Барысаў: каля чатырох тысяч пакупнікоў падпісаліся супраць пераносу аўтарынка (відэа)
Па рашэнні мясцовай улады барысаўскі аўтарынак у кастрычніку бягучага года будзе перанесены з цэнтра горада на ўскраіну. Індывідуальных прадпрымальнікаў, якія гандлююць на рынку, у барацьбе за права працаваць на старым месцы падтрымліваюць пакупнікі. Яны паставілі ўжо каля чатырох тысяч подпісаў пад зваротам у Барысаўскі райвыканкам з патрабаваннем не пераносіць аўтарынак.
Расказвае ўладальнік аднаго з павільёнаў Пётр: «Людзі самі падыходзяць і пытаюць, дзе можна падпісацца, каб рынак не пераносілі на ўскраіну горада. Нам таксама вельмі нявыгадны перанос. Мы пару гадоў таму куплялі павільёны - гэта па дзесяць, па пяць тысяч даляраў. І цяпер не ўсе могуць іх перанесці на новае месца. Павільёны ў нас стацыянарныя амаль усё. Нам кажуць, што аўтарынак стварае праблемы з паркоўкай, і мясцовым жыхарам таксама ствараем нязручнасці. Але любы гандлёвы цэнтр або рынак - гэта заўсёды праблемы. Мы не хочам пераязджаць. Гэта не выгадна нам, гэта не выгадна пакупнікам!»
Пакуль пытанне аб пераносе барысаўскага аўтарынка застаецца адкрытым. «Мы будзем змагацца за свае працоўныя месцы, - кажуць індывідуальныя прадпрымальнікі. - Тым больш што адчуваем падтрымку пакупнікоў».