viasna on patreon

Сустрэчы салідарнасьці Алеся Бяляцкага: Алег Арлоў

2012 2012-08-06T23:32:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/arlou-pikiet-0.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алег Арлоў у пікеце за вызваленне Алеся Бяляцкага ў Маскве

Алег Арлоў у пікеце за вызваленне Алеся Бяляцкага ў Маскве

6 чэрвеня 2012
Бабруйск

 

Пасьля забойства праваабаронцы і журналісткі з Чачні Натальлі Эсьцеміравай кіраўнік расійскай праваабарончай арганізацыі “Мемарыял” Алег Арлоў абвінаваціў у гэтым Рамзана Кадырава, кіраўніка-дыктатара Чачні, які адкрыта пагражаў ёй. [Натальля Эсьцемірава зьяўлялася супрацоўніцай прадстаўніцтва ПЦ “Мемарыял” у Грозным – рэд. ] Рамзан Кадыраў пакрыўдзіўся і падаў на Арлова ў суд. Суд праходзіў у Маскве. Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека шмат гадоў супрацоўнічала з “Мемарыялам” – вядучай расійскай праваабарончай арганізацыяй. FIDH заўсёды з трывогаю назірала за поўным занядбаннем правоў чалавека ў Чачні, дзе да апанентаў улады, іх сваякоў, праваабаронцаў ужываліся незаконныя метады гвалту. Афіцыйная Масква прыкрывала “свавольства”, а больш дакладна сказаць – злачынствы, чачэнчкіх уладаў, якія, як сьцьвярджалі чачэнскія праваабаронцы, мелі прамое дачыненьне да зьнікненьняў людзей, падпалаў дамоў сваякоў чачэнскіх партызанаў, катаваньняў затрыманых. Таму гэты суд набыў сімвалічнае значэньне. На першае судовае паседжаньне ў якасьці назіральніка і для маральнай падтрымкі Алега Арлова і ўсіх расійскіх праваабаронцаў з Парыжу прыляцела прэзідэнт FIDH Суэр Белхасен. Наступнае паседжаньне суду прызначылі праз тыдзень, і ў Маскву дакладна з такімі ж мэтамі паехалі я і Уладзь Лабковіч.

Была восень 2009-га году. У Маскву мы патрапілі позна ўвечары, пакуль дабраліся да гатэлю, ужо была поўнач. Аказалася, што нам далі ня той адрас гатэлю, мы патрапілі ў хостэл, дзе юціліся замежныя студэнты, якія бадзяжнічалі па Расіі і якім трэба было за нядорага перабыць у Маскве ноч. Пасьля доўгіх угавораў нам прапанавалі лепшы ў хостэле пакой па двайным кошце, у якім рама вакна не была замацаваная ў ваконным праёме і халодны вецер сьвістаў па кутах. Мы выпілі 200 грамаў няякаснага расійскага каньяку, купленага ў “начніку”, які, відаць, быў зроблены з разбаўленага падфарбаванага сьпірту, скурчыліся на розных палавінах адзінага шырокага ложку і неяк ператрывалі ноч.

Назаўтра зранку мы былі ў судзе. Выступаў інтэлігентны, акадэмічны Алег Арлоў. (Яго за два гады да гэтага невядомыя ў масках і з аўтаматамі выцягнулі ноччу з гатэлю ў Назрані [горад у Інгушэціі, які знаходзіцца прыблізна ў 85-ці кіламетрах ад Грознага – рэд.] разам з тэлежурналістамі. Ім насунулі шапкі на вочы і ўсю дарогу, пакуль некуды везьлі, зьбівалі і прапаноўвалі рыхтавацца да сьмерці. Ім пашанцавала. Іх выкінулі босымі і распранутымі да сподняга ў голым засьнежаным полі і зьехалі.) Выступаў прадстаўнік Кадырава, нейкі рускі юрыст, якому, відаць, добра заплацілі. Але бачна было, што ён ня толькі адпрацоўвае грошы, што ён шчыра ненавідзіць праваабаронцаў і ўдзел у працэсе прыносіць яму яшчэ і асабістае задавальненьне. Прызнаюся, што я не стрымаўся і ў перапынку коратка сказаў, што я пра яго думаю. На што ён сказаў, што такіх, як я, рускіх гнаць з Расіі трэба. А я на гэта з гонарам адказаў яму, што я ня рускі, я – беларус.

Мы пагаварылі з Алегам Арловым, з іншымі нашымі расійскімі сябрамі і паплечнікамі, далі некалькі інтэрв’ю, дзе я выказаў пункт погляду FIDH на гэты працэс, напісалі справаздачу з гэтага дня суду (бо суд ізноў перанесьлі на тыдзень) і гэтым жа днём, увечары, вярнуліся ў Менск. А праз два дні я захварэў на грып, які праз тыдзень плаўна перайшоў у двухбаковае запаленьне лёгкіх. Тады ў Еўропе бушаваў “сьвінячы” грып. Эпідэмія дабралася і да Беларусі, дзе па загаду з гары яго вырашылі “не заўважаць”. А я падхапіў яго, мабыць, у маскоўскім халодным хостэле. Пакуль я ляжаў у 3-й бальніцы і лячыўся, суд прысудзіў Алегу Арлову вялікі штраф, што было такім палавінчатым рашэньнем, бо маглі і пасадзіць. А ў лістападзе 11-га году ў Менск на суд да мяне прыязджаў Алег Арлоў. Яму, у адрозьненьне ад іншых праваабаронцаў з еўрапейскімі пашпартамі, якім не далі візы, яна была не патрэбная. Я радасна павітаў яго з-за кратаў судовай клеткі. Урэшце, не апошні раз бачымся.

* Лісты да публікацыі падрыхтавала іх адрасатка Ірына Пракопчык

Чытайце таксама:

Сустрэчы салідарнасьці Алеся Бяляцкага: Азімжон Аскараў

Сустрэчы салідарнасьці Алеся Бяляцкага: Яўген Жоўціс

Сустрэчы салідарнасьці Алеся Бяляцкага: Натальля Эсьцемірава

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства