Бярозаўскія актывісты наведалі Паўла Севярынца (фота)
Бярозаўскія актывісты Тамара Шчапёткіна і Ігар Меншыкаў наведалі палітзняволенага Паўла Севярынца, які адбывае пакаранне за Плошчу-2010 у спецкамендатуры № 7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёна.
Актывісты завезлі Паўлу пачастункі і абмеркавалі надзённыя пытанні. Размова ішла пра выбары, пра ўдзел у іх вязняў камендатуры і мясцовых людзей, пра апошнія арышты маладзёнаў, і як заўсёды -- лёс палітвязняў.
Павел лічыць, што людзей выбары зусім не цікавяць, і ўладзе трэба моцна пастарацца, каб загнаць на выбарчыя ўчасткі людзей. А на Пружанскай выбарчай акрузе, калі здымецца кандыдат ад АГП, выбары будуць безальтэрнатыўнымі -- застанецца ў бюлетэнях толькі адзін цяперашні старшыня Пружанскага райвыканкама Аляксандр Юркевіч, які ўжо 15 год кіруе раёнам.
На думку Паўла, тое, што ўлада ўзялася за мадэратараў сацыяльных сетак, сведчыць, што ўлада баіцца маладых людзей, што карыстаюцца інтэрнэтам. На колькі Паўлу Севярынцу стала вядама з перапіскі, на палітзняволеных у турмах вельмі ціснуць, але людзі трымаюцца. Сустрэча доўжылася больш за гадзіну.
На фота: Павел Севярынец і Ігар Меншыкаў.