Чаму ў Гарадку маўчаць пра выбары?
Ідзе ўжо трэці тыдзень, як краіна рыхтуецца да парламенцкіх выбараў, абвешчаных яшчэ 19 чэрвеня А. Лукашэнкам. Цэнтрвыбаркам прыняў каляндарны план выбарчай кампаніі і вызначыў межы выбарчых акругаў у Палату прадстаўнікоў па краіне, а таксама па Віцебскай вобласці. Неўзабаве мясцовыя ўлады мусяць вызначыцца са складам выбарчых камісій. Але афіцыйныя крыніцы інфармацыі ў Гарадку пра ўсё гэта маўчаць.
"Са старонак газеты “Гарадоцкі веснік” выбаршчыкі-чытачы не атрымалі ніякай інфармацыі аб выбарчай акрузе, да якой аднесены Гарадоцкі раён. На старонках газеты з’явіліся толькі перадрукоўкі з БЕЛТА аб пачатку кампаніі і аб тым, як будуць арганізаваны пяціхвілінныя выступы кандыдатаў на радыё і тэлебачанні", - паведамляе мясцовы незалежны сайт haradok.info.
Дагэтуль няма ніякай інфармацыі пра выбары і на афіцыйным сайце Гарадоцкага райвыканкама. Як ужо паведамляў сайт "Вясны", яшчэ 23 чэрвеня на сайтах райвыканкамаў Віцебшчыны мелася хоць нейкая інфармацыя пра выбарчую кампанію, прычым для яе была створана адмысловая рубрыка "Выбары" . Але – не на гарадоцкім сайце, дзе пра выбары няма ні слова і дагэтуль.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"