Радзіна: Шмат якія незалежныя медыі ў Беларусі маюць куратараў з КДБ
Гэта адна з прычынаў для сайту “Хартыі-97” працаваць за межамі Беларусі, распавяла яго рэдактарка ў “Гарачым каментары”.
Паводле
рэдактаркі сайту “Хартыя-97” Наталлі Радзінай, інфармацыю пра куратараў
ёй літаральна днямі паведаміў адзін з рэдактараў незалежнага СМІ.
“Куратар
з КДБ можа патэлефанаваць і сказаць: калі вы не хочаце, каб вашую
газету закрылі, я прашу вас не асвятляць той ці іншай тэмы або
асцярожней паставіцца да той ці іншай тэмы. Або: лепш не рабіць гэтую
навіну галоўнай. Яны імкнуцца працаваць разумна, навязваючы журналістам
самацэнзуру”, – распавяла Наталля Радзіна ў інфармацыйна-публіцыстычным
блоку “Белсату”.
Паводле Наталлі Радзінай, адносна “Хартыі-97”
гэта не спрацоўвала. Таму падчас утрымання ў СІЗА КДБ толькі за
рэдактарства сайту ёй пагражалі 5 гадамі турмы.
Сёння ў Варшаве
ўрачыста адкрыўся офіс сайту. У Вільні, дзе Наталля Радзіна працавала
адразу пасля ўцёкаў з Беларусі, застаўся карпункт.