Аляксандра Малчанава не пусьцілі на пахаваньне маці
11 чэрвеня ў Барысаве на Вайсковых могілках пахавалі Галіну Малчанаву, маці вязьня Аляксандра Малчанава, які пасьля асуджэньня за Плошчу і памілаваньня зноў апынуўся ў турме.
Ганна Шапуцька, якая разам зь іншымі
грамадзкімі актывістамі дапамагала ў арганізацыі пахаваньня Галіны
Малчанавай, сумняецца, што адміністрацыя жодзінскай турмы паведаміла
Аляксандру пра сьмерць маці.
«Сёньня ў першай палове дня мы размаўлялі з супрацоўнікам
адміністрацыі турмы, і той сказаў, што немагчыма, каб адпусьцілі
на пахаваньне, калі прысуд не ўступіў у дзеяньне. А яшчэ
мы сумняваемся, ці ведаў на той момант Аляксандар пра сьмерць
маці. Паводле нашых зьвестак, адвакат перадаваў сваякам, каб адправілі
Аляксандру ў турму тэлеграму, што маці памерла, але гэта не было
зроблена, і такую тэлеграму мы самі адправілі толькі сёньня,
11 чэрвеня».
Галіну Малчанаву пахавалі пад бел-чырвона-белым сьцягам.
У пахаваньні бралі ўдзел шмат грамадзкіх актывістаў з Барысава,
Менску ды іншых мясьцін, паведаміла Галіна Шапуцька.
Галіна Малчанава памерла ад цяжкай хваробы ў ноч на 9 чэрвеня.
Аляксандра Малчанава на пахаваньне з Жодзінскай турмы не адпусьцілі,
спаслаўшыся на тое, што прысуд адносна яго яшчэ не ўступіў у дзеяньне.
А 9 красавіка 2011 году Аляксандар Малчанаў быў асуджаны на
паўтара году калёніі строгага рэжыму за крадзеж мэталалому. Пасьля першай
адседкі за Плошчу яго ў родным Барысаве нікуды не бралі на працу, і збор
мэталалому быў адзіным спосабам яго заработку.