Знікненне Ганчара і Красоўскага: 13 гадоў безвыніковага «расследавання»
16 верасня спаўняецца 13 гадоў з часу знікнення апазіцыйнага палітыка Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага.
Віктар
Ганчар, які спачатку быў у камандзе Аляксандра Лукашэнкі, дапамог яму
прыйсці да ўлады, а затым сышоў у апазіцыю, і Анатоль Красоўскі
бясследна зніклі 16 верасня 1999 г. Увечары яны пайшлі ў лазню,
размешчаную ў Менску па вул. Фабрычная, 20. Апошні раз іх бачылі
прыкладна а 22:35, калі абодва выйшлі з будынку і селі ў машыну
Красоўскага.
Крымінальную справу па факце знікнення Ганчара і
Красоўскага адкрыла пракуратура Менску. Паводле інфармацыі следства, пры
аглядзе прылеглай тэрыторыі былі знойдзеныя аскепкі пластмасавых
рассейвальнікаў сігнальных прыбораў аўтамабіля, сляды тармажэння
аўтамашыны і яе ўдару аб дрэва, а таксама сляды крыві. Вынікі
генатыпаскапічнай экспертызы паказалі, што паходжанне знойдзеных на
месцы здарэння слядоў крыві ад Красоўскага выключаецца, а ступень
дакладнасці высноваў аб паходжання плямаў крыві ад Ганчара складае 99,6
%. Аналіз сабраных у справе доказаў, у тым ліку паказанняў сведак, дае
падставу меркаваць, што Ганчара і Красоўскага гвалтоўна выкралі
невядомыя асобы.
Прадстаўнікі апазіцыі, родныя зніклых і
міжнародная грамадскасць мяркуюць, што Ганчара і Красоўскага выкралі з
палітычных матываў, і падазраюць у дачыненні да іх выкрадання вышэйшых
службовых асобаў краіны.
Фармальнае расследаванне
Як
паведаміў юрыст Гары Паганяйла, справу аб знікненні Ганчара і
Красоўскага намінальна працягвае расследаваць пракуратура Менску.
«Пракуратура рэгулярна паведамляе, што праводзяцца следчыя дзеянні,
аднак ні аб выніках гэтых следчых дзеянняў, ні аб іх сутнасці нікому не
паведамляецца. Я лічу, што ўлады чакаюць, калі знікненню Ганчара і
Красоўскага споўніцца 15 гадоў, і тады гэтая справа можа быць спыненая з
прычыны тэрміну даўніны», – кажа юрыст.
Без тэрміну даўніны
Рэальнае
расследаванне справы, адзначыў ён, можа аднавіцца ў выпадку змены
ўлады. «Тады гэтая справа атрымае іншую кваліфікацыю – напрыклад,
паводле артыкулу 128 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае выкраданне
і знікненне чалавека, звязанае з ягонаю палітычнаю дзейнасцю, як
злачынства супраць бяспекі чалавецтва. Такія злачынствы не маюць тэрміну
даўнасці», – падкрэсліў Паганяйла.
Тым больш, дадаў ён,
справа аб знікненні Ганчара і Красоўскага цяпер на разглядзе ў Камітэце
правоў чалавека ААН. «Года паўтара-два таму праваабаронцы давалі свае
адказы на адпаведныя каментары ўлады, дасланыя ў ААН, як гэта
прадугледжвае працэдура разгляду справы. Далей Камітэт правоў чалавека
ААН працуе самастойна – перакладае матэрыялы справы і працягвае разгляд.
Справы там могуць разглядацца па 4–5 гадоў», – патлумачыў Гары
Паганяйла.