Відэафільм берасцейскага праваабаронцы адзначаны прэміяй
Дакументальны фільм “Пальчыкі або Урок гісторыі. Берасце” праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна ўвайшоў у тройку прызёраў сярод 130 фільмаў, дасланых на конкурс асацыяцыі Belfilm.
За сваю працу Уладзімір Вялічкін быў прэміраваны медалём і Ганаровай граматай, якія ўручаў старшыня асацыяцыі Алег Дашкевіч.
Па словах Вялічкіна, яго фільм заснаваны на гістарычных і сучасных фактах гвалту над асобай. Ідэю зрабіць відэастужку на тэму прымусовай дактыласкапіі ён выношваў даўно. Да брэсцкіх праваабаронцаў звярталася шмат людзей, якіх прымушалі да здачы адбіткаў пальцаў і судзілі за адмову ад гэтага. Так і галоўны герой фільма “Пальчыкі…” як законапаслухмяны грамадзянін двойчы здаваў адбіткі пальцаў прымусова, але супрацоўнікі міліцыі запатрабавалі зрабіць гэта і ў трэці раз. А калі чалавек адмовіўся - пацягнулі ў суд, дзе пакаралі штрафам у 700 тысяч рублёў нібыта за брыдкаслоўе.
У фільме праблему прымусовай дактыласкапіі праваабаронца раскрывае праз факты гвалту над асобай, якія мелі месца ў гісторыі, пачынаючы з часоў фашысцкай Германіі.