Студэнты з Гомельскай вобласьці, якія навучаюцца ў Польшчы, былі ўзмоцнена правераныя на мяжы падчас калядных вакацыяў
Беларускія мытнікі і памежнікі шукалі друкаваныя выданьні, кампутарныя дыскі і грошы. У студэнтаў, якія мелі с сабой партатыўныя кампутары, правяраўся зьмест інфармацыі на іх, паведаміла прэс-служба Асамблеі НДА.
У Польшчы паводле праграмы імя К. Каліноўскага навучаюцца студэнты, якія былі выключаныя з вышэйшых навучальных установаў Беларусі за акцыі пратэсту супраць рэжыму А. Лукашэнкі. Сярод іх – шмат актывістаў беларускіх грамадзкіх аб’яднаньняў. Напрыканцы сьнежня – у пачатку студзеня студэнты былі адпушчаныя на зімовыя вакацыі. Праз польска-беларускую мяжу большасьць зь іх праязджала па чыгунцы. Як распавялі хлопцы з Гомельшчыны, пры ўезьдзе ў Беларусь берасьцейскія мытнікі і памежнікі імкнуліся адшукаць у іх багажы друкаваную прадукцыю. Правяраўся таксама зьмест інфармацыі на кампутарных дысках і партатыўных кампутарах, якія былі ў студэнтаў.
У некаторых з гомельскіх студэнтаў падобная сытуацыя паўтарылася і пры выезьдзе зь Беларусі напрыканцы вакацыяў. Беларускія мытнікі і памежнікі зноў правяралі друкаваныя выданьні і кампутаровыя дыскі, але пра грошы ўжо не пыталіся.