viasna on patreon

У Магілёве звольнілі з працы аўтара здымкаў пра расталы маргарын

2012 2012-07-27T15:35:26+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/margaryn.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Уладзімір працаваў простым грузчыкам на магілёўскім хлебзаводзе №4. За сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю і палітычную дзейнасць актывіст меў некалькі размоваў з адказным за ідэалогію на заводзе сп. Драздом, які прапаноўваў яму альбо стаць на шлях ісціны, альбо звольніцца па ўласнаму жаданню.

Пасля таго, як у інтэрнэце з’явіліся фотаздымкі з расталым маргарынам і сапсаванымі дражджамі кіраўніцтва прадпрыемства адразу западозрыла ў гэтым Уладзіміра Трызунова і пачала шукаць магчымасць расправіцца з “неблаганадзейным” чалавекам.

Такая магчымасць з’явілася ў панядзелак, 23 ліпеня. Тады старэйшы майстар Вольга Віжэніс папрасіла Ўладзіміра выйсці на працу ў сераду замест аўторка, бо з яе словаў адзін з грузчыкаў пайшоў у запой і яго неабходна падмяніць. Ніякіх пісьмовых загадаў Уладзімір не падпісваў.

Рабочы без усялякіх дрэнных думак пагадзіўся на гэта і прыйшоў на працу ў сераду.

У гэты дзень яго выклікалі ў кабінет дырэктара сп.Скрынніка, дзе была начальніца цэха Ірына Канстанцінава і галоўны інжынер завода, якія пачалі распытваць у рабочага дзе ён знаходзіўся ў аўторак, 24 ліпеня, то бок чаго яго не было на працы.

Уладзімір напісаў тлумачальную запіску, дзе расказаў пра тое, што яго старэйшы майстар папрасіла яго выйсці на працу ў іншы дзень.

“Дырэктар сказаў мне каб я ішоў дамоў і загадаў паставіць мне дзве гадзіны адпрацоўкі. Калі ж я прыйшоў на працу ў пятніцу, 27 ліпеня, то мяне не хацелі пускаць на прадпрыемства – забралі пропуск і мабільны тэлефон. Пусцілі толькі тады, калі выйшаў да мяне дырэктар сп. Скрыннік. Ён загадаў прапусціць мяне і запрасіў на размову ў свой кабінет. Там ён паведаміў мне, што я звольнены па артыкулу за прагул і апроч таго дэпрэміраваны на 100%”, - кажа Ўладзімір Трызуноў.

Сваё звальненне актывіст БНФ лічыць неправамерным і збіраецца абскарджваць яго ў суддзе.

“Нараканняў па працы я не меў – не піў, не прагульваў, працаваў сумленна. Некаторыя днямі ў запоях і кіраўніцтва заплюшчвае на гэта вочы, а як толькі з’явіцца на працы чалавек дэмакратычных перакананняў – дык з ім адразу шукаюць магчымасць расправіцца. Я толькі хацеў, каб нашыя людзі бачылі, што адбываецца на хлебзаводзе №4 і тры разы падумалі пра тое, што яны ядуць і ў якіх умовах вырабляюцца і захоўваюцца інгрыдыенты, з якіх вырабляецца пячэнне, хлеб і квас.

Зробленыя мной фотаздымкі – гэта ганьба ўсёй харчовай прамысловасці Беларусі. Ніякія інвестыцыі не дапамогуць выратаваць галіну, пакуль ў галовах кіраўнікоў, кшталту генеральнага дырэктара “Магілёўхлебпрама” Наталлі Падлесных, будзе “саўгаснае мысленне”. Ніякія італьянскія лініі коштам у 1,2 млн еўра не палепшуць якасць вырабу пячэння, пакуль не будзе комплекснага, гаспадарчага падыходу да тэхналагічнага працэсу. Для працы не патрэбна нейкая ідэалогія, а патрэбны добры заробак і чалавечае стаўленне да людзей з боку кіраўніцтва”, - працягвае Ўладзімір Трызуноў.

Нагадаем, што Ўладзімір Трызуноў адпрацаваў у якасці грузчыка на Магілёўскім Хлебзаводзе №4 амаль чатыры месяцы.

 

Фота: Еўрарадыё

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства