viasna on patreon

Суд не задаволіў скаргу Алега Гулака

2012 2012-08-02T12:10:11+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Беларускі Хэльсынскі камітэт» Алег Гулак дамагаўся, каб суд прызнаў незаконнымі дзеяньні Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства юстыцыі, якія зрабілі яго невыязным з краіны. Прадстаўнікі міністэрстваў не прызналі скаргі і прасілі суд яе не задавальняць.

Падчас спрэчак выступілі Алег Гулак, яго прадстаўнік — праваабаронца Гары Паганяйла, а таксама прадстаўнік Мін’юсту, які ў судзе не называў журналістам свайго прозьвішча, і прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў Аляксей Бягун, начальнік Дэпартамэнту міграцыі і грамадзянства.

Да судовых спрэчак прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Віктар Зелаў прадставіў суду дзьве даведкі, а прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў падаў інфармацыю пра тое, як правяраўся і выпраўляўся тэхнічны збой у інфармацыйнай сыстэме банку дадзеных.

Аляксей Бягун сказаў, што гэта закрытая інфармацыя, і папрасіў суд яе не агалошваць. З гэтай інфармацыяй азнаёміліся толькі судзьдзя, Алег Гулак і яго прадстаўнік.

Калі вяліся судовыя спрэчкі, Алег Гулак заявіў, што цалкам атрыманыя доказы таго, што дзяржаўныя органы незаконна зьмясьцілі яго ў базу дадзеных і абмежавалі яго права на выезд. Ён адзначыў, што хоць у судзе і не змаглі выявіць, хто дакладна гэта зрабіў, але тое, што гэта было зроблена, нават Міністэрства ўнутраных спраў прызнала.

Алег Гулак адзначыў, што законных падстаў абмяжоўваць яго права на выезд не было, і Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства юстыцыі абавязаныя несьці адказнасьць за свае дзеяньні. Таксама старшыня БХК адзначыў, што памылку ў разумныя тэрміны ня выправілі і пасьля звароту ў суд ён мусіў ажно 5 месяцаў дамагацца, каб яго выкрасьлілі з гэтай базы дадзеных.

Паводле Гулака, гэта адбылося з дыскрымінацыйных прычын. Ён прывёў у якасьці прыкладу тое, што яшчэ 17 чалавек, якія вядомыя сваёй палітычнай, апазыцыйнай дзейнасьцю, — вядомыя праваабаронцы, адвакаты, журналісты, — таксама аказаліся ўнесеныя ў гэты сьпіс.

Гулак прапанаваў далучыць да матэрыялаў справы таксама сьпіс з 17 асобаў, якім быў забаронены выезд за мяжу. Але прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства юстыцыі запярэчылі, і гэты сьпіс ня быў далучаны да справы.

​​Праваабаронца Гары Паганяйла адзначыў, што юрыдычна ўстаноўлены факт таго, што Алег Гулак быў у сьпісе невыязных і з гэтага сьпісу выкрасьлены, — і гэта прызнаюць Міністэрства ўнутраных спраў і Мін’юст. Такім чынам, ён лічыць даказанай віну гэтых ведамстваў і лічыць неабходным прызнаць скаргу Гулака.

Потым з кароткімі словамі выступілі Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства юстыцыі. Довады прадстаўніка Міністэрства юстыцыі: калі б Алега Гулака з дыскрымінацыйных прычын унесьлі ў сьпіс невыязных, дык яго б адтуль ня выкрасьлілі. Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі таксама абвяргае, што Мін’юст даваў нейкія зьвесткі на Алега Гулака і што ў іх ёсьць нейкая база дадзеных на апазыцыйных палітыкаў.

Аляксей Бягун прызнаў у спрэчках, што сапраўды быў факт тэхнічнага збою, празь які ў сьпісах невыязных апынуўся Алег Гулак. Але, паводле Бегуна, у гэтым банку дадзеных агулам знаходзяцца каля 100 000 чалавек, і толькі 50 чалавек апынуліся там памылкова. Аляксей Бягун лічыць, што гэта вельмі маленькі адсотак, які сьведчыць насамрэч пра эфэктыўнасьць сыстэмы. Прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў сказаў, што пасьля гэтых разборак Алег Гулак быў выкрасьлены са сьпісу невыязных, і дзякуючы гэтаму факту сыстэму ўдалося паправіць, і цяпер яна дзейнічае.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства