Скаргу Валянціна Стэфановіча ўсё ж такі разгледзяць у судзе
Праваабаронца атрымаў позву на 16 ліпеня. Разглядаць скаргу будзе суддзя Цэнтральнага раёна Алена Сямак. Амаль чатыры месяцы спатрэбілася ёй, каб прызначыць дату разгляда.
Да 13 ліпеня суддзя Сямак, разам з сакратаркай, знаходзіцца ў адпачынку. Пра гэта Валянцін Стэфановіч даведаўся з канцэлярыі суда. З часу падачы скаргі праваабаронцы мінула амаль чатыры месяцы. За гэты час Дэпартамент па грамадзянству і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў прызнаў сваю памылку аб унясенні Валянціна Стэфановіча ў базу дадзеных грамадзянаў РБ, якім часова абмежаванае права выезду з Рэспублікі Беларусь, спаслаўшыся пры гэтым на тэхнічны збой у базе дадзеных. Аднак Стэфановіч па-ранейшаму не можа пакінуць межы краіны да завяршэння праверкі базы дадзеных.
Праваабаронца падаў скаргу з патрабаваннем распачаць дысцыплінарную вытворчасць супраць суддзі Алены Сямак у Вярхоўны суд, Міністэрства юстыцый і Адміністрацыю прэзідэнта. Зараз Валянцін Стэфановіч чакае адказ на гэтыя звароты.
Скарга на неправамернае ўключэнне Валянціна Стэфановіча ў базу невыяздных будзе разглядацца ў судзе Цэнтральнага раёна 16 ліпеня ў 14.30. Цікава,што ў гэты ж дзень суддзя Сямак разгледзіць скаргу старшыні Беларускага хельсінскага камітэта Алега Гулака, які таксама апынуўся ў базе невыяздных. Ягоны калега, праваабаронца Гары Паганяйла, ужо аспрэчыў забарону на выезд з краіны.
Нагадаем, што 11 сакавіка бягучага года пры пераездзе
дзяржаўнай мяжы ў памежным пераходзе “Каменны лог” Валянціну Стэфановічу было
адмоўлена ў праве выезда з Рэспублікі Беларусь. Паводле тлумачэнняў начальніка
памежнай службы, пашпартныя звесткі праваабаронцы значацца ў банку дадзеных аб
грамадзянах РБ, права якіх на выезд з Рэспублікі Беларусь часова абмежавана.