Салігорскі суд разгледзіць скаргу на забарону велапрабегу
Суд Салігорскага раёна прыняў да разгляду скаргу маладафронтаўца Андрэя Тычыны на забарону мясцовым райвыканкамам велапрабегу. Справу будзе разглядаць суддзя Валянціна Лапіна.
Па словах маладафронтаўца, 19 чэрвеня яго выклікаюць у якасці заяўніка на дасудовую гутарку:
- Магчыма, на дасудовым паседжанні будзе ўздымацца пытанне аб міравым пагадненні. Калі прадстаўнікі выканкаму ўсё ж дазволяць правядзенне мерапрыемства ў іншы час, тады скаргу буду адклікаць. Калі будуць стаяць на сваім, значыцца сустрэнемся з імі на судовым паседжанні, - кажа Андрэй Тычына.
Нагадаем, мэтай правядзення велапрабегу было выказванне пратэсту супраць вынікаў Рэспубліканскага рэферэндуму 14 мая 1995 года, следствам якога стала страта дзяржаўнага статусу гістарычнай нацыянальнай беларускай сімволікі - бел-чырвона-белага сцяга і герба "Пагоня".