Адвакатку Кавалеўскую не выпусцілі з Беларусі «за ўхіленне ад прызыву»
Яна абараняла ў судзе Андрэя Саннікава.
«На пару дзён разам з сям’ёй накіроўваліся на машыне ў Вільню, — кажа спадарыня Кавалеўская. — Узяла адпачынак на працы для гэтага».
На мяжы Марыне Кавалеўскай паведамілі, што яна знаходзіцца ў спісе невыязных з тэрыторыі Беларусі і паставілі адпаведны штамп у пашпарт. Прычыну не тлумачылі.
«Звязваю гэта выключна з тымі справамі, якімі я займалася, — кажа жанчына. — Разам з тым, я займалася толькі адвакацкай дзейнасцю, нічым болей».
Яна кажа, што пару месяцаў таму выязджала з тэрыторыі Беларусі і тады праблем у яе не ўзнікла.
«Судовых пазоваў супраць мяне няма, я не вайсковаабавязаная. Абсалютна не зразумела на якіх падставах мяне не выпускаюць за межы».
Марына Кавалеўская кажа, што праінфармавала пра інцыдэнт Мінскую гарадскую калегію адвакатаў, а таксама папрасіла паспрыяць у вырашэнні гэтага пытання.
Кавалеўская была абаронцай кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.
Спіс невыязных з тэрыторыі Беларусі з’явіўся ў сакавіку сёлета. У яго трапілі каля дваццаці чалавек: палітыкі, праваабаронцы, журналісты.
***
Як удакладніў муж адвакаткі Валерый Кавалеўскі, забарону на выезд абгрунтавалі «ўхіленнем ад мерапрыемстваў прызыву». Пра гэта ён напісаў у фэйсбуку. Кавалеўскі падкрэслівае, што ягоная жонка не з’яўляецца ваеннаабавязанай і дадае, што рашэнне аб абмежаванні перамяшчэння была падпісаная 5 сакавіка 2012 года.