Аўтара відэа пра міліцыянта-безбілетніка наведаў РУУС (відэа)
Раман Гарадзінскі распавёў, што зрабіў сваё відэа ў аўтобусе № 138 у Менску раніцай 7 чэрвеня.
Раман падзяліўся ўражаньнямі ад інцыдэнту паміж кантралёрам і міліцыянтам:
«Спачатку ўсё было нармальна. Потым, калі пайшла грубасьць, я ўжо проста
дзеля спартовага інтарэсу ўключыў камэру на тэлефоне і пачаў здымаць
для сябе. Потым мой сябар кажа: давай выкладзем у інтэрнэт. І ўвесь
аўтобус крычаў: „Выкладзіце гэта ў інтэрнэт, няхай паглядзяць“. Дый сам
кантралёр папрасіў выкласьці ў інтэрнэт. Я выйшаў на прыпынку ля станцыі
мэтро „Каменная горка“, і гэты старшына таксама выйшаў. Ён да мяне
пачаў падыходзіць, а я кажу: „Старшына, вось ты ганьбіш форму. 98 тысяч
каштуе праязны на тры віды транспарту. Гонар мундзіра каштуе значна
даражэй“. Я яго абсек на паўслове і пайшоў далей у мэтро».
Аўтар відэа Раман Гарадзінскі лічыць, што старшына мог пазьбегнуць непрыемнага фіналу:
«Тут, разумееце, сутыкнуліся лбамі дзьве структуры, як гэта звычайна ў
нас адбываецца. І ў таго ўлада, і ў таго ўлада. І ніхто нічога зрабіць
ня можа. Калі б гэты старшына не пачаў бычыцца, а проста на вушка сказаў
бы гэтаму кантралёру: „Прабач, брат, ля-ля тапаля“, усё прайшло б
гладка. А ён проста пачаў грубіць кантралёру. І ўсе пасажыры азірнуліся.
Я тады дастаў мабільнік і пачаў здымаць. Публіка рэагавала „за“
кантралёра і супраць міліцыянта, бо ён грубіў. Абураліся пасажыры, што
міліцыя сама вось езьдзіць зайцам, і кантралёр казаў: „Вось як мне быць,
на вас міліцыю выклікаць? Бо мы выклікаем міліцыю ў такіх выпадках.
Давайце ваш дакумэнт альбо плаціце штраф“. Міліцыянт пачаў выбягаць з
аўтобуса. А кантралёр паспрабаваў яго затрымаць і схапіў за шапку, а
міліцыянт пачаў вырываць шапку з рук кантралёра. І тут ужо пайшла счэпка
ў іх».
Раман Гарадзінскі не чакаў, што ад ягонага відэа будзе такі рэзананс на ўсю краіну.