viasna on patreon

Алена Дубовік просіць суд забараніць эксплуатацыю ЦІП на Акрэсціна

2012 2012-06-26T13:25:29+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/akrescina.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Апроч таго, дзяўчына патрабуе спагнаць з ГУУС Мінгарвыканкама кампенсацыю за маральную шкоду падчас яе знаходжання на Акрэсціна.

Алену Дубовік разам з сябрамі затрымалі  24 сакавіка ў Доме культуры МТЗ, дзе быў запланаваны канцэрт у падтрымку міжнароднай ініцыятывы “Ежа замест бомбаў”.  У судзе высветлілася, што дзяўчыне былі нанесеныя цялесныя пашкоджаньні пры затрыманні. Аднак суд не звярнуў на гэта ўвагі. І Алену Дубовік пакаралі арыштам на трое сутак за дробнае хуліганства.

Пакаранне дзяўчына адбывала ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама на Акрэсціна. Умовы ўтрымання яна апісвае ў сваім іску ў суд Маскоўскага раёна: “Мяне змясцілі ў камеру, дзе было 8 чалавек. Норма плошчы на аднаго чалавека была парушаная. Спальных месцаў абсталявана не было. Пасцельную бялізну і матрац мне не выдавалі. Прыбіральні ў камерах ЦІП знаходзяцца ў паўметры ад спальнага месца і “адгароджаныя” ад спальнага месца толькі адной перагародкай. У камерах недастаткова натуральнага асвятлення. Кругласуткава ўключана штучнае асвятленне, але яго не хапае, у камеры паўзмрок. Чытаць можна толькі з вялікімі высілкамі і непрацяглы час, бо хутка стамляюцца вочы. У камеры вельмі халодна, бо не зачыняецца фортка, яе ўшчыльняюць падручнымі сродкамі - газетамі. У той жа час у камеры душна, бо практычна ўсе, акрамя мяне, палілі. У камерах не было пітной вады. Пры паступленні мне далі калавачак мыла і некалькі аркушаў газеты замест туалетнай паперы. У камеры вадзіліся пацукі. Некаторыя з арыштаваных у камеры былі ў крайняй ступені неахайныя, але адміністрацыя не прымала мер для таго, каб правесці ім хоць бы элементарную санапрацоўку. За трое сутак знаходжання на Акрэсціна мяне ні разу не вадзілі на шпацыр”.

ГУУС Мінгарвыканкама ў ходзе праверкі ўстаноўлена, што ўтрыманне Алены Дубовік у ЦІП суправаджалася парушэннямі яе правоў. Таму  зараз дзяўчына звяртаецца ў суд з патрабаваннямі спагнаць з ГУУС Мінгарвыканкама кампенсацыю за маральную шкоду ў памеры 3 млн. рублёў, а таксама забараніць эксплуатацыю ЦІП на Акрэсціна, дзе масава парушаюцца правы грамадзян Беларусі, што не можа па вызначэнні супярэчыць грамадскім інтарэсам.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства