БХК патрабуе правесьці праверку фактаў фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі
У сувязі з заявай Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што апошнія прэзідэнцкія выбары былі сфальсіфікаваныя, РГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт” (БХК) лічыць неабходным правядзенне поўнага і галоснага расследавання кампетэнтнымі органамі і прыцягнення вінаватых да адказнасці. Аб гэтым гаворыцца ў распаўсюджанай заяве прэс-службы БХК. “З заявы А.Лукашэнкі выцякае, што ён асабіста паўплываў на скажэнне вынікаў галасавання, што пацвярджаюць высновы БХК па выніках незалежнага назірання за выбарамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, – адзначае прэс-служба БХК.
Разам з тым, канстатуюць у праваабарончай арганізацыі, “матываваная скарга БХК аб прызнанні выбараў несапраўднымі была пакінутая без задавальнення Цэнтральнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў”. Вярхоўны суд, куды БХК звярнуўся са скаргай аб адмене пастановы ЦВК як пазапраўнай і прызнанне выбараў несапраўднымі, таксама адмовіў ва ўзбуджэнні справы.
“Усё гэта сведчыць аб наўмысным характары дзейнасці службовых асоб, якія падпадаюць пад прыкметы саставаў злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 191, 192, часткі 3 артыкула 426 Крымінальнага кодэкса, – гаворыцца ў заяве. – Разам з гэтым незалежна ад вынікаў пракурорскага рэагавання на неабходнасць узбуджэння крымінальнай справы пытанне аб легітымнасці знаходжання А.Лукашэнкі на пасадзе прэўідэнта Рэспублікі Беларусь пастаўленае пад сумненне”.
Нагадаем, 23 лістапада падчас прэс-канферэнцыі Лукашэнка заявіў украінскім журналістам, што вынікі галасавання былі сфальсіфікаваныя ў карысць ягоных апанентаў. “Апошнія выбары мы сфальсіфікавалі, я ўжо заходнікам гэта казаў, – сказаў ён. – За прэзідэнта Лукашэнку прагаласавала 93,5 працэнтаў. Гавораць, гэта не еўрапейскі паказчык. Мы зрабілі 86. Гэта праўда было. І калі зараз пачаць пералічваць бюлетэні, то я не ведаю, што з імі рабіць наогул. Да выбараў нам гаварылі, што калі будуць прыкладна еўрапейскія паказчыкі на выбарах, то мы вашыя выбары прызнаем. Мы збіраліся зрабіць еўрапейскія паказчыкі. Але таксама, бачыце, не атрымалася”.