4 сьнежня ў Белаазёрску міліцыянты затрымалі дэмакратычнага лідэра Аляксандра Мілінкевіча
У заканчэньне турнэ Аляксандра Мілінкевіча па гарадах Беларусі, зьвязанае з кампаніяй у мясцовыя выбары, 4 сьнежня ён наведваў Пінск і Белаазёрск, дзе зьбіраў подпісы за патэнцыйных дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты мясцовага Савета. Міліцыянты Белаазёрску затрымалі лідэра апазіцыі нібыта па падозраньню ў распаўсюдзе наркотыкаў. Аляксандра Мілінкевіча суправаджалі ягоны прэс-сакратар Павал Мажэйка і кіраўнік менскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Аляксей Кавалец. Нечакана да машыны пад’ехалі супрацоўнікі праваахоўных органаў і прапанавалі праехаць ў Белаазёрскі гарадзкі аддзел міліцы. Падставай нібыта паслужыў ананімны званок, што гэтай машынай трыма людзьмі перавозяцца і распаўсюджваюцца наркотыкі і сьпіртное. У ГАУС пры панятых правялі вобшук аўтамабіля, праверылі асабістыя рэчы і дакументы. Таксама былі ўзятыя тлумачэньні па факту затрыманьня, аднак, паводле словаў Аляксандра Мілінкевіча, міліцыянтаў збольшага цікавіў не “распаўсюд наркотыкаў і алкаголю”, а што палітык рабіў у Белаазёрску, па якіх пад’ездах і ў якія кватэры ён заходзіў, куды накіроўваецца далей. Праз гадзіну, нічога не знайшоўшы, усіх адпусьцілі.
“Яны ўвесь час перашкаджаюць нам працаваць, і я думаю, што гэта сапраўды посьпех наш. Мы ўводзім іх у агонію, яны ня ведаюць, як нас спыніць, хоць лічаць сябе гаспадарамі сытуацыі. А тут раптам мы ўмеем штосьці рабіць — нягледзячы на іх моцны супраціў. Гэта дэманструе іх поўную слабасьць,” - пракаментаваў затрыманьне Радыё Свабодзе Аляксандар Мілінкевіч.
Гэта ня першы падобны выпадак з затрыманьнем Аляксандра Мілінкевіча цягам выбарчай кампаніі — міліцыя затрымлівала яго і паводле іншых ананімных сігналаў: напрыклад, у Віцебску за тое, што ягоная машына нібыта забіла мінака. 2 сьнежня ў Лідзе невядомыя размалявалі аўтамабіль, на якім прыехаў палітык, чырвона-зялёнай фарбай.
Цягам кампаніі Аляксандар Мілінкевіч сабраў каля чатырохсот подпісаў за 70 дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў.