Слонімская друкарня адмовілася друкаваць баранавіцкае недзяржаўнае выданне "Местная газета Шаг" пасля таго, як 17 ліпеня на старонках выдання выйшлі матэрыялы журналістаў прыпыненай "Белорусской деловой газеты" (БАЖ).
Ужо на наступны дзень дырэктар друкарні Анатоль Лагуцік скасаваў дамову на паліграфічныя паслугі, спаслаўшыся на тое, што "по техническим причинам, ввиду недостаточности полиграфических мощностей, типография не имеет возможности далее печатать газету".
Кіраўніцтва "Местной газеты Шаг" наўпрост звязвае гэтыя дзеянні з акцыяй салідарнасці свайго выдання з "Белорусской деловой газетой". Як паведаміў прэс-службе БАЖ заснавальнік і галоўны рэдактар газеты Анатоль Вайцяхоўскі, пасля выхаду нумару "Местной газеты Шаг" з матэрыяламі "БДГ" Слонімскую друкарню наведала дзяржаўная інспекцыя. У пятніцу, 18 ліпеня, быў скасаваны працоўны кантракт з кіраўніком службы маркетынга друкарні Людмілай Эдар. Дырэктар прадпрыемства Анатоль Лагуцік трапіў у лякарню з сардэчным прыступам.
На думку галоўнага рэдактара "Белорусской деловой газеты" Святланы Калінкінай, "калі ў каго-небудзь дагэтуль былі сумневы, што Міністэрства інфармацыі настойвае на ўвядзенні ў друкарнях цэнзуры, то цяпер сумнявацца ўжо не выпадае".
Анатоль Вайцяхоўскі кажа, што на гэтым тыдні рэдакцыя планавала выпусціць два чарговыя нумары выдання з матэрыяламі "БДГ".
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"