Сёньня судзяць Станіслава Пачобута
Сёньня, 17 лістапада, грамадзкага актывіста Станіслава Пачобута даставілі ў Ленінскі раённы суд Горадні, паведаміла Радыё Свабода. Яго вінавацяць у дробным хуліганстве.
Судзьдзя Дзьмітры Мацяюк пачаў разгляд справы ў сваім кабінэце, не дазволіўшы прысутнічаць пры гэтым брату Станіслава Андрэю Пачобуту.
Працяг разгляду справы прызначаны на 15.30. Да вызначанага часу Станіслава Пачобута вызвалілі, узяўшы падпіску, што ён зьявіцца ў суд.
Станіслаў Пачобут лічыць сваё затрыманьне правакацыяй. Учора група моладзі мелася запаліць сьвечкі з нагоды Дня салідарнасьці. Ажыцьцявіць задуму перашкодзілі міліцыянты. Станіслава Пачобута затрымалі супрацоўнікі МУС, сьцьвярджаючы, што той спраўляў патрэбу на вуліцы. Мінулую ноч спадар Пачобут правёў у міліцэйскім ізалятары.
Апошнім разам Станіслава Пачобута затрымлівалі ў сакавіку на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Тады яго арыштавалі на 10 сутак.