Зьняволеных са сьледчага ізалятару на Валадарцы прымушаюць пісаць заявы аб пераводзе іх у іншае месца
Як стала вядома з ліста Зьмітра Дашкевіча, які быў днямі атрыманы адным з сябраў арганізацыі, лідэра Маладога Фронту прымушалі напісаць заяву аб пераводзе ў калёнію да разгляду касацыйнае скаргі.
Як піша Зьміцер Дашкевіч менскі СІЗА па вул.Валадарскага настолькі перапоўнены, што людзей гвалтоўна прымушаюць пісаць заявы аб пераводзе іх у іншае месца. Зьміцер паведамляе аб тым, што пасьля таго, як вязьні адмовіліся пісаць заявы, уначы прыйшлі людзі “у масках” вывелі ўсіх у калідор і пад прымусам патрабавалі ад кожнага падпісаць дакумант. Людзі ў чорным паспрабавалі прымусіць і лідэра Маладога Фронту, патрабуючы ад Зьмітра, каб ён напісаў тэкст прыблізна такога зьместу “Я, Зьміцер Дашкевіч… прашу перавесьці мяне ў калёнію да разгляду маёй касацыйнае скаргі…” і т.д. Аднак лідэр МФ адмовіўся гэта рабіць, напісаўшы, што патрабуе ад супрацоўнікаў СІЗА выкананьня дзеючага заканадаўства, паводле якога Зьміцер можа быць пераведзены ў іншае месца зьняволеньня толькі пасьля разгляду на судовым паседжаньні яго касацыйнае скаргі.
Нагадаем, што Зьміцер Дашкевіч знаходзіцца ў шклоўскае калёніі № 17 з 6 сьнежня. Такім чынам, дзеяньняў уладаў абсалютна незаконныя, а супрацоўнікі СІЗА адкрыта парушаюць беларускае заканадаўства. Рэжым усімі магчымымі сродкамі спрабуе ціснуць на лідэра Маладога Фронту, нават пасьля абвяшчэньня жорсткага прысуду, паведаміла прэс-служба МФ.
Праваабаронца Кацярына Садоўская таксама была пераведзена ў Гомельскую жаночую калонію да разгляду касацыйнай скаргі.