнага ўцямнага тлумачэння, чаму існуе два Палажэнні, і чаму так званы “праект” адпавядае Закону, а “сапраўднае Палажэнне” яму не адпавядае. Значыць, Палажэнне адказчыка проста сфабрыкаванае, несапраўднае. Я бачу відавочную дыскрымінацыю Кавалькова ў параўнанні з лідэрам афіцыйнага прафсаюза і юрыдычную неадукаванасць з боку БЗ ТДіА, - адзначыла юрыст.

Пазоўнікі адзначылі, што па Палажэнні ад адказчыка аднаразовы прапуск выдаецца грамадскім арганізацыям, а прафсаюз гэта не проста ГА, а прадстаўнічы орган рабочых.

Адвакат Алег Рудэнка заявіў, што прэтэнзіі Кавалькова надуманыя, што ў яго няма доказаў. На яго думку, прафсаюзны лідэр не здолеў юрыдычна замацаваць свой статус. З ім пагадзіўся начальнік бяспекі, які спрабаваў зняпраўдзіць сцвярджэнне Кавалькова, што пасля перахода на аднаразовыя прапускі яго вельмі рэдка пускаюць на завод.

– Працоўнае месца Кавалькова для яго ў свабодным доступе, мы не абмяжоўваем яго, і калі ён прыходзіць, заўсёды прапускаем на тэрыторыю прадпрыемства. Мы дзейнічаем па завадскому лакальнаму дакументу, таму я не згодны і з тым, што нанёс пазоўніку маральны ўрон, - заявіў Міхаіл Каралёў.

Юрысконсульт завода сказаў, што дакумент, прадастаўлены Кавальковым, здабыты незаконна, і не можа быць доказам. Прафсаюзны лідэр адказаў, што гэтае Палажэнне атрымаў ад супрацоўніка ТДіА, які пажадаў застацца неназваным.

-Вы тут нешта казалі пра свабоду, а свабода гэта не ўседазволенасць, - заявіў начальнік юрыдычнага аддзела. - Мы стварылі такую сістэму, каб прадухіліць крадзяжы. Вы тут пералічылі вельмі шмат назваў міжнародных дакументаў, але мы не парушаем закон. Для таго, каб даць Кавалькову свабодны допуск на завод, мы павінны ведаць яго працоўны графік.

-Усе адказчыкі спасылаюцца на свой унутраны дакумент, а я спасылаюся на Закон, - адзначыла Алена Яськова. – Вы праяўляеце юрыдычную неадукаванасць. Я не кажу пра “свабоду”, я кажу пра свабодны доступ, а гэта розныя рэчы. Вось мы азнаёміліся з журналам аднаразовых пропускаў, і па ім атрымліваецца, што прадстаўнік афіцыйнага прафсаюза прыходзіць на працу лічаныя разы, бо атрымлівае ўсяго па два-тры прапускі за месяц. А Кавалькову для таго, каб патрапіць на сваё працоўнае месца, даводзіцца чакаць па тры гадзіны пад дзвярамі.

Пасля рэплік бакоў суддзя абвесціла перапынак.

Пасля амаль трохгадзіннага паседжання Тамара Карпоўская вынесла рашэнне разблакаваць Міхаілу Кавалькову пропуск.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства