Старшынёй БХК зноў абраны Алег Гулак
Алег Гулак зноў абраны на пасаду старшыні рэспубліканскай праваабарончай грамадскай арганізацыі «Беларускі Хельсінкскі камітэт» (БХК), паведаміў кіраўнік юрыдычнай службы БХК Гары Паганяйла.
Паводле яго слоў, 8 чэрвеня ў Мінску прайшоў чарговы справаздачна-выбарны сход БХК. «Мы спецыяльна не анансавалі і не паведамлялі аб правядзенні сходу, бо нам з цяжкасцю ўдалося знайсці для яго памяшканне. І каб не ўзнікла непрадбачаных сітуацый, мы нікога на сход не запрашалі», — адзначыў Паганяйла.
У ходзе сходу адбыліся выбары ў склад кіруючых органаў БХК на наступны перыяд. Старшынёй БХК зноў абраны Алег Гулак, намеснікам старшыні — Васіль Санковіч, паведаміў Паганяйла.
Паводле яго слоў, у найбліжэйшых планах дзейнасці БХК будзе арганізацыя і правядзенне назірання за ходам парламенцкіх выбараў у Беларусі. «Мы будзем назіраць за гэтымі выбарамі сумесна з іншымі праваабарончымі арганізацыямі і праваабаронцамі незалежна ад таго, якую пазіцыю выберуць апазіцыйныя палітычныя партыі — байкот або ўдзел у выбарах. Гэтую працу мы праводзім рэгулярна, і па выніках назірання, як звычайна, будзе складзены адпаведны даклад з пазіцый БХК», — заявіў Паганяйла.
***
БХК быў заснаваны 1 лістапада 1995 года. Арганізацыя з’яўляецца самастойным, незалежным, некамерцыйным, праваабарончым грамадскім аб’яднаннем, створаным у мэтах ажыццяўлення гуманітарнай дзейнасці на тэрыторыі Беларусі, якое працуе на аснове самакіравання і аб’ядноўвае на аснове агульнасці інтарэсаў грамадзян Рэспублікі Беларусь.
Арганізацыя з’яўляецца партнёрам Савета Еўропы і актыўным удзельнікам міжнароднага хельсінкскага руху. У 1998 годзе БХК узнагароджаны прэміяй Еўрапейскага саюза і ЗША за ўклад у развіццё грамадзянскай супольнасці.