Брэсцкія ўлады засакрэцілі факт зменаў умоваў правядзення масавых мерапрыемстваў
Толькі праз паўгады на афіцыйным сайце Брэсцкага гарвыканкама з’явілася інфармацыя пра рашэнне мясцовых уладаў, якім зменены парадак правядзення ў горадзе масавых мерапрыемстваў.
Яшчэ мінулай вясной брэсцкія праваабаронцы распачалі адмысловую кампанію пад назвай “Стоп 1210”, якая была скіравана на адмену рашэння гарвыканкама пад адпаведным нумарам "Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Брэсце".
Падставамі для пачатку кампаніі праваабаронцы палічылі тое, што нормы, якія ўтрымліваюцца ў гэтым дакуменце, супярэчаць беларускаму заканадаўству, міжнароднаму праву і пазбаўляюць магчымасці правядзення масавай акцыі.
Да прыкладу,
гаворка ішла пра неабходнасць пры падачы заявы аб правядзенні мерапрыемства
прыкласці да яе дамовы з органамі ўнутраных спраў, установай аховы здароўя і
камунальным прадпрыемствам. Прычым аплата па гэтых дамовах мусіць быць
праведзена яшчэ да пачатку мерапрыемства (інакш дазвол на правядзенне акцыі
анулюецца). У выніку пасля ўступлення ў сілу рашэння №1210 практычна ўсе
заяўленыя грамадзянамі, грамадскімі арганізацыямі ці структурамі палітычных
партый масавыя мерапрыемствы ў Брэсце былі забароненыя мясцовай уладай са
спасылкай на гэтыя нормы.
Праваабаронцы накіроўвалі свае звароты на гэты конт у розныя ўстановы і раптам
даведаліся, што 9 студзеня 2012 года было прынята новае рашэнне. Аднак на
інтэрнэт-старонцы гарвыканкама дакумент з’явіўся некалькі дзён таму.
Паводле
выпраўленых нормаў, аплочваць дамовы з міліцыяй, медычнай службай і
камунальнікамі трэба не напярэдадні масавай акцыі, а не пазней за 10 дзён пасля
яе правядзення.