viasna on patreon

Падрабязнасьці суду над брэсцкімі актывістамі

2006 2006-11-16T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

15 лістапада ў судзе Маскоўскага раену г.Брэста была разгледжаная адміністратыўная справа Андрэя Шарэнды, Кацярыны Бельскай, Юрася Боўбеля, Анатоля Ярмака і Ганны Берсан. Справу разглядала судзьдзя Сянько Руслана Альбертаўна. Праваабарончаму цэнтру “Вясна” сталі вядомыя падрабязнасьці судовага працэсу.

Справа ўзбуджаная па ч.1 арт.167-1 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэньнях, за парушэньне ўстаноўленнага парадка правядзеньня мітынгаў, вулічных шэсьцяў і т.п. Фактам парушэньня было правядзеньне 16 кастрычніка акцыі, якая была прысьвечаны Дню Салідарнасьці. На вуліцы былі затрыманыя некалькі чалавек, частка з якіх потым была прыцягнутая да адказнасьці. Рыхтаваў матэрыялы для перадачы ў суд супрацоўнік аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі старшы лейтэнант Тарасевіч Аляксандар Васільевіч, менавіта ён і ягоныя калегі пад ягоным кіраўніцтвам наведвалі, запрашалі, бралі тлумачэньні, складалі пратаколы, і запрашалі моладзь у суд. Яны ж інфармавалі кіраўніцтва па месцы працы і вучобы актывістаў. Справу рыхтавалі ў сьпешным парадку за некалькі дзён ад 11 па 14 лістапада, ёсьць мяркаваньне, што з “прафіляктычна-прэвентыўнай” мэтай – сарваць правядзеньне чарговага мерапрыемства апазыцыі 16 лістапада і папалохаць “неабыякавую” частку грамадзтва.

Суд быў прызначаны на 10 гадзін раніцы 15 лістапада, але пачаўся толькі ў 11. За гэты час супрацоўнікі суда і міліцыі спрабавалі “вызваліць” памяшканьне суда ад тых, хто прыйшоў падтрымаць маладых людзей. Але ў адказ на гэта ўсімі прысутнымі былі напісаны скаргі на імя старшыні суда. Пасьля гэтага ўсім дазволілі прысутнічаць.

На пачатку судовага разьбіральніцтва былі пададзены два хадайніцтвы: адно аб азнаямленьні са справаю (пададзена ад імя усіх удзельнікаў), і другое – аб уводзе ў працэс прадстаўніком Бельскай К. Вялічкіна У.А., апошняе хадайніцтва было адхілена. Для азнаямленьня са справай, было прадастаўлена паўгадзіны. Пасьля гэтага абвінавачаныя давалі тлумачэньні па справе. Толькі адзін з іх распавеў пра тое, што ладзілася акцыя, іншыя тлумачылі свае зьяўленьне на вул.Машэрава па-рознаму.

Пасьля ў якасьці сьведкаў былі запрошаныя міліцыянты, якія затрымлівалі маладых людзей, і бачылі іх ў апорным пункце. Такімі сьведкамі выступілі супрацоўнікі Маскоўскага РАЎС г. Брэста к-н Марозаў І.А., м-р Сыч Р.А., Галавейка І.І. (апрануты па-цывільнаму, публічна абмацаў работніцу суду чым вельмі яе абразіў, на што ягоныя прысутныя калегі адрэагавалі усьмешкамі (ст. л-т Тарасевіч Аляксандар Васілевіч), міліцыянер Саўчын У.У. Сьведчаньні міліцыянтаў розьніліся, ніхто зь іх дакладна ня мог распавесьці аб так званым “несанкцыянаваным мітынгу” (гэты тэрмін сустракаўся ў некаторых зь іх). Да таго ж, судзьдзя неаднаразова задавала наводзячыя пытаньні, на якія сьведкі ўсе роўна не маглі дакладна адказаць.

У сваіх выступах адвакаты Шарэнды А. і Берсан Г. спрабавалі абвергнуць доказы, прадстаўленыя міліцыяй.

Уважліва заслухаўшы апошняга адваката, судзьдзя без перапынку на разважаньні, абвесьціла пастанову аб накладаньні штрафа на кожнага абвінавачанага “на прыбытак дзяржавы”:

• Ярмак Анатоль – 30 базавых адзінак;

• Берсан Ганна - – 20 б.а.;

• Боўбель Юрась – 20 б.а.;

• Бельская Кацярына – 20 б.а.;

• Шарэнда Андрэй – 50 б.а.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства