Стваральніка незалежнага сайта дапыталі "пра распаўсюд парнаграфіі"
17 ліпеня ў Ігара Казмерчака, стваральніка і рэдактара сайта orsha.eu, правялі два ператрусы, забралі сістэмны блок ад кампутара, дзве флэшкі і 3G мадэм.
Усё гэта здарылася праз пару дзён пасля таго, як ён зарэгістраваўся назіральнікам за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў у межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
«Калі прыйшлі аглядаць кватэру маіх бацькоў па вуліцы Магілёўскай у Воршы і маю ўласную па вуліцы Чырвонагвардзейскай, то сказалі, што ў мяне нейкія праблемы з сайтам. Потым заявілі, што на orsha.eu заўважылі спасылку на сайт парнаграфічнага зместу. Я не валодаю ў дастаковай ступені рознымі камп’ютарнымі тэхналогіямі, каб адказаць, ці магло такое здарыцца. Тым больш, што зараз ніякіх спасылак на порнасайты ў нас няма, а міліцыянты кажуць, што гэта было заўважана раней. Чаго тады адразу не прыйшлі з ператрусам? Відаць, таму, што тады яшчэ было далёка да выбараў», - кажа Ігар Казмярчак.
Ен не выключае, што пэўныя структуры дужа цікавіць інфармацыя з яго камп’ютара, таму і была прыдумана зачэпка з "распаўсюдам парнаграфіі".
Сайт orsha.eu існуе ўжо некалькі гадоў. На ім публікуюцца навіны рэгіёну, у тым ліку і матэрыялы пра дзейнасць мясцовых недзяржаўных суполак і апазіцыйных партый. У ліку апошніх паведамленняў – інфармацыя пра збор матэрыялаў, звязаных з месцам расстрэлу ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў на Кабыляцкай гары пад Воршай, пра заплнаваны на 4 жніўня пікет у падтрымку Алеся Бяляцкага, апытанне «Што вы будзеце рабіць у дзень выбараў 23 верасня?»