Пракуратура адмовілася ўзбудзіць крымінальную справу за фальсіфікацыю вынікаў прэзідэнцкіх выбараў
На наступны дзень пасля прызнання Аляксандра Лукашэнкі аб фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька звярнуўся ў Пракуратуру Рэспублікі Беларусь з прапановай узбудзіць крымінальную справу па факце заявы беларускага кіраўніка. У адказе, які атрымаў гэтымі днямі лідэр партыі, паведамляецца, што “Пракуратура Рэспублікі Беларусь дадзенымі аб пэўных фактах, якія звязаны з фальсіфікацыяй падчас вызначэння вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 19.03.2006, не валодае”.
“Калі б у нас была пракуратура, калі б мы мелі прававую дзяржаву, то грамадзянін Лукашэнка павінен быў атрымаць позву ў пракуратуру. Таму ўся інтрыга – у назіранні за гульнёй пракурораў, якія старанна прыкідваюцца глуханямымі, бездапаможнымі інвалідамі. Тэлевізар там не глядзяць. Свайго прэзідэнта не слухаюць. Па версіі тых, хто павінен кантраляваць няўхільнае захаванне заканадаўства, атрымоўваецца, што Лукашэнка і зусім не ёсць просты смяротны, а значыць, нашыя зямныя законы на яго не распаўсюджваюцца”, – лічыць Анатоль Лябедзька.
Нагадаем, што ў лістападзе 2006 года Аляксандр Лукашэнка падчас прэс-канферэнцыі для ўкраінскіх журналістаў прызнаў, што прэзідэнцкія выбары, якія адбыліся ў сакавіку мінулага года, былі сфальсіфікаваныя.
“Апошнія выбары мы фальсіфікавалі. За Лукашэнку прагаласавала 93 з паловай адсотка. Але, кажуць, гэта не еўрапейскі паказчык. Мы зрабілі 86%”, – заявіў А.Лукашэнка. Паводле яго, з боку Еўропы напярэдадні выбараў гучалі абяцанні, што ў выпадку, калі “будзе прыкладна еўрапейскі паказчык на выбарах, выбары будуць прызнаныя”. “Але таксама не атрымалася. Паабяцалі, што прызнаюць, але не прызналі”, – канстатаваў ён