viasna on patreon

Дзмітрый Ус: Рашэнне ЦВК — адміністрацыйнае і палітычнае

2012 2012-07-05T16:21:57+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі і былы палітзняволены Дзмітрый Ус назваў "адміністрацыйным і палітычным" рашэнне ЦВК аб нерэгістрацыі ініцыятыўнай групы па змяненні выбарчага заканадаўства.

Нагадаем, на пасяджэнні 5 ліпеня члены Цэнтрвыбаркама аднагалосна адмовілі групе ў рэгістрацыі ў сувязі з парушэннем, нібыта выяўленым падчас яе фарміравання. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік назваў дакументы, пададзеныя на рэгістрацыю групы, "мадэллю непісьменнасці" і "элементарным разгільдзяйствам", якое "бяздарна губіць заканадаўчую ініцыятыву грамадзян". "Паверце, ніякага ўздзеяння ўлады, каб разваліць такую бяздарна сфарміраваную групу, не трэба — яна развалілася сама", — заявіў Лазавік. У сваю чаргу міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі, прадстаўляючы заключэнне Мінюста, заявіў, што ў дакументах ініцыятыўнай групы адсутнічае абгрунтаванне законапраекта, а сам праект не адпавядае нарматворчай тэхніцы і нормам заканадаўства.

Каментуючы БелаПАН рашэнне камісіі, Дзмітрый Ус заявіў, што на членаў ініцыятыўнай групы аказваўся "беспрэцэдэнтны ціск" з боку сілавых структур. "Некаторыя былі звольненыя з працы, іншым пагражалі звальненнем, калі яны не напішуць заявы аб тым, што адмаўляюцца ўдзельнічаць у ініцыятыўнай групе. Адзін з дырэктараў прадпрыемстваў у Баранавічах наўпрост сказаў нашаму актывісту, што яму сказалі ў КДБ: звольніць чалавека або прымусіць яго адмовіцца ад подпісу пад спісам ініцыятыўнай групы", — расказаў экс-кандыдат у прэзідэнты.

"ЦВК прычапілася да спісаў. Але справа ў тым, што члены ініцыятыўнай групы запаўнялі свае пашпартныя звесткі ад рукі, і кожны персанальна. Таму там ёсць надпісы ад рукі, якія можна трактаваць дваяка — у напісанні літараў, у залежнасці ад почырку. ЦВК прызнала несапраўднымі з-за гэтага 49 подпісаў. Сход членаў ініцыятыўнай групы адбываўся ў два этапы, і аднаго чалавека мы ўключылі двойчы — гэта таксама стала падставай для адмовы", — адзначыў Ус.

Ён падкрэсліў, што на момант фармавання ініцыятыўнай групы ўсе працэдуры праводзіліся ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам. "Калі б не незаконны ціск, калі б не перашкоды, усё было б добра", — упэўнены палітык.

"Было прынятае адміністрацыйнае і палітычнае рашэнне аб нерэгістрацыі групы, каб тыя, хто мае ўладу, мелі магчымасць кантраляваць выбарчую сістэму ў Беларусі", — дадаў Ус.

Ён мае намер інфармаваць міжнародную супольнасць "аб нежаданні ўладаў Беларусі дэмакратызаваць выбарчае заканадаўства".

"Цяпер, я думаю, усё будзе залежаць ад Еўропы і Расіі. ЕС выставіў патрабаванні, каб выбары прайшлі згодна са стандартамі АБСЕ — беларуская ўлада на гэта не згадзілася. Таму, я лічу, што Еўропа ўвядзе санкцыі адносна яшчэ некалькіх беларускіх прадпрыемстваў. З боку Расіі ў нас закрываецца "нафтавы афшор" і становіцца цяжэй гандляваць узбраеннямі. Я думаю, што гэта можа ў найбліжэйшы час адбіцца на эканоміцы краіны", — адзначыў Ус.

Экс-кандыдат пакуль не збіраецца працягваць работу па змяненні выбарчага заканадаўства, цяпер ён мае намер заняцца канцэпцыяй сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. "Займацца змяненнем выбарчага заканадаўства пакуль не будзем — гэтым будзе займацца Еўропа. Пачакаем паўгода, а там паглядзім на магчымасць вяртання да гэтай тэмы", — заявіў Дзмітрый Ус.

Трэба адзначыць, што неабходнасць змянення выбарчага заканадаўства была адной з галоўных ідэй перадвыбарнай праграмы Уса на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года. Яго ініцыятыўная група прапаноўвала ўнесці ў выбарчае заканадаўства наступныя папраўкі: даць кандыдатам у прэзідэнты і дэпутаты права на ўключэнне іх прадстаўніка ва ўчастковыя выбарчыя камісіі; абавязаць выбарчыя камісіі пры падліку галасоў выстаўляць на агляд назіральнікаў кожны бюлетэнь; даць права кожнаму члену ўчастковых камісій ставіць свае подпісы на выбарчых бюлетэнях.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства