2 сьнежня лік прыхаджанаў парафіі Найсьвяцейшай Панны Марыі Вострабрамскай у Гародні, якія галадаюць, каб атрымаць дазвол уладаў на пабудову касьцёлу, узрос да 15 чалавек
Паводле настаяцеля айца Аляксандра Шэмета, удзельнікі галадоўкі „маюць намер трымацца да апошняга”: "Яны ведаюць, што маюць поўнае права такім чынам выказваць пратэст, а ўнутраная духоўная сіла дапаможа ім у гэтым," — адзначыў а. Шэмет карэспандэнту радыё "Рацыя".
Галадоўка пачалася 1 сьнежня. Разам з ксяндзом яе аб’явілі 11 жанчынаў ва ўзросьце ад 39 да 79 гадоў — яны намераны працягваць свой пратэст датуль, пакуль улады не дадуць ім пісьмовы дазвол на будаўніцтва касьцёлу. 2 сьнежня да акцыі пратэсту яшчэ далучыліся вернікі. Паводле прыхаджанаў, на працягу амаль дзевяці гадоў парафія ня можа атрымаць дазвол на ўзьвядзеньне храму па вуліцы Рэпіна.
Цяпер парафія, якая налічвае больш за 8 тыс. прыхаджанаў, распараджаецца невялікай цаглянай капліцай сьв.сьв. Пятра і Паўла ды драўлянай капліцай на 300 вернікаў.