Алесь Бяляцкі працягвае дамагацца сустрэчы з ксяндзом
Бабруйскі грамадскі актывіст Сяржук Лацінскі атрымаў ліст ад Алеся Бяляцкага, у якім зняволены праваабаронца піша, што дасюль не
можа дамагчыся сустрэчы з каталіцкім ксяндзом:
“Ксяндзу я напісаў і ў адміністрацыю напісаў, спадзяюся, што яго (ксяндза) сюды
запусцяць. Праваслаўныя тут маюць царвку-каплічку, дзе ідуць рэгулярныя службы,
а ксяндза ўвогуле мабыць не было ні разу. Хаця каталікоў тут з цэнтральнай і
заходняй Беларусі даволі шмат. Але
як будзе так будзе”.
Сяржук Лацінскі распавёў, што асабіста звяртаўся да мясцовага ксяндза Юрыя Быкава з просьбай наведаць Алеся
Бяляцкага ў калоніі.
- Юры Быкаў можа прыехаць у калонію толькі па запрашэнні адміністрацыі, -
адзначыў Сяржук Лацінскі. - У сваю чаргу, адміністрацыя патрабуе, каб да іх звярнуліся
з просьбай запрасіць ксяндза не менш за чатыры чалавекі. Мяркую, праблема ў
тым, што ў Алеся Бяляцкага абмежаваныя кантакты з іншымі вязнямі калоніі №2, і
ён проста не мае магчымасці з імі дамовіцца.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”