28 лістапада Вярхоўны Суд Беларусі разгледзіць пазоў Міністэрства юстыцыі да БХК
13 лістапада ў Вярхоўным Судзе Беларусі судзьдзя Ігар Бабкоў гутарыў з намесьнікам старшыні Беларускага Хельсінскага камітэту Алегам Гулаком і прадстаўніцай Міністэрства юстыцыі Людмілай Фішкінай. Гутарка папярэднічала аднаўленьню ў Вярхоўным Судзе разгляду пазову Міністэрства юстыцыі, якое патрабуе прыпыніць дзейнасьць грамадзкага аб’яднаньня БХК. Алег Гулак паведаміў Радыё Свабода: “Гэтая справа была прыпыненая ўлетку, у сувязі з тым, што мы падалі скаргу на пастанову прэзідыюму Вышэйшага гаспадарчага суду, які вырашыў, што БХК абавязаны сплаціць падаткі па праектах ТАCIS. І вось зараз абмяркоўвалася сітуацыя. Разгляд справы прызначаны на 28 лістапада а 10-й гадзіне”.
Сёлета ў чэрвені Міністэрства юстыцыі хадайнічала пра прыпыненьне дзейнасьці БХК на той падставе, што Хэльсінскі камітэт ня выплаціў 160 мільёнаў штрафаў і падаткаў з замежнай грашовай дапамогі. Праваабаронцы спрабавалі аспрэчваць выплату падаткаў паводле праграмы TACIS. Галоўным аргумэнтам у спрэчцы было ранейшае абяцаньне ўраду не абкладаць падаткам гэтую дапамогу Еўразьвязу.