viasna on patreon

У базу дадзеных невыязных праваабаронцу Валянціна Стэфановіча ўключыў “тэхнічны збой”

2012 2012-06-14T15:45:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/stefanovich-army.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч падчас службы ў войску ў 1991 годзе

Валянцін Стэфановіч падчас службы ў войску ў 1991 годзе

Больш чым тры месяцы спатрэбілася Дэпартаменту па грамадзянству і міграцыі  Міністэрства ўнутраных спраў, каб прызнаць памылку аб унясеньні праваабаронцы Валянціна Стэфановіча ў базу дадзеных грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якім часова абмежаванае права выезду з Рэспублікі Беларусь.

З ліста начальніка  Дэпартаменту А. Бягуна, які 13 чэрвеня атрымаў Валянцін Стэфановіч, вынікае, што ў базе дадзеных адбыўся тэхнічны збой: “На наш запыт ў Міністэрства абароны аб прычынах уключэньня звестак аб Вас у банк дадзеных паступіў адказ, што ваеннымі камісарыятамі Рэспублікі Беларусь рашэньняў аб часовым абмежаваньні Вашага права на выезд з Рэспублікі Беларусь не прымалася. Разам з тым, зыходзячы з шэрагу зваротаў грамадзян, варта адзначыць, што ў перыяд з 24.02.2012 па 10.03. 2012 г меліся тэхнічныя збоі ў перадачы інфармацыі ў банк дадзеных, магчымым вынікам якіх з’явілася памылковае ўключэньне звестак аб Вас у банк дадзеных”.

Патрэбна адзначыць, што гэтыя  “тэхнічныя збоі” насілі вельмі спецыфічны характар, паколькі “таемны вірус” зачапіў толькі вядомых грамадскіх дзеячаў, праваабаронцаў ды журналістаў. Гэта ім давялося прыкласьці шмат намаганьняў і часу, звяртаючыся ў высокія інстанцыі, міністэрствы і суды, каб адстаяць права на свабоднае перамяшчэньне. Гэта ім давялося несьці дадатковыя выдаткі, каб нейкім чынам выехаць з краіны па сваіх пільных патрэбах.

Застаецца спадзявацца, што у Дэпартаменце па грамадзянству і міграцыі  сказаўшы “А”, вымавяць і “Б”: знойдуць асобаў, вінаватых у распаўсюдзе “шкоднага вірусу” ды ўзорна іх пакараюць.

Але вернемся да да адказу А. Бягуна: “На цяперашні час у Міністэрстве ўнутраных спраў праводзіцца праца па праверцы сапраўднасці ўсіх звестак, якія паступілі ў банк дазеных з упаўнаважаных дзяржаўных органаў за азначаны перыяд часу. Па заканчэньні азначанай працы будуць прынятыя меры па выключэньні памылковых звестак з банка дадзеных згодна з пункам 18 Палажэньня (“Аб банку дадзеных аб грамадзянах Рэспублікі Беларусь, права на выезд якіх з Рэспублікі Беларусь часова абмежавана”)”.

Шкада, што пры гэтым начальнік Дэпартамента па грамадзянству і міграцыі А. Бягун чамусьці не пазначае, у які тэрмін гэтыя “звышскладаныя” працы будуць завершаныя. Прымаючы да ўвагі, што трох папярэдніх месяцаў для пошуку “злога вірусу” чыноўнікам Дэпартаменту не хапіла, прагнозаў тут рабіць не даводзіцца.

З  вышэйадзначанага вынікае, што намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч па-ранейшаму не зможа пакінуць межы “сінявокай” да завяршэньня праверкі базы дадзеных.

Матэрыялы па тэме:

Валянціна Стэфановіча дадалі ў сьпіс невыяздных з-за “ўхіленьня ад прызыву” (дакумент)

Стэфановіч патрабуе ад следчага камітэта ўзбуджэння крымінальнай справы па факце абмежавання яму выезду з Беларусі

Валянцін Стэфановіч дамагаецца пакарання суддзі Алены Сямак

 

 

Адказ Дэпартамента па грамадзянству і міграцыі

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства