Вышэйшы гаспадарчы суд разгледзеў апошні пазоў прадпрыемства “Марат”, якое выдае “Белорусскую деловую газету” і дадатак да яе “Для служебного пользования”. Загады Міністэрства інфармацыі аб прыпыненьні выданьня абедзьвюх газэтаў на тры месяцы пакінутыя ў сіле. (Паводле Радыё Свабода)
Выдавецкае прадпрыемства “Марат” абскарджвала загад Мінінфарму ад 28 траўня прыпыніць выданьне газэты “БДГ. Для служебного пользования” за публікацыю артыкулаў “Сыстэма ахвяраў ня лічыць” пра самазабойства былога міністра транспарту Аляксандра Лукашова і “Магічны крышталь” пра махінацыі на менскім гарэлачным заводзе.
Папярэджаньне за апошні артыкул літаральна за суткі да гэтага судовага працэсу было часткова скасаванае, і прадстаўнікі “БДГ” спадзяваліся, што загад Міністэрства інфармацыі будзе адменены. Тым больш што на паседжаньні суду юрыст прадпрыемства “Марат” Сяргей Пратасавіцкі зноў заявіў, што рэдакцыя сваёй пазыцыі не зьмяніла: цяперашні міністар транспарту Міхаіл Баравы на пахаваньні свайго папярэдніка спадара Лукашова адсутнічаў, хаця менавіта за гэтую інфармацыю і было вынесенае папярэджаньне.
Адсутнасьць спадара Баравога засьведчылі два журналісты “БДГ”, гэта маглі пацьвердзіць і сваякі нябожчыка. Але ў судзе зачыталі ліст першага намесьніка міністра транспарту, які напісаў, што ягоны шэф на пахаваньні быў. Для судзьдзі Мікалая Пазычука гэтага было дастаткова.
Судзьдзя Пазычук у пазове супраць Міністэрства інфармацыі адмовіў. Гэта значыць, што абодва загады Мінінфарму аб прыпыненьні выданьня “БДГ” і яе дадатку будуць дзейнічаць да канца жніўня.
Нагадаем, што тры справы “Белорусская деловая газета” ў Вышэйшым гаспадарчым судзе прайграла — гэтыя справы тычыліся папярэджаньняў Міністэрства інфармацыі за артыкулы “БДГ” пра выкарыстаньне прэзыдэнцкага самалёту і пра суд над экс-дырэктарам Менскага трактарнага заводу Міхаілам Лявонавым, мільёны даляраў на замежных рахунках якога дагэтуль, як пісала “БДГ”, ня можа знайсьці пракуратура.
Загад аб прыпыненьні выпуску “БДГ” на тры месяцы застаецца ў сіле, як і тры аналягічныя загады аб прыпыненьні іншых выданьняў прадпрыемства “Марат” — “Эхо”, “Предпринимательская газета”, “БДГ. Для служебного пользования”. Але загад наконт апошняй будзе 10 ліпеня разглядаць той жа Вышэйшы гаспадарчы суд.