30 ліпеня адбудзецца судовае паседжанне па зыску выдавецкага прадпрыемства Ліберальна-дэмакратычнай партыі да Міністэрства інфармацыі.
Вышэйшы гаспадарчы суд узбудзіў вытворчасць па зыску выдавецкага прадпрыемства "Вольница-медиа" да Міністэрства інфармацыі і Міністэрства фінансаў Беларусі. У якасці трэцяй асобы з боку зыскоўца ў справе будзе фігураваць Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі. Суд прызначаны на 30-га ліпеня.
Прыватнае ўнітарнае выдавецкае прадпрыемства "Вольница-медиа" хоча прыцягнуць Міністэрства інфармацыі і Міністэрства фінансаў да адказнасці за прамаруджванне пытання з рэгістрацыяй выдання "Демократическая газета" (друкаванага органа ЛДП). "Вольница" патрабуе прызнаць дзеянні дзяржаўных органаў неправамоцнымі і кампенсаваць матэрыяльныя страты прадпрыемства ў памеры 2.207.774 рублі. 7-га ліпеня суддзя Вышэйшага гаспадарчага суда Валеры Жандараў разгледзеў зыскавую заяву і вырашыў, што ў ёй дастаткова падставаў для ўзбуджэння вытворчасці па справе. Судовае паседжанне адбудзецца 30-га ліпеня ў 10.00 у Вышэйшым гаспадарчым судзе (г. Мінск, вул. Валадарскага, 8, пакой 212).
4-га кастрычніка 2002 года ЛДП накіравала ў Міністэрства інфармацыі заяву на рэгістрацыю перыядычнага выдання "Демократическая газета". Аднак адказ ад Міністэрства да сённяшняга дня так і не паступіў. Таму выдавецкае прадпрыемства "Вольница-медиа", якое стваралася выключна для выдання "Демократической газеты", дагэтуль не мае магчымасці ажыццяўляць сваю дзейнасць, атрымліваць прыбытак і, адпаведна, плаціць за арэнду займанага офіса. Прадпрыемства было размешчана ў памяшканнях, што належаць Упраўленню справамі прэзідэнта. Месяц таму, 12-га чэрвеня, гаспадарчы суд г. Мінска разгледзеў зыск галоўнага гаспадарчага аддзела Ўпраўлення справамі прэзідэнта да "Вольницы-медиа" і абавязаў выдавецкае прадпрыемства выплаціць зыскоўцу 4 млн. 342 тыс. рублёў.
Паводле БАЖ