У ВЕНЕ БЕЛАРУСЬ КРЫТЫКАВАЛІ ЗА ЎЦІСК РЭЛІГІЙНЫХ МЕНШАСЬЦЯЎ (Радыё Свабода)
17 ліпеня ў Вене пачалася канфэрэнцыя АБСЭ, прысьвечаная праблеме свабоды сумленьня. Зь Беларусі ў сталіцу Аўстрыі накіраваныя афіцыйная дэлегацыя і прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў. На канфэрэнцыі апублікаваны крытычны даклад аб сытуацыі са свабодай веравызнаньня ў Беларусі.
Прадстаўнік аргкамітэту канфэрэнцыі, супрацоўнік Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ Джахангір Азізхаджаеў паведаміў, што канфэрэнцыя разглядае праблемы свабоды рэлігіі ва ўсіх 55 краінах-сябрах арганізацыі. У той ці іншай ступені праблемы рэлігійных меншасьцяў ёсьць у многіх дзяржавах. Але апошнія падзеі, зьвязаныя з укараненьнем новага беларускага закону аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях, перавялі Беларусь у шэраг праблемных краінаў, дзе ўціскаюцца правы рэлігійных мяншыняў, — гэта зазначае справаздача Міжнароднай Хэльсынскай фэдэрацыі, распаўсюджаная на канфэрэнцыі.
Юрыст грамадзянскай ініцыятывы “За свабоднае веравызнаньне” Сяргей Шаўцоў і правабаронца зь Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак выступілі на прэсавай канфэрэнцыі з расповедам аб сытуацыі ў Беларусі ды прадставілі на пленарным паседжаньні венскай канфэрэнцыі сваю справаздачу аб шматлікіх парушэньнях свабоды рэлігіі ў Беларусі: аб адмовах рэгістрацыі рэлігійных грамадаў, выдзеленьня участкаў для культавых будынкаў і іншым. Гаворыць Алег Гулак:
(Гулак: ) “На жаль, сытуацыя ў Беларусі са свабодай веравызнаньня пагаршаецца. Новы закон, які шмат крытыкавалі, рэалізуецца, і практыка яго дзеяньня пагаршае становішча і вернікаў, і рэлігійных арганізацыяў, якія існуюць у Беларусі. Больш за тое, практыка яго прымяненьня яшчэ горшая за сам закон”.
Прадстаўнік БХК Алег Гулак таксама паведаміў аб прапагандысцкай кампаніі ў дзяржаўных СМІ Беларусі, скіраванай супраць рэлігійных мяншыняў.
Апошні выпадак, калі 21 чэвеня тэлевядучы БТ Яўген Новікаў насуперак рашэньню суду, які вымагаў ад яго прасіць прабачэньня за зьнявагу Хрысьціянаў Веры Эвангельскай, выступіў з новымі зьнявагамі, стаўся падставай для заявы аўтараў справаздачы аб тым, што “паклёп на адрас многіх рэлігійных канфэсіяў стаўся часткай дзяржаўнай палітыкі ў Беларусі”. Аўтары дакумэнту, распаўсюджанага на канфэрэнцыі ў Вене, робяць выснову: “Як прававыя мэханізмы, што ўтрымліваюцца ў заканадаўстве Беларусі, гэтак і практыка іх прымяненьня сьведчаць пра ўжываньне недапушчальных абмежаваньняў свабоды веравызнаньня ў Беларусі. Дзейнасьць дзяржаўных СМІ не грунтуецца на павазе да рэлігійных перакананьняў і вядзе да правакаваньня рэлігійнай нецярпімасьці”.
Прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак кажа, што інтарэс да падзеяў у Беларусі на канфэрэнцыі ў Вене высокі:
(Гулак: ) “І ўжо наша задача, і дзяржаўных і недзяржаўных арганізацыяў, скарыстаць гэтую дапамогу, мець жаданьне. Тут вельмі цяжка сказаць, ці могуць нейкія канкрэтныя дзеяньні зьмяніць сытуацыю кардынальна. Але я бы сказаў, што кожная кропля, якая падае на гэты камень, яна яго падточвае, і цяжка сказаць, якая з іх будзе самай важнай ці самай карыснай”.
Канфэрэнцыя выпрацуе рэкамэндацыі наконт скарачэньня абмежаваньняў правоў грамадзянаў на вольнае веравызнаньне ў галіне заканадаўства, адміністратыўнай практыкі і СМІ.
Валер Каліноўскі, Менск