viasna on patreon

Вярхоўны Суд стаў на абарону суддзі, якая парушыла тэрміны разгляду скаргі Валянціна Стэфановіча

2012 2012-07-18T13:47:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vyezd-admova.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Вярхоўны Суд Беларусі, куды звярнуўся праваабаронца Валянцін Стэфановіч са скаргай на дзеяньні суддзі Цэнтральнага раёна Менска Алены Сямак, не зайшоў падстаў для ўзбуджэньня дысцыплінарнай вытворчасьці ў дачыненьні да суддзі.

Алена Сямак амаль чатыры месяцы не змагла прызначыць дату судовага паседжаньня па скарзе праваабаронцы на дзеяньні Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, па рашэньні якога праваабаронцу быў абмежаваны выезд за межы Беларусі.

Нагадаем, што 4 траўня Валянцін Стэфановіч накіраваў на імя старшыні Менскага гарадскога суда заяву пра грубейшае парушэнне заканадаўства з боку суддзі Цэнтральнага раёна Алены Сямак, якая зацягвае разгляд скаргі невыязнога праваабаронцы, на якую атрымаў фармальную адпіску. Затым ён звярнуўся ў Вярхоўны Суд.

У адказе з Вярхоўнага Суду, які атрымаў Валянцін Стэфановіч, паведамляецца, што “сапраўды, Вашу скаргу на дзеяньні дзяржаўнага органа суддзя Цэнтральнага раёна Менска Алена Сямак ва ўстаноўлены працэсуальным  законам тэрмін не разгледзела. Аднак, гэтаму меліся аб’ектыўныя прычыны…”

Яшчэ 26 чэрвеня праваабаронца патэлефанаваў у канцылярыю суду Цэнтральнага раёна, каб даведацца,ці вызвалілася суддзя Алена Сямак, якая раней не змагла прызначыць дату судовага паседжаньня па прычыне выключнай занятасьці. У адказ пачуў, што суддзя Сямак, разам з сакратаркай, знаходзіцца ў адпачынку да 13 ліпеня. Вось і ўсе тут аб’ектыўныя прычыны.

У той жа час, з ліста Міністэрства юстыцыі, які Стэфановіч атрымаў у адказ на свой зварот ад 26 чэрвеня вынікае, што хаця “падстаў для прыцягнення суддзі Сямак Мінюстам не выяўлена”, тым не меней “вырашана не прадстаўляць суддзю Сямак да прэміраваньня па выніках работы за чэрвень 2012 года”.

За гэты час Дэпартамент па грамадзянству і міграцыі  Міністэрства ўнутраных спраў  прызнаў сваю памылку аб унясеньні праваабаронцы Валянціна Стэфановіча ў базу дадзеных грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якім часова абмежаванае права выезду з Рэспублікі Беларусь, спаслаўшыся пры гэтым на тэхнічны збой у базе дадзеных. Аднак Стэфановіч па-ранейшаму не зможа пакінуць межы краіны да завяршэньня праверкі базы дадзеных. Спадзяваньні на судовы разгляд скаргі, як бачна, таксама ілюзорныя. Тым больш, суд па скарзе праваабаронцы, які быў прызначаны на 16 ліпеня, перанесены на 20 ліпеня, паколькі ў суд не з’явіліся прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, па віне якіх Стэфановіч патрапіў у спісы невыязных.

Даведка: Згодна з ч.1 арт. 337 ГПК Рэспублікі Беларусь справы, якія ўзнікаюць з адміністратыўна-прававых адносін, разглядаюцца судом не пазней месячнага тэрміну ад дня паступлення заявы ў суд, калі іншае не ўстаноўлена дадзеным Кодэксам і іншымі актамі заканадаўства.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства