Бабруйск: Галіну Смірнову папярэдзілі ў КДБ
Бабруйская актывістка Галіна Смірнова была выклкана позвай 3 верасня ў мясцовае аддзяленне КДБ. Размова з спецслужбоўцам Паўлам Сілковым цягнулася каля двух з паловай гадзін.
-Размова тычылася мінулагодніх маўклівых акцый, Народнага сходу, а таксама вывешвання бел-чырвона-белых сцягоў у Бабруйску. Узгадаў супрацоўнік КДБ і запальванне свечак на Дзяды, на што я заявіла, што для мяне гэты дзень асаблівы, я шаную памяць рэпрэсаваных сваякоў, і таму буду прыходзіць туды і запальваць гэтыя свечкі. Павел Сілкоў папярэдзіў, што ўсе мае дзеянні могуць давесці да крымінальнай адказнасці, - адзначыла Галіна Смірнова.
На пытанні, якія тычыліся асабістага жыцця ці сям’і, бабруйская актывістка адмовілася адказваць. Але агулам адзначае, што супрацоўнік КДБ размаўляў з ёй цалкам культурна, без пагрозаў.
-Канешне, зайшла размова і пра выбары. Я сказала, што буду ўдзельнічаць у назіранні. Але можна сказаць, што большую частку часу мы прысвяцілі размовам наконт майго ўдзелу ў акцыях. Таксама Павел Сілкоў даў азнаёміцца з паперай, сэнс каторай быў папярэдзіць мяне аб адказнасці па артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу – “арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўны удзел у іх”. Пакаранне па гэтаму артыкулу – да трох год пазбаўлення свабоды, - кажа Галіна Смірнова.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”