У Мазыры камісія Палескай выбарчай акругі №43 тэрмінова скасавала рэгістрацыю кандыдата ў дэпутаты абласнога Савету, грамадзкага актывіста Уладзімера Целепуна
Уладзімера Целепуна абвінавацілі “ў выпуску і распаўсюдзе паведамленьняў і матэрыялаў, якія распальваюць сацыяльную варожасьць” на падставе таго, што ён разам са сваёй ініцыятыўнай групай распаўсюдзіў улёткі пра сустрэчу з выбаршчыкамі, запланаваную на 7 студзеня а 15-й гадзіне ў Палацы культуры нафтаперапрацоўчага заводу. У сустрэчы кандыдата ў дэпутаты Целепуна павінны былі ўдзельнічаць таксама ягоныя давераныя асобы, сярод якіх і Аляксандр Мілінкевіч. Скасаваўшы рэгістрацыю, Уладзіміру Целяпуну забаранілі і сустрэчу, але ён усё-роўна прыйшоў да Палацу культуры, каб патлумачыць сітуацыю выбаршчыкам, якія ня ведалі пра забарону.
Як паведаміў Уладзімер Целяпун ПЦ "Вясна", гарадзкія ўлады, відавочна, напалохаліся абмеркаваньня на сустрэчы з выбаршчыкамі нафтагазавага крызісу з Расеяй, а таксама адмены на НПЗ выплаты дывідэндаў на акцыі па выніках мінулага году.
Грамадзскі актывіст і праваабаронца Уладзімер Целяпун ня згодны з рашэньнем аб скасаваньні рэгістрацыі і накіраваў скаргу ў абласную выбарчую камісію. Варта дадаць, што ён неаднаразова падаваў скаргі, у тым ліку і ў пракуратуру, пра парушэньне акруговай камісіяй выбарчага заканадаўства падчас фармаваньня межаў акругі і вызначэньня месцаў для разьмяшчэньня агітацыйных матэрыялаў.