viasna on patreon

Дашкевіч кідае выклік сістэме

2012 2012-07-10T15:12:22+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У адказ на магчымае завядзеньне новай крымінальнай справы палітычна асуджаны Зьміцер Дашкевіч напісаў 10 ліпеня начальніку калёніі дакумант, які зьдзекліва назваў “яўка з павіннаю”.

Шостага ліпеня адміністрацыя папраўчай калёніі №13, дзе адбывае пакараньне лідэр МФ Зьміцер Дашкевіч, падала матэрыялы на ўзбуджэньне крымінальнай справы за “невыкананьне рэжыму калёніі” (ч. 1 арт411  ККРБ) у сьледчы камітэт РБ. Аб гэтым сёньня даведалася нявеста Зьмітра Наста Палажанка пасьля наведваньня калёніі №13 у Глыбокім.

Як стала вядома, Зьміцер Дашкевіч амаль адразу пасьля выхаду ў атрад быў зьмешчаны ў штрафны ізалятар тэрмінам на 13 сутак. Пазьней Дашкевіч даведаўся, што яму дадалі некалькі сутак зьняволеньня ў ізалятары нібыта за правапарушэньні, якія былі зьдзейсьнены раней. У адказ на магчымае завядзеньне новай крымінальнай справы Дашкевіч напісаў Адміністрацыі ПК-13 наступны дакумант.

Начальніку ПК-13

Яўка з павіннаю
Я, Дашкевіч Д.В., прызнаю сябе віноўным у тым, што сьвядома адмаўляюся выконваць некаторыя патрабаваньні адміністрацыі калёніі, якія лічу незаконнымі.
Каб спрасьціць працу правакатарам, агентам і сьледчаму камітэту, я адмаўляюся выконваць любыя патрабаваньні адміністрацыі любой калёніі ў якой я буду знаходзіцца.

Раю беларускім спэцслужбам асудзіць мяне на максімальны тэрмін, прадугледжаны арт. 411 КК РБ, пры гэтым рыхтуючы на мяне новыя крымінальныя справы ў кожнай новай калёніі.

Зьміцер Дашкевіч
10.07.2012

Калі Зьмітра Дашкевіча прызнаюць вінаватым па гэтым артыкуле, яму могуць дадаць да турэмнага тэрміну яшчэ год зьняволеньня. Нагадаем, Зьміцер Дашкевіч напярэдадні падзеяў Плошчы-2010 быў асуджаны на 2 гады і мусіць выйсьці на свабоду 18 сьнежня 2012 г.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства