Сустрэчы салідарнасьці Алеся Бяляцкага: Натальля Эсьцемірава
4 чэрвеня 2012
Бабруйск
З праваабаронцай з Чачні Натальляй Эсьцеміравай я бачыўся адзін раз у Тбілісі,
у Грузіі. Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека даўно планавала там
рэгіянальны семінар для праваабарончых арганізацыяў з постсавецкіх краінаў. Але
паміж Расіяй і Грузіяй здарылася вайна. Грузіны абстралялі Цхінвалі, а пад
Тбілісі лёталі расійскія самалёты. Мы прыехалі ў Тбілісі праз два месяцы пасьля
гэтай ганебнай вайны. Грузінскія грамадскія арганізацыі задыхаліся ад праблемаў,
якія нечакана зваліліся на краіну і на іх. Акупаваньне тэрыторыі, дзесяткі
тысячаў бежанцаў, зьніклыя бязь вестак, несправядліва асуджаныя, “шпіёны” і
“дэзерціры”, адным словам, вайна паказала свой цалкам непрывабны твар, яна
легла цяжарам на плечы ўсяго народу. Такім чынам, нашая міжнародная канферэнцыя
мела яшчэ і характар сімвалічнай падтрымкі простага народу, грамадзянаў, але ж
не палітыкаў, якія сваімі безразважнымі дзеяньнямі давялі да вайны.
І вось распачалася, пайшла канферэнцыя. З расійскіх праваабаронцаў быў хіба што адзін чалавек, іншых мы пасьцерагліся запрашаць, бо не вядома, як грузінскія ўлады адрэагавалі бы на іхні прыезд. Шмат выступалі прадстаўнікі грузінскіх арганізацыяў. Мы далі магчымасьць ім выказацца, і гаварылі яны ў асноўным пра трагічныя наступствы вайны. А затым Уча Нануашвілі, кіраўнік грузінскай праваабарончай арганізацыі, сябра FIDH і нашага партнёра па ладжаньні семінару, некуды зьнік на некалькі гадзінаў і зьявіўся ўжо толькі пасьля абеду. Аказалася, ён езьдзіў на мяжу па Натальлю Эсьцеміраву, якая надоўга застрала там з сваім расійскім пашпартам. Яе не хацелі пускаць і яна, стаміўшыся стаяць у аўтамабільнай чарзе і раззлаваўшыся, вырашыла вяртацца назад у Грозны. Але прыехаў Уча і, пасьля васьмі гадзінаў стаяньня, яе ўрэшце прапусьцілі.
Натальля ў першы дзень так і не паказалася, прыходзіла ў сябе пасьля дарогі. На другі дзень яна брала ўдзел у канферэнцыі. Сядзела за авальным сталом, выступала. Я дакладна ўжо ня памятаю, пра што яна гаварыла, але гаварыла пра Чачню, пра неабмежаваную ўладу Рамзана Кадырава, якому Масква дала ясак на праўленьне, пра пазазаконныя зьнікненьні людзей, якія там працягваліся, пра перасьлед сваякоў і родных тых чачэнцаў, якія пайшлі ў лес, пра ўзровень страху ў неабароненым законам грамадстве. Але найбольш мне запомнілася яе суровае аблічча з рэзкімі рысамі твару. Усё, што яна гаварыла, мела ўнутранае трагічнае напружаньне. Яна не дазволіла сабе расслабіцца ні на хвіліну. Саша Кулаева, якая пастаянна кантактавала з ёй, сказала, што апошнім часам былі прамыя пагрозы ў бок Натальлі ад “невядомых”. Рамзан Кадыраў, выступаючы, таксама пагражаў ёй, назваў яе несапраўднай чачэнкаю, таму што яна выступіла супраць ягонай ініцыятывы апрануць на ўсіх чачэнак, па мусульманскім звычаі, хусткі. Натальля адкрыта хадзіла па Грозным з непрыкрытаю галавою. Пагрозы сыпаліся, як дождж, і некалькі месяцаў яна знаходзілася за мяжою, але потым ізноў вярнулася дадому. Натальля атрымала некалькі міжнародных прэміяў як праваабаронца і як журналістка, але вось ці здолеюць гэтыя прэміі яе абараніць – у голасе Сашы былі надзея і сумненьне адначасова. Мы віталіся з Натальляй, але ніякіх больш блізкіх размоваў я з ёй не пачынаў. Энэргія трывогі і небясьпекі зыходзіла ад яе і не давала магчымасьці гаварыць на больш простыя і спакойныя тэмы.
Тбілісі, нягледзячы на нядаўнюю вайну, сьвяціўся ўвечары, як калядная ёлка, гулка грымела хуткая Кура. Мы з Уладзем Лабковічам лазілі на гару, да развалінаў нейкай старажытнай цьвярдыні, затым хадзілі ў ня меньш старажытныя турэцкія лазьні, шыльда на якіх паведамляла, што ў іх мыўся яшчэ сам А.С. Пушкін, і дзе вялізны чырвоны баншчык па-садысцку выварочваў мае суглобы, як у батлеечнай лялькі. Затым мы каштавалі густое, цёмнае і цяжкае, як кроў, грузінскае хатняе віно.
“Гэта цяжка зразумець, пакуль не перажывеш сам”, - неаднойчы чуў я гэты выраз ад людзей, якія перажывалі нейкія трагічныя ці драматычныя падзеі ў сваім жыцьці. Зараз такое, мабыць, магу і я сказаць адносна майго зьняволеньня. Але цяжкасьці і пакуты несувымерныя ў сьвеце. Заўсёды трэба памятаць, што ёсьць той, хто церпіць больш за цябе.
Праз некалькі месяцаў пасьля нашага семінару невядомыя асобы схапілі Натальлю Эсьцеміраву каля пад’езду яе дому і запіхнулі ў машыну, у гэты ж дзень яе знайшлі забітай, застрэленай на ўзбочыне дарогі па-за Грозным. Забойцаў Натальлі “не знайшлі” і дасюль.
А ў наступным лісьце я
распавяду, як я езьдзіў у Маскву на суд Кадырава супраць Арлова.
* Лісты да публікацыі падрыхтавала іх адрасатка Ірына
Пракопчык
Чытайце таксама:
Сустрэчы
салідарнасьці Алеся Бяляцкага: Азімжон Аскараў