“Няўжо ў наш час магчыма такое дзікунства?!”
Маці затрыманага па падазрэнні ў крадзяжы Паўла Плаксы дамагаецца, каб прайшла паўнавартасная праверка па фактах катаванняў супрацоўнікамі міліцыі ў адносінах да яе сына.
Паўла Плаксу затрымалі 30 мая 2012 г. ў Мінску. Яго маці, якая жыве ў Баранавічах, распавядае, як яна даведалася пра здарэнне і што было затым:
– Увечары мне патэлефанавала грамадзянская жонка Паўла і сказала, што сына забралі людзі, як прадставіліся супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Быццам бы па падазрэнні ў кватэрным крадзяжы, маўляў, грошы скраў... Пазней я даведалася, што Паўла адвезлі ў РУУС Ленінскага раёна Менска. У дзяжурнай часці гэтую інфармацыю пацвердзілі, але падрабязнасцей ніхто не даваў. Пагутарыла са следчым – таксама нічога канкрэтнага. І ў той жа час мне патэлефанаваў чалавек, сказаў, што ён з міліцыі, паведаміў, што можна прывезці сыну паесці, цёплыя рэчы, прадметы гігіены. Прыехала, мне ў РУУС кажуць: “Возьмем толькі ежу”. З’ехала назад у Баранавічы, вечарам тэлефануе следчы: “Можаце прывезці адзенне і прадметы гігіены”. У мяне ледзь гістэрыка не здарылася! Я ж толькі была ў Мінску, але там адмовіліся прымаць гэтыя рэчы!
Па словах Жанны Вікенцьеўны, і ў той дзень яна не знайшла сына ў РУУС, яго ўжо перавялі ў ізалятар на Акрэсціна.
– Там, у рэшце рэшт, рэчы прынялі, – працягвае жанчына. – А мы з мужам вырашылі даведацца падрабязнасці справы. Следчы сказаў толькі, што сына павязуць у СІЗА ў Жодзіна, ідзе разбіральніцтва… Выходзім са следчага аддзела, і тут ізноў тэлефонны званок. Мужчына прадставіўся супрацоўнікам міліцыі, але прозвішча не назваў. І распавёў, што ў РУУС над Паўлам моцна здзекваліся. Быццам бы не давалі ні піць, ні есці, не вадзілі ў прыбіральню.
Сам Павел паведаміў адвакатам, што ўвесь гэты час (на працягу 3 дзён) супрацоўнікі РУУСа яго сістэматычна і жорстка збівалі, прымушаючы прызнацца ў крадзяжы: білі рукамі і нагамі, прыгалі ў яго на спіне, неаднаразова рабілі «ластаўку» (сціскалі кайданкамі рукі за спінай, а ногі прасоўвалі пад рукі і звязвалі іх дротам). А тады ляжачага збівалі дубінкамі. Калі стамляліся біць – апраналі на галаву цэлафанавы пакет і перакрывалі паветра.
Пабоі змяняліся псіхалагічным ціскам: нелюдзі ў пагонах пагражалі затрымаць таксама і ягоную грамадзянскую жонку, а двухмесячнае дзіцё змясціць ў бальніцу. Зверствы “праваахоўнікаў”спыняліся толькі на час прыходу следчых альбо адвакатаў.
Такім чынам яны дамагаліся атрымаць ад Паўла прызнальныя паказанні ў здзяйсненні крадзяжоў.
Наколькі па-варварску катавалі Паўла міліцыянты сведчаць штодзённыя выклікі брыгады дактароў “хуткай дапамогі”: 31 траўня, 1 і 2 чэрвеня. Урэшце медыкі, пасьля правядзення медагляду адвезлі збітага ўшчэнт Паўла ў 5 гарадскую клінічную бальніцу. Калі сляды катаванняў схаваць стала немагчыма, паколькі падазраваны не мог удзельнічаць у следчых дзеяннях, 5 чэрвеня была праведзеная судова-медыцынская экспертыза.
Напалову жывая маці Паўла Плаксы ізноў прыйшла да следчага.
– Я запыталася ў лоб: “Былі такія факты? Гэта так? Чаму вы нам не паведамілі?” Тая мне: “А вы пра гэта не пыталі. Вашаму сыну проста дрэнна стала, яму выклікалі “хуткую”. Адзінае, што ў яго засталіся сляды ад кайданкоў. Можа быць, хацеў ад іх вызваліцца…” Дадалі, што, маўляў, многія ў камерах самі б’юцца галовамі аб сценку ды ламаюць рукі і ногі.
Неабгрунтаванае прымяненне фізічнай сілы і жорсткія катаванні з боку супрацоўнікаў міліцыі Ленінскага РУУСа Менска маці і бацька Паўла Плаксы абскарджваюць у самых розных інстанцыях. Яны паведамілі аб катаваннях ў Пастаянную камісію Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ, у Галоўнае ўпраўленне ўласнай бяспекі МУСа, у Пракуратуру Ленінскага раёна. Пракуратура паспела перадаслаць скаргу бацькоў у Следчы камітэт Ленінскага раёна. Следчы І. Мукасей адпісаў бацькам, што “заява з нагоды незаконных дзеянняў супрацоўнікаў Ленінскага РУУС Менска у дачыненні да вашага сына П. Плаксы, далучана да матэрыялаў праверкі ад 8 чэрвеня. Пра вынікі праверкі вам будзе паведамлена дадаткова”.
Аднак у праваабаронцаў маюцца сур’ёзныя падазрэнні наконт бесстароннасці ў ўсёбаковасці гэтай праверкі. І вось чаму.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч, каментуючы факты прымянення катаванняў у дачыненні да затрыманага Плаксы, адзначае наступнае: “Выкарыстанне катаванняў з’яўляецца грубым парушэннем правоў чалавека. Катаванні забароненыя як нацыянальным заканадаўствам Беларусі, так і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека. У дадзенай сітуацыі мы зыходзім з прызумпцыі даверу да той інфармацыі, якую нам распавялі родныя Паўла Плаксы. Пачынаючы з 30 мая, з моманту ягонага затрымання, уся адказнасць за стан ягонага здароўя і ягонае жыццё нясуць органы следства і канкрэтныя службовыя асобы. Вось няхай яны адкажуць на пытанне: “Чаму затрыманаму маладому, фізічна здароваму, хлопцу пасля шэрагу праведзеных допытаў двойчы выклікалі ў РУУС “хуткую” і накіроўвалі ў 5-ю бальніцу?”
Пры гэтым трэба адзначыць, што праваабаронцы ўжо не ўпершыню сутыкаюцца з сітуацыяй, калі органы пракуратуры проста перасылаюць скаргі на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі ў адпаведыя раённыя следчыя камітэты. Атрымліваецца, што органы пракуратуры, якія маюць функцыі нагляду за органамі следства, пасля стварэння інстытута Следчага камітэта, не маюць права ажыццяўляць крымінальны пераслед. У выпадку з Паўлам Плаксам скарга ягоных бацькоў на дзеянні супрацоўнікаў Ленінскага РУУС была перанакіравана ў Следчы камітэт Ленінскага р-на, г. зн. орган, які вядзе крымінальную справу Паўла і ў якім зараз працуюць былыя следчыя тога ж самага Ленінскага РУУСа.
– Мы лічым,
што па дадзеных фактах павінна быць праведзеная належная праверка, устаноўленыя
віноўныя і ў выпадку ўстанаўлення іх віны, прыцянутыя да вызначанай законам
адказнасці. Мы будзем уважліва сачыць за гэтай справай, у тым ліку праінфармуем
аб гэтым спецдакладчыка камітэта ААН супраць катаванняў, - паведамляе Валянцін
Стэфановіч.