Рука руку мые?
Некалькі гвалтоўна затрыманых пад час сустрэчы з экспертам па праблемах атамнай энергетыкі Георгіем Лепіным у Менску маладых людзей паскардзіліся ў пракуратуру на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі. Праверку ж па скаргах праводзіць Завадскі раённы аддзел Следчага камітэта.
Нагадаем, каля стадыёна «Трактар» у Менску 27 траўня супрацоўнікі міліцыі затрымалі групу моладзі, якая сустракалася з доктарам тэхнічных навук, спецыялістам па праблемах атамнай энергетыкі Георгіем Лепіным. Дваццаць адзін чалавек патрапіў ў Маскоўскі РУУС. Да некаторых ужывалі фізічны гвалт, пагражалі скласьці пратаколы і пасадзіць “на суткі”. Пазней, пасьля працэдуры дактыласкапіі ўсіх адпусцілі.
Высветлілася, што следчыя, асабліва не мудрагелячы, вырашылі дапытаць саміх затрыманых. Напрыклад, пад час апытаньня аднаго з затрыманых 27 траўня, сьледчы Аляксандр Рабізаў замест высвятленьня абставінаў затрыманьня і супрацьпраўных дзеяньняў супрацоўнікаў міліцыі, стаў дапытвацца аб тым, хто дапамагаў складаць скаргі ў пракуратуру, ці зьяўляецца ён сябрам якой-небудзь палітычнай партыі ці арганізацыі, каго з затрыманых у той дзень дваццаці чалавек ён ведае, як ставіцца да без’ядзернай энергетыкі і г.д.
Яшчэ адна дзяўчына з затрыманых, таксама
падзялілася сваімі ўражаньнямі пасьля сустрэчы са сьледчым Завадскога раённага
аддзела Следчага камітэта: “Дзіўнае пачуцьцё, калі
ты сядзіш і размаўляеш са следчым у тым жа
будынку, дзе нас трымалі пасьля затрыманьня, здавалася часам, што вось зараз
зойдзе адзін з тых
амапаўцаў і скажа "Прывітаньне, як справы?"
Уражаньне ад размовы са сьледчым засталося
нядобрае: яго цікавіла тое, ці ведаю я каго-небудзь
з затрыманых, як патрапіла на мерапрыемства. Было бачна, што сьледчы
і не плануе разабрацца ў факце грубага затрыманьня”.
Праваабаронцы звязваюць такое стаўленьне да заяў аб неправамоцных дзеяньнях супрацоўнікаў органаў унутраных спраў альбо Следчага камітэта з тым, што праверкі па гэтых заявах зараз праводзяць сам Следчы камітэт. Ён жа і прымае рашэньне аб узбуджэньні крымінальнай справы або аб адмове ва ўзбуджэньні. Раней такім правам была надзеленая пракуратура, што давала заяўнікам надзею на тое, што пры праверцы і прыняцьці рашэньня аб узбуджэньні крымінальнай справы ведамасныя інтарэсы не будуць мець вызначальнай ролі.