viasna on patreon

11 верасьня пачнецца суд над рэдактарам незалежнай газеы “Рабочы” Віктарам Івашкевічам.

2002 2002-09-03T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

11 верасьня ў 10 гадзін у судзе Першамайскага раёну г. Мінска судзьдзя Ўладзімір Кобышаў распачне разгляд крымінальнай справы ў адносінах Віктара Івашкевіча, галоўнага рэдактара незалежнай газеты “Рабочы”. Ён абвінавачаны ў зьдзяйсьненьні спробы злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкулу 367 Крымінальнага кодэксу РБ -- “Паклёп у адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. В.Івашкевічу за “распаўсюджаньне заведама ілжывых і зьневажальных зьвестак аб Прэзідэнце, спалучаных з абвінавачаньнем у зьдзяйсненьні цяжкага злачынства” пагражае турэмнае зьняволенне на тэрмін да пяці гадоў.
Акрамя таго, сп. Івашкевіч абвінавачаны і па частцы 2 артыкулу 368 Крымінальнага Кодэксу РБ у зьдзяйсьненьні публічнай абразы Прэзідэнта. За гэта яму пагражае турэмнае зьняволенне тэрмінам да трох год.
Пракуратура лічыць, што сп. Івашкевіч спрабаваў абразіць і хлусліва абвінаваціць Прэзідэнта ў карупцыі, калі прыняў рашэньне надрукаваць ў сваёй газеце матэрыял “Вор должен сидеть в тюрьме”.
Гэты матэрыял выйшаў напярэдадні выбараў прэзідэнта краіны ў верасьні 2001 году. Ён распавядаў пра факты магчымай карупцыі ў адміністрацыі А. Лукашэнкі і пра дзяржаўны гандль зброяй.
Паводле беларускага заканадаўства, паклёп з’яўляецца адбыўшымся злачынствам толькі тады, калі пра яго даведаўся хаця б адзін чалавек. Але гэты нумар газеты не быў распаўсюджаны, паколькі пракуратура па патрабаванні цэнзара Ўладзіміра Глушакова спыніла друк газеты і сканфіскавала ўжо надрукаваную частку накладу (39 500 асобнікаў з планаваных 400 000) яшчэ ў друкарні. Ніводзін асобнік газеты так і не патрапіў да чытача. Таму пракуратура і абвінаваціла сп. Івашкевіча не ў паклёпе, а ў “спробе паклёпу”, паколькі ягонае злачынства не зьяўляецца скончаным. Гэта першы выпадак у Беларусі, калі чалавека абвінавацілі не ў паклёпе, а толькі ў спробе паклёпу.
Сам спадар Івашкевіч вінаватым сабе ня лічыць. Ён кажа, што факты, пакладзеныя ў падмурак матэрыялу, да таго былі вядомыя грамадзкасьці з друкаваных выданьняў, паведамленняў радыё і Інтэрнэту.
Абараняць сп. Івашкевіча будзе вядомы адвакат Тацяна Станкевіч.
Усяго за апошнія 2 гады да крымінальнай адказнасці па арт. 367 і 368 ў Беларусі было прыцягнута 13 чалавек – журналісты, палітыкі, апазіцыйная моладзь. Ніводны з падсудных па гэтых справах не быў апраўданы судом, хоць ні на адным з працэсаў не выступаў пацярпелы – Прэзідэнт А. Лукашэнка.

Інфармацыйны аддел ГА ПЦ “Вясна”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства