Праваабаронца абмеркаваў з пракурорамі Віцебшчыны праблемы недапушчальнасці катаванняў
У Віцебскай вобласці прайшла ўнікальная кампанія: на працягу ліпеня- жніўня 2012 года праваабаронца Павел Левінаў наведаў абласную і ўсе раённыя пракуратуры, каб пазнаёміць пракурорскіх работнікаў з заўвагамі Камітэта супраць катаванняў ААН. Падчас гэтых гутарак высветлілася, што большасць пракурораў нават не чулі аб далучэнні Беларусі да Канвенцыі супраць катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага ці прыніжальнага абыходжання і пакарання.
Канвенцыя была зацверджана Генеральнай Асамблеяй ААН 10 снежня 1984 года, уступіла ў сілу 26 чэрвеня 1987 года. Далучэнне Беларусі да гэтага міжнароднага дакумента накладае на краіну пэўныя абавязкі ў сферы барацьбы за захаванне грамадзянскіх правоў. Між тым, нават на міжнародным узроўні вядомыя выпадкі, калі ў Беларусі парушаюцца правы затрыманых, ужываюцца катаванні і жорсткае абыходжанне з боку супрацоўнікаў сілавых структур.
Пракуратура мусіць сачыць не толькі за выкананнем законаў, але і за захаваннем грамадзянскіх правоў, лічыць Павел Левінаў. Ён наведаў 25 рэгіянальных пракуратур, а ў дзве, дзе сустрэчы правесці не ўдалося, накіраваў для азнаямлення даклад няўрадавых арганізацый і выніковыя заўвагі Камітэта супраць катаванняў ААН у дачыненні Рэспублікі Беларусь.
"Пракурор Гарадоцкага раёну, з якім сустрэча не адбылася, вярнуў мне гэтыя матэрыялы --яны яго не зацікавілі. Пракурор Віцебскага раёну выслухаў мяне моўчкі, дыялогу ў нас не атрымалася, толькі мой маналог. Пракурор Лёзненскага раёну сказаў, што імкнецца пазбягаць праблем з катаваннямі і жорсткім абыходжаннем. Таму "даў устаноўку" супрацоўнікам міліцыі, каб не дапускалі нічога падобнага. Аднак, за выключэннем супрацоўніцы Сенненскай пракуратуры, якая ведала і пра Канвенцыю, і пра існаванне Камітэту супраць катаванняў, бальшыня пракурораў шчыра не разумела, пра што я ім кажу", -- распавёў Павел Левінаў.
Праваабаронца адзначае, што ні абласная, ні рэгіянальныя пракуратуры ні разу не звярнуліся ў суд, каб абараніць правы грамадзян. Павел Левінаў атрымаў 14 пісьмовых адказаў пасля сваіх візітаў, і амаль ў кожным напісана, што "у прадастаўленай інфармацыі нічога не гаворыцца пра парушэнні правоў грамадзян". І што "грамадзяне маюць права паскардзіцца, калі лічаць, што іх правы парушаныя".
Павел Левінаў падкрэслівае, што ягонай мэтай было нагадаць пра абавязак пракуратуры сачыць за тым, ці не парушаюцца грамадзянскія правы. А наконт таго, што да пракурораў паступае няшмат заяваў пра парушэнні, праваабаронца разважае так:
"Многія нашы землякі не ведаюць пра свае правы прэтэндаваць на тое, каб з імі абыходзіліся ветліва і паважліва. Да прыкладу, калі чалавек некалькі разоў трапляе ў ІЧУ за дробныя правапарушэнні, для яго ўжо нормай стала адсутнасць пасцельнай бялізны ці грубасць ахоўнікаў. "Я ж сапраўды вінаваты", -- думае такі чалавек, і ўспрымае нязручнасці і грубасць як належнае. Іншая справа – гэта свядомыя, палітызаваныя людзі, якія трапляюць "на суткі" за ўжо традыцыйную "лаянку матам". Толькі яны, як правіла, і пратэстуюць. А большасці бракуе прававой асветы, каб у любых умовах адстойваць сваю чалавечую годнасць".