Прафсаюзы Гомельскай вобласьці выступаюць за абмежаваньне кантрактнай сістэмы
Па звесткапх Радыё Свабоды, у Гомельскай вобласьці распачаўся запіс прыхільнікаў абмежаваньня кантрактнай сістэмы. Усе яны ўвойдуць у ініцыятыўную групу, якую стварае Беларускі незалежны прафсаюз працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці з мэтай рэалізацыі заканадаўчай ініцыятывы грамадзянаў.
Група наважана сабраць 50 тысячаў подпісаў і патрабаваць ад парлямэнту ўнясеньня зьменаў у Працоўны кодэкс у частцы абмежаваньня кантрактаў, а заадно й ратыфікацыі Канвэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы №158 наконт немагчымасьці гвалтоўнага спыненьня зь людзьмі працоўных стасункаў.
Прадстаўнік незалежнага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці ў рэгіёне Віктар Казлоў паведаміў: “У Гомельскай вобласьці ў гэтую ініцыятыўную групу ўвайшлі ўжо больш за трыццаць чалавек. Гэта працаўнікі прадпрыемстваў, грамадзкія актывісты. кіроўцы маршрутных таксовак, аўтобусаў – тыя людзі, якія занепакоены сваім лёсам пасьля спыненьня кантрактаў. Нельга на прадпрыемствах цярпець пагалоўныя кантракты, імі проста карыстаюцца начальнікі, каб расправіцца з няўгоднымі працаўнікамі”.