«Верым! Можам! Пераможам!» - пад такой назвай выйшаў дакументальна-публіцыстычны зборнік матэрыялаў, прысьвечаных сакавіцкім падзеям гэтага году ў Беларусі
Зборнік “Верым! Можам! Пераможам!” – гэта кніга пра змаганьне, пра прагу пераменаў. Гэта спроба захаваць для гісторыі невялікі, але досыць важкі прамежак часу, калі беларускі народ зьяднаўся і прадэманстраваў жаданьне “людзьмі звацца”. Гэта таксама спроба адлюстраваць агульную карціну рэчаіснасьці вясны 2006 году, складзеную з асобных гісторый, падзеяў і фактаў. Гэта спроба данесьці да беларусаў тую праўду, якую замоўчваюць афіцыйныя крыніцы, праўду, якой улада баіцца.
Незаконнасьць удзелу ў выбарах Аляксандра Лукашэнкі, масавыя рэпрэсіі падчас выбарчай кампаніі напружылі атмасферу ў грамадзтве і падштурхнулі дэмакратычна настроеных грамадзянаў да правядзеньня шырокіх акцыяў пратэсту. Яны не прывялі да зьвяржэньня рэжыму, аднак крок да набліжэньня канца дыктатуры ў краіне быў зроблены: у Беларусі стала модным быць свабодным. “Зьмены прыйдуць непазьбежна, і гэта толькі справа часу. Беларускія грамадзяне, асабліва наша моладзь, хочуць жыць у дэмакратычным грамадзтве, дзе б шанаваліся правы кожнага чалавека, і дзе б урэшце запанавала сапраўдная СВАБОДА,” – сьцьвярджае ва ўступе да кнігі праваабаронца Алесь Бяляцкі.
Сярод аўтараў зборніка – непасрэдныя ўдзельнікі сакавіцкіх падзеяў, журналісты, грамадзка-палітычныя дзеячы, якія прайшлі праз судовы “канвеер” і адседзелі “суткі”. Асноўную частку выданьня складаюць арыгінальныя матэрыялы, выкарыстаныя таксама фотаздымкі і публікацыі з незалежных СМІ.
Пабачыць зборнік “Верым! Можам! Пераможам!” можна на сядзібе Партыі БНФ.
Для кожнага аўтара кніжкі падрыхтаваны асобнік. Можаце зьвяртацца па тэлефоне 231-08-44.