viasna on patreon

Славацкія парламэнтарыі заклікаюць прэзідэнта Беларусі спыніць ціск на няўрадавыя арганізацыі, незалежную прэсу і перасьлед грамадзкіх і палітычных дзеячоў, а таксама распачаць дэмакратызацыю краіны.

2003 2003-07-21T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гэтымі днямі Аляксандар Лукашэнка атрымаў ліст ад славацкіх
парлямэнтараў, ў якім яны заклікаюць прэзыдэнта Беларусі спыніць ціск
на няўрадавыя арганізацыі, незалежную прэсу і перасьлед грамадзкіх і
палітычных дзеячоў, а таксама распачаць дэмакратызацыю краіны. Ліст
ёсьць рэакцыяй на зварот да парлямэнтаў эўрапейскіх краінаў
арганізацыяў-удзельніц кампаніі "Наша Салідарнасьць". Яго падпісалі
Пaвал Грушоўскі, старшыня Нaцыянaльнай рады Славaцкай Рэспублікі,
Зузaнa Мaрцінaкавa, намесьніца старшыні Нaцыянaльнай рады, Імрых
Бэрэш, сябра камітэта па зьнешняй палітыцы славацкага парлямэнту,
кіраўнік дэлегацыі Славакіі ў Парляманцкай Асамблеі Рады Эўропы і інш.

Славацкія парлямэнтары канстатуюць, што ў апошнія тыдні ўзмацніўся
ціск органаў дзяржаўнай улады на няўрадавыя арганізацыі, незалежную
прэсу і перасьлед грамадзкіх і палітычных дзеячоў: зачыненыя шматлікія
няўрадавыя арганізацыі, прыпыненае выданьне "Белорусской деловой
газеты" і іншых незалежных газэт, за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту быў
арыштаваны Юры Хадыка. У сувязі з гэтым парлямэнтары зьвяртаюць увагу
Аляксандра Лукашэнкі на тое, што дзеяньні яго адміністрацыі
знаходзяцца пад пільнай увагай Эўропы, і іх працяг прывядзе да
канчатковай ізаляцыі Беларусі. "Досьвед Салвакіі паказвае, што
незалежнасьць і роськвіт краіны немагчыма дасягнуць ва ўмовах
міжнароднай ізаляцыі. […] Нам бы хацелася, каб Беларусь стала
свабоднай і ўпэўненай у сабе часткай агульнай прасторы Эўропы, якая
сёньня ўсё больш пашыраецца" - гаворыцца ў заяве.

Славацкія парлямэнтары ня маюць сумневу ў тым, што дэмакратычныя
зьмены ў Беларусі раней ці пазьней усё ж такі адбудуцца. Але
адкладаньне рэформаў паглыбіць праблемы, зь якімі сутыкаецца краіна.
"Мы спадзяемся, што ў найбольш кароткі тэрмін Беларусь стане на шлях
вольнага разьвіцьця і паляпшэньня жыцьця сваіх грамадзянаў", -
спадзяюцца славацкія парлямэнтары.

"Гэтая заява сьведчыць пра тое, што эўрапэйская супольнасьць
неабыякавая да пагаршэньня стану з правамі чалавека ў Беларусі.
Далейшыя рэпрэсіі павялічаць ізаляцыю Беларусі і пашкодзяць разьвіцьцю
беларускага грамадзтва, якое імкнецца ў Эўропу. Перасьлед няўрадавых
арганізацыяў несумяшчальны са статусам эўрапэйскай краіны", -
камэнтуюць зварот удзельнікі кампаніі "Наша салідарнасьць".

Паводле прэс-службы Асамблеі НДА.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства