Агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Ліпень-жнівень 2012 году
У ліпені-жніўні сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршалася. Не апраўдаліся спадзяванні на змякчэнне палітычнага клімату падчас вядзення кампаніі па выбарах дэпутатаў парламенту. Не толькі ні адзін з трынаццаці палітычных вязняў не быў вызвалены, але гэты спіс быў яшчэ папоўнены новымі прозвішчамі.
Васіль Парфянкоў, які ў лютым 2011 году быў асуджаны да чатырох гадоў пазбаўлення волі за
ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацый падчас прэзідэнцкіх выбараў, а ў жніўні таго ж году памілаваны згодна з указам прэзідэнта, быў накіраваны адбываць новае пакаранне ў выглядзе 6 месяцаў арышту за парушэнне ўмоваў прафілактычнага нагяду, вызначанага судом. Больш за месяц у следчым ізалятары КДБ утрымліваліся журналіст Антон Сурапін і рыэлтар Сяргей Башарымаў, якіх абвінавачваюць у садзеянні «незаконнаму перасячэнню дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь» -- такім чынам было расцэнена размяшчэнне журналістам фотаздымкаў палёту шведскага самалёта ў беларускай паветранай прасторы, а рыелтарам -- здача ў арэнду кватэры грамадзянам Швецыі. За «паўторнае парушэнне патрабаванняў адміністрацыі калоніі» (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, які выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі) да яшчэ аднаго году пазбаўлення волі быў асуджаны палітвязень Дзмітрый Дашкевіч, які адбывае пакаранне ў выглядзе двух гадоў зняволення паводле абвінавачання ў здзяйсненні злоснага хуліганства напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. З канца чэрвеня так і не былі разгледжаны прашэнні аб памілаванні, пададзеныя на імя кіраўніка дзяржавы палітвязнямі Сяргеем Каваленкам і Паўлам Сырамалотавым. Фактычна ўсе палітычныя зняволеныя маюць статус “злосных парушальнікаў рэжыму адбыцця пакарання”, што цалкам пазбаўляе іх надзеі на прымяненне ў адносінах да іх амністыі і умоўна-датэрміновага вызвалення, яны рэгулярна змяшчаюцца ў карцэр і падвяргаюцца іншым мерам уздзеяння ў месцах пазбаўлення волі.
Акцыя шведаў, у выніку якой былі арыштаваны А. Сурапін і С. Башарымаў, выклікала дыпламатычны крызіс у адносінах паміж Беларуссю і Швецыяй, які завершяўся высылкай швецкага амбасадара з краіны і адкліканнем беларускага ў Стакгольме, прыпыненнем працы амбасадаў. Гэты канфлікт стаў нагодай для склікання 10 жніўня пазачарговага пасяджэння Камітэта па палітыцы і бяспецы Савета ЕС, старшыня якога Олаф Скоог па выніках заявіў, што Еўрапейскі Саюз мае намер у кастрычніку перагледзець абмежавальныя меры адносна Беларусі, адзначыўшы, што гэтая сітуацыя закранае не толькі адносіны Беларусі са Швецыяй, але і яе адносіны з ЕС.
Адначасова генеральны сакратар Савета Еўропы
Турб’ерн Ягланд заклікаў улады Беларусі перагледзець рашэнне аб закрыцці
амбасады Швецыі і вярнуцца да дыялогу: «Рашэнне прэзідэнта Лукашэнкі аб высылцы
шведскага пасла з Беларусі за яго падтрымку дэмакратыі і правоў чалавека ў
краіне ніяк не садзейнічае спыненню ізаляцыі Беларусі ад астатняй часткі
Еўропы. Гэтая сітуацыя, на жаль, дэманструе, што беларускія ўлады працягваюць з
непавагай ставіцца да базавых дэмакратычных прынцыпаў і правоў чалавека”. Пры
гэтым генеральны сакратар СЕ падкрэсліў, што Савет Еўропы, як «захавальнік
дэмакратыі і правоў чалавека, прадоўжыць рабіць усё магчымае для прасоўвання
правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі».
Гэта вельмі важныя заявы, паколькі развіццё сітуацыі з правамі чалавека
разглядаецца беларускімі ўладамі выключна ў палітычнай плоскасці
ўзаемадачыненняў з Еўрасаюзам і іншымі краінамі Еўропы. З гэтага пункту
гледжання прызначэнне 20 жніўня міністрам замежных справаў Уладзіміра Макея,
які з’яўляецца “архітэктарам лібералізацыі 2008-2010 гг.” і адным з найбольш
актыўных перамоўшчыкаў з Захадам, некаторымі экспертамі было расцэнена як
сігнал да магчымага ўзнаўлення палітычнага дыялогу з краінамі Еўропы. Гэтае
меркаванне падмацоўваецца словамі А. Лукашэнкі, што “праца па паляпшэнні
пазітыўнага ўспрымання Беларусі за мяжой, дасягненні лепшай пазнавальнасці
краіны ў свеце патрабуе якаснага прарыву”. Варта адзначыць, што Еўрасаюз
неаднойчы заяўляў, што не будзе мяняць сваю цвёрдую палітыку абмежаваных
адносінаў з афіцыйным Мінскам, пакуль за кратамі знаходзяцца палітвязні.
У ліпені-жніўні была працягнута практыка адвольных затрыманняў і арыштаў па надуманых падставах грамадскіх і палітычных актывістаў. Да традыцыйных формаў пераследу дадаліся рэпрэсіўныя захады, звязаныя з выбарчай кампаніяй: асабліваму ціску падвяргаліся прыхільнікі байкоту выбараў, удзельнікі выбарчай кампаніі, назіральнікі. Па ўсёй краіне былі забароненыя масавыя мерапрыемствы, накіраваныя на інфармаванне пра несвабодны характар выбараў, а таксама з заклікамі да байкоту.
Асаблівы ціск быў накіраваны на праваабаронцаў і праваабарончыя арганізацыі. Ні адна з акцый салідарнасці са зняволеным кіраўніком Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесем Бяляцкім і іншымі палітвязнямі, запланаваных праваабаронцамі па ўсёй краіне, не была дазволена. Формы пераследу праваабаронцаў выкарыстоўваліся вельмі разнастаўныя: гвалтоўнае выкраданне з адвольным затрыманнем, выклікі і пастаноўка на прафілактычны ўлік КДБ, адміністрацыйны пераслед, ініцыяванне закрыцця арганізацыі. Адзіным станоўчым паказчыкам у стаўленні да праваабаронцаў стала іх выключэнне са спісаў асобаў, якім забаронены выезд з краіны.
Ціску і пераследу працягвалі падвяргацца журналісты. Распаўсюджанай заставалася практыка крымінальнага пераследу за выказванне меркаванняў, затрыманняў і пакаранняў у адміністрацыйным парадку за выкананне сваіх прафесійных абавязкаў, вынясенне пракурорскіх папярэджанняў.
Важнай ацэнкай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі стала прыняцце 5 ліпеня Радай па правах чалавека ААН рэзалюцыі, у якой утрымліваецца заклік да беларускіх уладаў "неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітвязняў", правесці "поўнае і транспарэнтна расследаванне ўсіх паведамленняў аб прымяненні катаванняў і негуманнага абыходжання з палітзняволенымі", "неадкладна спыніць практыку адміністрацыйных затрыманняў прадстаўнікоў апазіцыі, грамадзянскай супольнасці, журналістаў і праваабаронцаў і не перашкаджаць іх свабоднаму перамяшчэнню, у тым ліку выезд за межы краіны ". Дакумент заклікаў афіцыйны Менск выканаць усе рэкамендацыі, якія ўтрымліваюцца ў дакладзе вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека аб сітуацыі ў Беларусі, які быў прадстаўлены ў ходзе сесіі 27-28 чэрвеня. Згодна з гэтай жа рэзалюцыяй быў уведзены мандат Спецыяльнага дакладчыка, у межах якога спецдакладчык зможа весці пастаянны дыялог з беларускім бокам па пытаннях становішча ў галіне правоў чалавека ў краіне, прадстаўляць кампетэнтны аналіз існуючых праблем, грунтуючыся на якім, зможа прапаноўваць шляхі паляпшэння рэалізацыі і абароны правоў чалавека ў Беларусі ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, прызнанымі рэспублікай. У сваю чаргу сталы прадстаўнік Беларусі пры ААН у Жэневе Міхаіл Хвастоў абвінаваціў Еўрасаюз, які ініцыяваў мандат спецдакладчыка, у палітычнай матывацыі гэтага рашэння, заявіўшы: “Матывы гэтай ініцыятывы Еўрасаюза ніякім чынам не звязаны з правамі чалавека. ЕС такім чынам прасоўвае ў Савеце свой палітычную парадак дня і прымушае Вярхоўнага камісара дзейнічаць у гэтых мэтах. Галоўная задача, якую ставіць ЕС перад гэтым мандатам, - гэта мэтанакіраваная антыўрадавыя дзейнасць у Беларусі пад прыкрыццём ААН”. М. Хвастоў падкрэсліў, што Беларусь не прызнае спецдакладчыка і не будзе з ім узаемадзейнічаць.
У той жа час беларуская праваабарончая
супольнасць ацаніла рашэнне Савета па правах чалавека ААН вельмі станоўча,
расцаніўшы гэта як выразны сігнал міжнароднай супольнасці пра падтрымку правоў
і свабод у краіне. Па меркаванні праваабаронцаў, Савет паказаў, што катаванні і
беспакаранасць, сфабрыкаваныя справы і парушэнні свабоды слова, права на
свабоду аб'яднання і іншыя масавыя парушэнні правоў чалавека не будуць
успрымацца з маўчаннем і абыякавасцю, а галасы прадстаўнікоў грамадзянскай
супольнасці стануць больш чутнымі.
Палітычныя зняволеныя, палітычна матываваны крымінальны пераслед
3 жніўня ў прыёмную Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі была перададзена петыцыя, падпісаная беларускімі праваабаронцамі і грамадскімі дзеячамі, з патрабаваннем вызвалення кіраўніка Праваабарончага цэнтра «Вясна», віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага і ўсіх беларусіх палітвязняў. 22 жніўня ў адзказе начальнік галоўнага ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзянаў Станіслаў Буко адзначыў, што “згодна з Канстытуцыяй судовая ўлада ў Рэспубліцы Беларусь належыць судам. Суддзі пры ажыццяўленні правасуддзя незалежныя ў прыняцці рашэнняў і падпарадкоўваюцца толькі закону. Іншыя дзяржаўныя органы і службовыя асобы такімі паўнамоцтвамі не надзелены”. У адказе таксама паведамляецца, што “якое-небудзь умяшанне ў дзейнасць суддзяў па выкананні правасуддзя недапушчальнае і цягне адказнасць па законе”.
6 ліпеня быў затрыманы і ўзяты пад варту ў СІЗА КДБ рыэлтар Сяргей Башарымаў, а 13 ліпеня - фатограф Антон Сурапін. 16 і 23 ліпеня адпаведна, ім было прад’яўлена абвінавачванне па ч.6 арт.16 (дапамога ў здзяйсненні злачынства) і ч.3 арт. 371 (незаконнае перасячэнне Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь) Крымінальнага кодэксу. Такім чынам КДБ Беларусі расцаніла размяшчэнне Антонам Сурапіным фотаздымкаў палёту шведскага самалёта ў беларускай паветранай прасторы, якое адбылося 4 ліпеня. Яшчэ больш абсурднымі выглядаюць абвінавачванні Сяргея Башарымава, які здаваў у арэнду кватэру грамадзянам Швецыі, у спрыянні пераходу дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь. Гэтыя арышты былі ўспрыняты як спроба перакласці адказнасць за неналежную ахову дзяржаўнай мяжы і паветранай прасторы краіны на звычайных грамадзянаў. Інфармацыя аб прад'яўленні абвінавачанняў А. Сурапіну і С. Башарымаву з'явілася на афіцыйным сайце Камітэта дзяржбяспекі толькі 7 жніўня. У ёй адзначалася: “У інтарэсах аб'ектыўнага расследавання крымінальнай справы і высвятлення ўсіх акалічнасцяў парушэння паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь і Літоўскай Рэспублікі Камітэтам дзяржаўнай бяспекі прапануецца падданым Швецыі, якія прынялі ўдзел у арганізацыі і ажыццяўленні незаконнага перамяшчэння праз Дзяржаўную мяжу, прыбыць у Мінск для ўдзелу ў следчых дзеяннях у якасці падазраваных, у тым ліку для правядзення вочных ставак. Па выніках будуць прынятыя канчатковыя адпаведныя працэсуальныя рашэнні ў дачыненні да беларускіх грамадзян, якія праходзяць па крымінальнай справе". Дадзенай заявай КДБ фактычна пацвердзіў, што С.Башарымаў і А.Сурапін па дадзенай справе з'яўляліся закладнікамі. 17 жніўня А. Сурапін і С. Башарымаў былі вызваленыя пад падпіску аб нявыездзе. У паведамленні КДБ сказана: «Башарымаў С.А. і Сурапін А.А. застаюцца ў статусе абвінавачаных, паколькі неабходныя следчыя дзеянні, у тым ліку правядзенне вочнай стаўкі, не праведзеныя ў сувязі з адмовай падданых Швецыі з'явіцца ў следчае ўпраўленне. Канчатковыя працэсуальныя рашэнні ў дачыненні да грамадзян Беларусі, якія праходзяць па крымінальнай справе, будуць прыняты толькі пасля ўнясення поўнай яснасці ў абставіны расследаванага злачынства».
З пачатку ліпеня Мікалай Статкевіч утрымліваўся 10 сутак у карцары магілёўскай турмы №4. На палітвязня працягваў аказвацца ціск з боку адміністрацыі і праз зняволеных, якія супрацоўнічаюць з адміністрацый, з мэтай напісання ім прашэння аб памілаванні. М. Статкевіч знаходзіцца ў статусе “злоснага парушальніка рэжыму”, яму забаронены спатканні з роднымі, прадуктовыя перадачы і прагулкі. 12 ліпеня палітвязню быў працягнуты строгі рэжым утрымання. 12 жніўня Мікалаю Статкевічу споўнілася 56 гадоў.
7 ліпеня стала вядома, што Сяргея Каваленку прызнала “злосным парушальнікам рэжыму” адміністрацыя магілеўскай калоніі №19, дзе ён адбывае пакараннне. Прашэнне аб памілаванні, напісанае С. Каваленкам яшчэ ў канцы чэрвеня на імя кіраўніка дзяржавы, але без прызнання віны, да канца жніўня так і не было разгледжана. З 28 ліпеня па 14 жніўня палітвязень утрымліваўся ў штрафным ізалятары, куды ён быў змешчаны адразу пасля доўгатэрміновага спаткання з роднымі. Пасля 16 сутак ШІЗА С.Каваленка трапіў у медчастку ў сувязі з пагаршэннем стану здароўя.
У ліпені-жніўні працягваўся ціск на
зняволенага кіраўніка Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага. Вызвалены
з бабруйскай калоніі чалавек расказаў, што, акрамя ўсяго іншага, адміністрацыя
карае вязняў нават за размовы з Бяляцкім – ім пагражае перавод у іншы атрад ці
пазбаўленне палёгкаў. 4 ліпеня суд Партызанскага раёна Мінска прыняў рашэнне аб
канфіскацыі кватэры, якая з’яўлалася офісам Праваабарончага цэнтру “Вясна” на
працягу 12 гадоў, і была аформлена на А. Бяляцкага, а таксама частку прыватнай
маёмасці праваабаронцы. 17 ліпеня Мінскі гарадскі суд не задаволіў скаргу Алеся
Бяляцкага на рашэнне суда Першамайскага раёна аб спагнанні з яго пені ў памеры
140 мільёнаў рублёў за несвоечасовую ўплату сумы запазычанасці. Рашэнне аб
спагнанні пені вынесла суддзя Першамайскага суда Вольга Багам’я 29 сакавіка па
грамадзянскім зыску падаткавай інспекцыі Першамайскага раёна; ні сам Алесь
Бяляцкі, ні ягоная сям’я пра гэты грамадзянскі пазоў нічога не ведалі, не прысутнічаў
на судзе і адвакат праваабаронцы. 5 жніўня на Алеся Бяляцкага было накладзена
чарговае спагнанне адміністрацыяй бабрускай калоніі №2 за вынас кавалка хлеба
са сталовай; тыдзень да гэтага акт аб парушэнні рэжыму ўтрымання быў складзены
за занавешванне ім спальнага месца. За дадзеныя парушэнні Алеся Бяляцкага
пазбавілі чарговай прадуктовай перадачы і кароткатэрміновага спаткання з
роднымі, якое планавалася 15 жніўня. Скарга ў Дэпартамент выканання пакаранняў,
пададзеная жонкай А. Бяляцкага, на строгасць і несувымернасць пакарання з
цяжкасцю парушэнняў, засталася незадаволнай, з праваабаронцы не быў зняты
статус “злоснага парушальніка рэжыму”.
23 ліпеня маці палітвязня Аляксандра Францкевіча, які адбывае пакаранне ў
калоніі №22 каля Івацэвічаў, паведаміла, што адміністрацыя аказвае ціск на
палітвязня праз пагрозы іншым зняволеным, адзін з вязняў быў нават змешчаны ў
ШІЗА. Такім чынам яго спрабуюць ізаляваць і пазбавіць камунікацыі з людзьмі.
Вядома, што ціск на яго ўзмацніўся пасля таго, як у калонію прыязджаў Аляксандр
Ліцвінскі – начальнік аддзела Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай
злачыннасцю і карупцыяй МУС, які кіраваў зачысткай анархістаў восенню 2010
года. Раней Аляксандр Ліцвінскі наведваў іншага палітвязня, Мікалая Дзядка,
цікавячыся, ці гатовы ён папрасіць памілаванне. Адказ быў адмоўны. Пасля гэтага
Мікалаю надалі статус злоснага парушальніка, пазней перавялі у Шклоўскую
калонію № 7, дзе ціск узмацніўся яшчэ больш. Аляксандру Францкевічу таксама
нададзены статус “злоснага парушальніка рэжыму”. У пачатку жніўня ён быў
змешчаны на 10 сутак у штрафны ізалятар.
24 ліпеня была пакінутая без задавальнення асацыйная скарга Васіля Парфянкова на прысуд аб арышце на 6 месяцаў за невыкананне ўмоваў прэвентыўнага нагляду, устаноўленага судом (артыкул 421 КК РБ). Такое рашэнне прыняла судовая калегія Мінскага гарадкога суда.У той жа час суддзі палічылі магчымым не прымяняць да В.Парфянкова артыкул 107 (частка1) Крымінальнага кодэксу (прымяненне прымусовых мераў бяспекі і лячэння да асобаў, якія пакутуюць на хранічны алкагалізм, наркаманію і таксікаманію). 9 жніўня В. Парфянкоў быў змешчаны ў СІЗА№1 Мінска, дзе да 16 жніўня чакаў этапу ў папраўчую калонію №6 у Баранавічах, куды ён накіраваны для адбыцця пакарання.
У канцы жніўня Мікалай Аўтуховіч атрымаў кароткатэрміновае спатканне з сям’ёй, якіх не бачыў амаль год. Ім дазволілі паразмаўляць паўтары гадзіны праз шкло па тэлефоне. Палітвязень адзначае, што шмат чытае ў турме, піша лісты, а таксама спрабуе вучыць англійскую мову.
28 жніўня ў папраўчай калоніі № 13 у Глыбокім адбылося пасяджэнне выязнога суда па новай крымінальнай справе, узбуджанай супраць палітвязня Дзмітрыя Дашкевіча па абвінавачанні ў непадпарадкаваньні адміністрацыі папраўчай установы (ч. 1, арт. 411 КК РБ). Пасяджэнне праходзіла ў закрытым рэжыме. Па справе праходзіла каля 40 сведак -- міліцыянтаў і зняволеных калоніі. Ад паслуг адваката Дзмітрый Дашкевіч адмовіўся. Суд Глыбоцага раёна дадаў палітвязню 1 год калоніі, што з'яўляецца максімальным прысудам. Пры гэтым, у гэты год залічаныя тыя 4 месяцы, якія мусіў Зьміцер яшчэ адбыць паводле ранейшага прысуду. Такім чынам, выйсці на волю Дзмітрый Дашкевіч зможа не раней за 28 жніўня 2013 годзе.
28 жніўня было працягнута следства па
крымінальнай справе, узбуджанай супраць карэспандэнта польскай «Gazety
Wyborczej» Андрэя Пачобута па ч. 2 арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да
прэзідэта). Журналіста заптымалі ў Гродна 21 чэрвеня, да 30 чэрвеня ён
утрымліваўся ў гарадзенскім СІЗА, пасля чаго пад ціскам грамадскасці быў
вызвалены пад падпіску аб нявыездзе.
Пераслед праваабаронцаў
19 ліпеня КДБ Беларусі паставіў на
прафілактычны ўлік кіраўніка інфармацыйна-асветніцкай установы «Платформа»,
праваабаронцу Андрэя Бандарэнка. У гэты дзень Бандарэнка быў дастаўлены ў КДБ,
дзе яго азнаёмілі з пастановай аб пастаноўцы на прафілактычны ўлік. Яму
прапанавалі распісацца, што ён азнаёмлены з дакументам. На патрабаванне
прадаставіць копію пастановы аб пастаноўцы на ўлік супрацоўнікі КДБ адказалі
адмовай. Бандарэнку было прапанавана азнаёміцца з усімі дакументамі па справе
і зрабіць неабходныя выпіскі. На просьбу даць яму ручку і ліст паперы, каб
зрабіць выпіскі, таксама была атрымана адмова.
20 ліпеня суд Цэнтральнага раёна Мінска разгледзеў скаргі намесніка старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціна Стэфановіча і дырэктара інфармацыйна-асветніцкай установы «Платформа» Андрэя Бандарэнкі на дзеянні Міністэрства абароны і Міністрэства ўнутраных спраў на ўнясенне іх прозвішчаў па надуманых падставах у банк дадзеных аб грамадзянах РБ, права якіх на выезд з Рэспублікі Беларусь часова абмежавана. Прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў, начальнік Дэпартамента па грамадзянству і міграцыі Аляксей Бягун прадставіў суду даведкі пра выключэнне Стэфановіча і Бандарэнкі з банку дадзеных, пазначаныя 20 ліпеня. Ён таксама паведаміў суду, што службовыя асобы МУС рашэння аб унясенні праваабаронцаў у банк дадзеных не прымалі, і спаслаўся пры гэтым на тэхнічны збой. Каментаваць, якім чынам гэта адбылося, і хто вінен у гэтым збоі, Бягун адмовіўся. Прадстаўнік Міністэрства абароны маёр юстыцыі Леанід Вальчэўскі катэгарычна заявіў, што ягонае ведамства не падавала звестак на ўнясенне ў базу дадзеных Стэфановіча і Бандарэнкі па прычыне ўхілення ад мерапрыемстваў па прызыве на ваенную службу. Суддзя Алена Сямак адхіліла ўсе хадайніцтвы заяўнікоў, у тым ліку аб правядзенні судовай камп’ютэрнай тэхнічнай экспертызы для ўстанаўленне прычын збою ў базе дадзеных, на якую спасылаюцца прадстаўнікі МУС. Хадайніцтва Валянціна Стэфановіча ад адводзе суддзі, якая цягам 5 месяцаў, у парушэнне патрабаванняў ГПК РБ, не змагла прызначыць дату судовага паседжання, судом таксама не было задаволена. Заслухаўшы заяўнікоў па справе, прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, чые дзеянні абскарджваліся, а таксама грамадскага прадстаўніка Гары Паганяйла, суддзя Сямак вынесла рашэнне пакінуць без задавальнення скаргі Валянціна Стэфановіча і Андрэя Бандарэнкі.
У гэты ж дзень павінна была разглядацца аналагічная скарга старышыні “Беларускага Хельсінкскага камітэту” Алега Гулака, але судовы працэс быў перанесены на 31 ліпеня. У гэты дзень падчас спрэчак выступілі Алег Гулак, яго прадстаўнік — праваабаронца Гары Паганяйла, а таксама прадстаўнік Мінюсту, які ў судзе не называў свайго прозвішча, і прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў Аляксей Бягун, начальнік Дэпартамэнту міграцыі і грамадзянства. Алег Гулак заявіў, што дзяржаўныя органы незаконна змясцілі яго ў базу дадзеных і абмежавалі яго права на выезд. Ён адзначыў, што хоць у судзе і не змаглі выявіць, хто дакладна гэта зрабіў, але тое, што гэта было зроблена, нават Міністэрства ўнутраных спраў прызнала. Алег Гулак адзначыў, што законных падстаў абмяжоўваць яго права на выезд не было, і Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства юстыцыі абавязаныя несці адказнасць за свае дзеянні. Паводле Гулака, гэта адбылося з дыскрымінацыйных прычын. Ён прывёў у якасьці прыкладу тое, што яшчэ 17 чалавек, якія вядомыя сваёй палітычнай, апазіцыйнай дзейнасцю, — вядомыя праваабаронцы, адвакаты, журналісты, — таксама аказаліся ўнесеныя ў гэты спіс. Аляксей Бягун прызнаў у спрэчках, што сапраўды быў факт тэхнічнага збою, праз які ў сьпісах невыязных апынуўся Алег Гулак. Але, паводле Бегуна, у гэтым банку дадзеных агулам знаходзяцца каля 100 000 чалавек, і толькі 50 чалавек апынуліся там памылкова. Прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў сказаў, што пасля гэтых разборак Алег Гулак быў выкраслены са спісу невыязных.
26 ліпеня падатковая інспекцыя Савецкага раёна Мінска аштрафавала дырэктара інфармацыйна-асветнай установы «Платформа» Андрэя Бандарэнку за несвоечасовае падаванне дакументаў аб падатку на прыбытак. Паводле слоў праваабаронцы, усю падатковую справаздачнасць «Платформа» здала ў адпаведнасці з заканадаўствам яшчэ ў сакавіку. «Аднак, як аказалася, наша справаздача дзесьці „згубілася“ і пра яе ўспомнілі толькі цяпер. 24 ліпеня мы падалі справаздачу паўторна. 25 ліпеня падатковы інспектар ператэлефанавала мне і папрасіла прыехаць да яе да 18 гадзін, мы дамовіліся, што я прыеду. Аднак у 16.30 да мяне ў кватэру прыйшлі супрацоўнікі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі № 66 Савецкага раёна і прад’явілі пастанову аб прымусовым прывадзе мяне ў падатковую. Прывад яны пагадзіліся ажыццявіць толькі на іх машыне», — сказаў Бандарэнка. У выніку падатковая інспекцыя наклала штраф на ІПУ «Платформа» ў 500 тысяч рублёў і 200 тысяч — на Бандарэнку як на дырэктара ўстановы.
31 ліпеня ўвечары намесніца дырэктара інфармацыйна-асветніцкай установы «Платформа» Алена Красоўская-Каспяровіч перастала выходзіць на сувязь. Апошні раз супрацоўнікі «Платформы» кантактавалі з ёй пасля 15-й гадзіны, пасля чаго сувязь перапынілася, і аб яе месцазнаходжаньні нічога не было вядома. 1 жніўня, пасля падачы заявы аб знікненні, высветлілася, што праваабаронца знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкаму. Толькі 2 жніўня, калі праваабаронцу ў ЦІП наведаў адвакат, стала вядома, што Алена Красоўская-Каспяровіч была затрымана каля ўласнага дому, на яе складзены пратакол аб дробным хуліганстве. Калегам праваабаронцы паведамілі, што 3 жніўня ў судзе Партызанскага раёну Мінска адбудзецца суд, але ў першай палове дня Алена Красоўская-Каспяровіч была вывезена з ЦІП невядомымі ў цывільным на машыне без нумароў за горад і адпушчана без усялякіх тлумачэнняў.
14 жніўня праваабаронца Уладзімір Малей быў выкліканы ў РУУС Ленінскага раёну Брэста, дзе было праведзена разбіральніцтва па факту яго прабежкі 4 жніўня па вуліцах абласнога цэнтру ў майцы з выявай Алеся Бяляцкага на знак салідарнасці з арыштаваным старшынёй Праваабарончага цэнтра “Вясна” і іншымі палітзняволенымі. Уладзімір Малей даў тлумачэнні супрацоўнікам праваахоўных органаў, што грамадскага парадку не парушаў, нікому бегам не замінаў, у выніку чаго адміністрацыйнае разбіральніцтва было спынена.
17 жніўня сябру Рады Праваабарончага цэнтру “Вясна” Таццяну Рэвяка выклікалі ў КДБ для апытання "ў якасці асобы, якая дасведчаная аб абставінах, якія маюць значэнне для забеспячэння нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь". Апытанне праводзілі капітан Аляксандр Рубінаў (падчас ранейшых вобыскаў у офісе Праваабарончага цэнтру “Вясна” і ў матэрыялах справы Алеся Бяляцкага гэты чалавек праходзіць пад прозвішчам Мацкевіч) і старэйшы оперупаўнаважаны Аляксандр Брэеў. Супрацоўнікаў КДБ цікавіла размешчаная на сайце spring96.org інфармацыя, дадычная ўмяшальніцтва КДБ Магілёву ў выбарчы працэс. У праваабаронцы запытваліся аб тым, адкуль была атрыманая гэтая інфармацыя, ці з’яўляецца Рэвяка яе аўтарам, ці правярала яна выкладзеныя ў матэрыяле факты непасрэдна ў КДБ. Праваабаронца была папярэджана аб тым, што ў выпадку, калі выкладазеная інфармацыя аб органах дзяржбяспекі не знойдзе пацверджання, то гэта будзе разглядацца як дыскрэдытацыя дзяржаўнага органу і ўсёй Рэспублікі Беларусь, але было адзначана, што на дадзены момант пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы па дадзеным абвінавачанні не стаіць.
21 жніўня суддзя суду Баранавіцкага раёна і
г.Баранавічы Васіль Петрыў прызнаў праваабаронцу Сяргея Гоўшу вінаватым у
здзяйсненні дробнага хуліганства (брыдкаслоўі ў размове са старшынёй акруговай
камісіі, дзе ён зарэгістраваны ў якасці назіральніка) і пакараў штрафам у
памеры 15 базавых велічынь. Абвінавачанне было звязана з падзеямі, якія
адбыліся 10 ліпеня, калі назіральнік Сяргей Гоўша прысутнічаў на першым
пасяджэнні акруговай камісіі па Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акрузе №5 і
азнаёміўся з пратаколам гэтага пасяджэння. Заўважыўшы неадпаведнасці ў
пратаколе, С.Гоўша 23 ліпеня звярнуўся да старшыні камісіі Т.Латышавай з
заўвагай аб выяўленай неадпаведнасці. У выніку назіральніка абвінавацілі ў
дробным хуліганстве. Нягледзячы на тое, што Сяргей Гоўша прадставіў у судзе
аўдыёзапіс размовы са старшынёй камісіі, у якім не ўтрымлівалася нецэнзурнай
лаянкі, суддзя прызнаў яго вінаватым.
24 жніўня на шляху дадому міліцэйскім нарадам у Жодзіне за фатаграфаванне на вуліцы, у якое трапілі міліцыянены, быў затрыманы праваабаронца Аляксей Лапіцкі. Кіраўнік нараду, супрацоўнік міліцыі А.Манько, выклікаў для разбіральніцтва машыну падтрымкі. Афіцэр міліцыі П.Ясіневіч прапанаваў падначаленым працягнуць патруляванне і пасля кароткай размовы з праваабаронцам, азнаямленнем з сітуацыяй і праверкі пашпартных дадзеных, паведаміў Аляксею Лапіцкаму, што яго “ніхто не затрымліваў”, і ён вольны.
31 жніўня стала вядома, што пад пагрозай закрыцця апынулася інфармацыйна-асветніцкая ўстанова «Платформа», якая займаецца абаронай правоў зняволеных. З такой ініцыятывай выступіла інспекцыя падаткаў і збораў Савецкага раёну сталіцы на падставе нібыта парушэння «Платформай» тэрміну падачы дэкларацыі і непаведамення пра змену месцазнаходжання. Разгляд справы запланаваны на верасень у Гаспадарчым судзе Мінска.
Выкарыстанне катаванняў і жорсткага абыходжання
7 ліпеня актывістка "Еўрапейскай Беларусі" Алена Семенчукова накіравала скаргу ў абласную пракуратуру з просьбай аб звароце ва ўпраўленне МУС аблвыканкаму з мэтай выпраўлення ўмоваў утрымання ў ІЧУ Віцебска. Дзяўчына адзначыла акалічнасці, якія прыніжаюць чалавечы гонар асобаў, якія там утрымліваюцца. "У камеры няма спальных месцаў і ўвогуле якой-небудзь мэблі. Адміністрацыя ІЧУ адмовілася прыняць для мяне перадачу зь цёплымі рэчамі, вадой і гігіенічнымі сродкамі. Таму ляжаць давялося на падлозе, у джынсах, белай майцы і "балетках". Заснуць было немагчыма, бо дужа халодна. У камеры не было чым дыхаць – яна не праветрываецца. Усю ноч вочы сляпіла святло лямпачкі, якую не выключалі. "Радыёкропку" таксама немагчыма зрабіць цішэй. Першы раз мне прынеслі ежу раніцай наступнага пасля затрымання дня. Есці давялося таксама на падлозе і бруднымі рукамі, бо ні ручніка, ні мыла не давалі. Унітазам я таксама карыстацца не змагла -- было гідка, бо ён не мае зліўнога бачка і знаходзіцца полі зроку супрацоўнікаў ІЧУ". У ізалятары часовага ўтрымання Алена Семенчукова правяла 10 сутак арышту за распаўсюд улётак.
20 ліпеня бацькі затрыманага па падазрэнні ў крадзяжы Паўла Плаксы, які ўтрымліваецца ў Жодзінскім СІЗА, атрымалі адказ на свае шматлікія скаргі па фактах катаванняў іх сына супрацоўнікамі Ленінскага РУУС Мінска. Следчы камітэт адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Па заявах, накіраваных бацькамі ў Пастаянную камісію ПП НС РБ па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, Генеральнаму пракурору, пракурору Ленінскага раёна г. Мінска, а таксама па дзвюх заявах ад самога Паўла Плаксы была праведзена праверка. Пра гэта паведамляецца ў адказе з Ленінскага раённага аддзела Следчага камітэта за подпісам следчага маёра І. Мукасея, дзе далей гаворыцца, што ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмоўлена на падставе п. 2 ч. 1 арт. 29 КПК Рэспублікі Беларусь, гэта значыць у сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях міліцыянтаў складу злачынства.
Па словах Аляксандра Генадзьевіча Парцянкі, у матэрылах праверкі, няма нават намёку на катаванні сына: Яны ўказваюць, што Павел атрымаў цялесныя пашкоджанні яшчэ дома падчас затрымання, паколькі аказаў супраціўленне. А наконт таго, што яго збівалі ў РУУСе, нічога не сказана. Яны толькі запісалі ў журнал, што прымянялася дубінка, хоць там гематомы па 25-36 сантыметраў - ад ягадзіц пераходзяць у сцёгны, драпіны, сінякі па ўсім целе, раны велізарныя. Баяліся, што зноў пачне аказваць супраціўленне і дзень і ноч трымалі ў кайданках - так і пішуць. Самі аператыўныя работнікі даюць паказанні, што кайданкі здымалі толькі пры падпісанні папераў”. А што адбывалася да падпісання патрэбных міліцыянтам папераў, бацькі ведаюць са словаў Паўла. “Цягам некалькіх сутак яго катавалі дзень і ноч. Збівалі, пакет апраналі на галаву, каб перакрыць паветра, есці не давалі, у прыбіральню не вадзілі. Катавалі па чарзе, пазменна, - распавядае Аляксандр Генадзьевіч. – Асабліва лютаваў там адзін – аператыўны супрацоўнік Рома. Ён тыкаў Паўлу ў твар пасведчанне, і казаў: «ты адсюль жывым не выйдзеш, і ніхто нічога не даведаецца, ты не жылец». І менавіта пад ціскам міліцыянта Рамана Павел Плакса падпісаў адмову ад дастаўлення ў бальніцу, калі прыязджала хуткая дапамога.
Праваабаронцы ўжо неаднаразова выказвалі свае сумневы наконт эфектыўнасці праверак у сітуацыях, калі скаргі на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі перанакіроўваюцца органамі пракуратуры ў адпаведыя раённыя аддзелы Следчага камітэта. У выпадку з Паўлам Плаксам скарга яго бацькоў на дзеянні супрацоўнікаў Ленінскага РУУСа была перанакіраваная ў Ленінскі раённы аддзел Следчага камітэта, то бок, у орган, які вядзе крымінальную справу Паўла і ў якім зараз працуюць былыя следчыя таго ж самага Ленінскага РУУСа.
Пасля азнаямлення з матэрыяламі праверкі Следчага камітэта бацькі Паўла Плаксы вырашылі абскардзіць яе вынікі пракурору Ленінскага раёна Мінска.
Актывізацыя ціску спецслужбаў на грамадска і палітычна актыўных грамадзян
6 ліпеня на былое месца працы маладэчанскай актывісткі Таццяны Балабанскай тэлефанавалі з КДБ, каб даведацца, ці яна яшчэ там працуе. На апошніх выбарах у мясцовыя Саветы 2010 году Таццяна Балабанская была скарочана з інжынерскай пасады Маладэчанскага лясгаса па ініцыятыве дырэктара Анатоля Ермаловіча на наступны дзень пасля таго, як Таццяна падала дакументы на рэгістрацыю яе кандыдатам у дэпутаты. Новы віток цікавасці супрацоўнікаў КДБ да актывісткі звязаны з пачаткам кампаніі па выбарах у парламент.
14 жніўня Уладзіслаў Ярашоў, які збірае подпісы ў падтрымку кандыдата ад Руху “За свабоду” Уладзіміра Пунчанку, паведаміў, што да яго дадому завітаў супрацоўнік КДБ, які задаваў пытанні пра тое, колькі плацяць за подпісы, хто кіруе і арганізоўвае гэты працэс. Чалавек, які назваў сябе супрацоўнікам спецслужбаў, пагражаў Уладзіславу, студэнту Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова, адлічэннем з вучобы за ягоную працу ў камандзе апазіцыйнага кандыдата, а таксама прапаноўваў супрацоўніцтва з КДБ. 16 жніўня, праз дзень пасля таго, як у інтэрнэце была размешчана інфармацыя аб гэтым інцыдэнце, Уладзіславу Ярашову патэлефанавалі супрацоўнікі КДБ і папрасілі яго прыйсці да іх на размову. Хлопец адмовіўся сустракацца без позвы. Праз некаторы час позву прывезлі Уладзіславу дадому і разам з супрацоўнікамі КДБ хлопца на машыне даставілі ў будынак Камітэта дзяржбяспекі. Там амаль цягам гадзіны адбывалася размова. Уладзіслаў апісаў невядомага, які прадстаўляўся супрацоўнікам КДБ, расказаў, пра што той яго распытваў і адзначыў, што прадстаўляўся ён выключна супрацоўнікам КДБ, аднак імя і прозвішча сваё не называў. Напрыканцы размовы Уладзіслаў Ярашоў даў падпіску аб тым, што не будзе распаўсюджваць несапраўдную інфармацыю.
17 жніўня лідэра бабруйскай суполкі АГП Віктара Бузінаева выклікалі ў КДБ. Размова з супрацоўнікам КДБ Паўлам Сілковым цягнулася каля трох гадзін. Актывіста папярэдзілі, каб ён не надумаў арганізаваць якую акцыю, сказалі, што нават калі ён апране нейкую майку “з лозунгамі” і будзе ў ёй гуляць па гораду, гэта будзе залічана як несанкцыянаваная акцыя. А за гэта, па словах супрацоўнікаў КДБ, В. Бузінаву можа пагражаць артыкул 342 Крымінальнага кодэкса (“Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўны ўдзел у іх”) і пакаранне тэрмінам да трох год абмежавання свабоды.
24 жніўня актывіста кампаніі “Гавары праўду!” Дзяніса Дашкевіча з Рагачова выклікалі ў мясцовы аддзел КДБ, дзе яго пратрымалі амаль 4 гадзіны. Ад актывіста патрабавалі, каб той падпісаў адпаведную паперу, у якой зазначалася, што ён – фінансавы махінатар, які браў грошы за арганізацыю вяселляў у далярах, а не рублях, а таксама дапамагаў сваім калегам-прадпрымальнікам арганізоўваць такія святы. Подобная размова праводзілася і з жонкай Дашкевіча, якая выйшла з КДБ крыху раней. Супрацоўнікі КДБ сказалі Дашкевічу, што на яго можа быць заведзеная крымінальная справа, а матэрыялы па яго дзейнасці будуць перададзены ў падатковую інспекцыю.
30 жніўня былі затрыманыя адміністратары апазіцыйных груп у сацыяльнаяй сетцы “В контакте”. У гэты дзень на працу да маці Паўла Еўціхіева прыйшлі двое ў цывільным і, не прад’явіўшы аніякіх дакументаў, запатрабавалі праехаць дадому па справе сына. Каля пад’езду іх чакалі яшчэ чацвёра, на думку жанчыны, супрацоўнікаў КДБ. Яны падняліся ў кватэру і ў прысутнасці жанчыны дапыталі Паўла. Іх цікавілі стасункі з нейкім Раманам (верагодна Пратасевіч) і дачыненне да інтэрнэтаўскай суполкі “В контакте” “Ляпіс Трубяцкой – бясплатны канцэрт у Мінску”. Пыталіся яны таксама і пра паролі ад суполкі. Праз некаторы час былі выкліканыя супрацоўнікі міліцыі Кастрычніцкага РУУСа Мінска, якія забралі з сабой Паўла і ягоны хатні кампутар. На пярэчанні маці ёй прад’явілі пасведчанне на імя капітана міліцыі Аляксандра Макарава. Ніякіх папераў пры гэтым не складалася. 31 жніўня Паўла Еўціхіева даставілі ў суд Кастрычніцкага раёна і па абвінавачанні ў дробным хуліганстве асудзілі на 5 сутак арышту.
Адміністратара групы «Только ШОС!» Андрэя Ткачова, у дзяўчыны якога быў праведзены ператрус і сканфіскаваны ноўтбук, супрацоўнікі міліцыі таксама абвінавацілі ў дробным хуліганстве, а суд асудзіў да 7 сутак арышту.
Рамана Пратасевіча, кіраўніка групы “Ляпіс Трубяцкой – бясплатны канцэрт у Мінску”, пасля допыту, пагроз і збіцця адпусцілі праз чатыры гадзіны, паколькі ён непаўнагадовы.
Яшчэ аднаму адміністратару інтэрнэт-групы Cяргею Бяспалаву, якога папярэдзілі сябры, удалося пазбегчы затрымання, ён паспеў пакінуць межы Беларусі.
У Віцебску быў затрыманы мадэратар інтэрнэт-суполкі «Надоел нам этот Лукашенко» Алег Шрамук. У дзверы ягонай кватэры пазваніла невядомая жанчына і прапанавала набыць атруту для мышэй. Шрамукі адмовіліся, але праз некаторы час гэтая ж жанчына пазваніла зноў. Калі Алег адчыніў дзверы, у кватэру ўварваліся супрацоўнікі спецназу і міліцыі. Без тлумачэння прычынаў яны забралі Алега, сказаўшы, што з'яўляюцца супрацоўнікамі Кастрычніцкага РАУС. Дапыталі таксама і ягоную жонку Алесю Шрамук. Пасля амаль суткавага допыту Алега Шрамука адпусцілі, а інтэрнэт-суполку знішчылі.
30 жніўня старшыня гарадзенскай суполкі Кастрычніцкага раёну Аб’яднанай грамадзянскай партыі Дзмітрый Аўдзейчык, на яго і ягонага сябра Яўгена Швядзько паведамілі пра ціск з боку спецслужбаў. Па словах Аўдзейчыка, ён і Швядзько былі затрыманыя тыдзень таму ў момант, калі расклейвалі самаробна выпушчаныя ўлёткі з заклікам да байкоту выбараў. Аўдзейчык расказаў, што іх высачыў чалавек у цывільным і патэлефанаваў у міліцыю. Затрыманых завезлі ў РАУС па вуліцы Гая, трымалі там тры гадзіны і ўзялі пісьмовыя тлумачэнні. Пры тым хлопцаў палохалі нават крымінальнай адказнасцю, ацаніўшы што змест улётак мае “антигосударственный характер”. Актывісты чакалі, што іх выклічуць у суд для разгляду адміністрацыйнай справы. Аднак, па словах Аўдзейчыка, днямі Яўгену Швядзько патэлефанавалі з КДБ і сказалі, што неўзабаве абодвух выклічуць туды для разбіральніцтва.
Адміністрацыйны пераслед грамадска-палітычных актывістаў, адвольныя затрыманні
2 ліпеня стала вядома пра затрыманне актывіста моладзевага крыла кампаніі “Гавары праўду” “Zmena” Ягора Віняцкага. Яму патэлефанавалі 30 чэрвеня з Першамайскага РУУСа Мінска і запрасілі падыйсці па справе знойдзенага ноутбука, адносна крадзяжу якога ён падаваў заяву. Аднак у выніку ён апынуўся ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, на яго складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. 3 ліпеня Ягора Віняцкага адвезлі з Акрэсціна ў Першамайскі РАУС на прафілактычную размову з кіраўніцтвам, але кіраўніцтва не з'явілася. Пасля 5 гадзін чакання моладзевага актывіста адпусцілі, але папярэдзілі, што яго выклічуць у суд адмысловай позвай.
3 ліпеня, у афіцыйнае свята Дзень незалежнасці, у Баранавічах быў затрыманы моладзевы актывіст Арцём Бабей. За ім сачылі яшчэ раніцай, але затрымалі каля маладога парку па вуліцы Камсамольскай падчас праходжання турнікету. Міліцыянеры сказалі, што ён падобны да нейкага злачынцу, і павялі ў пастарунак па вуліцы Камсамольскай. Да агляду рэчаў далучыўся маёр Кульгавік, які год таму падчас гутаркі папярэджваў актывіста пра недапушчальнасць удзелу ў маўклівых акцыях пратэсту. У пастарунку актывіста пратрымалі каля гадзіны і адпусцілі без складання пратаколу.
4 ліпеня ў судзе Першамайскага раёна Мінска адбылося слуханне па справе актывіста "Еўрапейскай Беларусі” Андрэя Малчанава, які 19 мая ў знак салідарнасці са зняволеным віцебскім апазіцыянерам Сяргеем Каваленкам разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг у Мінску, за што быў жорстка збіты міліцыянтамі. Яму было вынесена абвінавачанне па артыкуле 23.34 КаАП - несанкцыянаванае пікетаванне. Суддзя Сяргей Анатольевіч Люштык прызнаў Андрэя Молчана вінаватым і прызначыў пакаранне - штраф 8 базавых велічыняў, праігнараваўшы факт збіцця Молчана, пацверджанага медыцынскай экспертызай.
4 ліпеня суддзя Кастрычніцкага райсуда Віцебска Іна Грабоўская прысудзіла два штрафы, кожны ў памеры 12 базавых велічынь, актывісту "Маладога фронту" Яўгену Гуцалаву, якога затрымалі 3 ліпеня за распаўсюд улётак з заклікам да байкоту выбараў і змясцілі на ноч у ізалятар часовага ўтрымання. Малады чалавек быў абвінавачаны па двух артыкулах – за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі і за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.
5 ліпеня суддзя Кастрычніцкага райсуда Віцебска Іна Грабоўская пакарала актывістку "Еўрапейскай Беларусі" Алену Семенчукову 10 суткамі арышту. 22-гадовая дзяўчына была затрымана яшчэ 29 чэрвеня падчас распаўсюду улётак з заклікам байкатаваць выбары. Дзяўчыну пачалі судзіць яшчэ 30 чэрвеня, але суддзя працэс перанесла, каб Алена дамовілася з адвакатам.
12 ліпеня ў Оршы была затрыманая актывістка грамадзянскай кампаніі «Наш Дом» Яніна Ляснеўская. Супрацоўнікі міліцыі заявілі, што Яніну падазраюць у распаўсюдзе твораў, якія прапагандуюць культ гвалту і жорсткасці (артыкул 17.8 Кодэкса аб Адміністратыўных правапарушэннях). Такімі матэрыяламі міліцыянты палічылі дзіцячыя размалёўкі «Мой тата міліцыянт. Што ён робіць на працы?». Пасля гутаркі з міліцыянтамі Яніну Ляснеўскую адпусцілі, склаўшы адміністратыўны пратакол.
17 ліпеня ў судзе Першамайскага раёна Мінска
суддзёй Аленай Ананіч разглядалася адміністрацыйная справа Леаніда Мажальскага,
які пратэставаў супраць будаўніцтва дома для спецназа ва Ўруччы. Мажальскі быў
затрыманы 5 ліпеня, калі спрабаваў перашкодзіць будаўнікам усталяваць
будпляцоўку. Мажальскі быў абвінавачаны на падставе артыкулаў 17.1 (дробнае
хуліганства), 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню
службовай асобы пры выкананні ею службовых паўнамоцтваў) і 23.34 (парушэнне
парадку арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання)
Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Па першым артыкуле ён асуджаны на
двое сутак адміністрацыйнага арышту, па другім — прыгавораны да штрафу ў 20
базавых велічынь (2 млн. рублёў), па трэцім — асуджаны на трое сутак арышту.
17 ліпеня, напярэдадні візіту ў Менск прэм’ер-міністра Расеі Дзмітрыя
Мядзьедзева, быў затрыманы актывіст, аўтар нашумелага перфомансу “Мусарок” Іван
Амельчанка. Прыкладана пасля 11 гадзін раніцы Іван выйшаў з дому на
запланаваную сустрэчу, а пасля 13 гадзін стала вядома, што ён дастаўлены ў суд
Ленінскага раёна Мінска, і яго абвінавачваюць у непадпарадкаванні супрацоўнікам
міліцыі (арт. 23.4 КаАП РБ). Суддзя Запаснік пакараў Івана Амельчанку 12
суткамі адміністрацыйнага арышту. У дзень затрымання і арышту Іван Амельчанка
збіраўся наведаць акруговую камісію, каб зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу
па вылучэнні яго кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Але з улікам досьведу
прэвентыўных затрыманняў (за два апошніх месяцы Амельчанка правёў за кратамі
агулам 40 дзён), было вырашана адправіць дакументы на рэгістрацыю поштай.
Акруговая камісія дакументы атрымала, аднак рэгістраваць ініцыятыўную групу
адмовілася менавіта таму, што дакументы былі дастаўленыя не асабіста.
17 ліпеня былі затрыманыя “маладафронтаўцы” Уладзімір Яроменак, Раман Васільеў і непаўнагадовы Раман Пратасевіч (апошняга адпусцілі). Уладзіміра Яроменку і Рамана Васільева даставілі ў суд Кастрычніцкага раёна Мінска, абвінаваціўшы ў брыдкаслоўі: нібыта ў 7-40 раніцы яны лаяліся матам на вуліцы Бабруйскай. Суддзя Лапко пакарала Рамана Васільева арыштам на 12 сутак, сведкамі выступілі супрацоўнікі міліцыі Цюніс і Драздоў. Уладзіміра Яроменку пакаралі арыштам на 15 сутак. Актывістка Кася Галіцкая, якая прыехала ў Дом правасуддзя падтрымаць юнакоў, была затрыманая проста ў судзе і абвінавачаная ў брыдкаслоўі, ноч яна правяла ў ЦІП. 18 ліпеня суддзя суда Маскоўскага раёну Мінска Таццяна Мотыль асудзіла Касю Галіцкую на 10 сутак адміністрацыйнага арышту, сведкамі выступілі спецназаўцы Яўген Барадач і Зміцер Тарашкевіч.
18 ліпеня каардынатар беларускай антыядзернай кампаніі Таццяна Новікава і фізік-ядзершчык з Расіі Андрэй Ажароўскі былі пакараныя па абвінавачанні ў дробным хуліганстве арыштамі на 5 і 10 сутак адпаведна судом Ленінскага раёна Мінска. Актывісты антыядзернай кампаніі збіраліся перадаць у расійскую амбасаду ў Мінску зварот супраць падпісання кантракту на будаўніцтва Астравецкай АЭС. Падпісанне генкантракту было запланавана ў рамках візіту ў Мінск прэм’ер-міністра Расіі Дзмітрыя Мядзведзева. Таццяна Новікава хранічна хворая, у яе выдаленая шчытавідная залоза, і яна не можа жыць без пастаяннага прыёму спецыяльных прэпаратаў.
У гэты ж дзень былі затрыманыя ў Мінску старшыня грамадскага аб’яднання “Экадом” Ірына Сухій, якая таксама з'яўляецца актывісткай антыядзернай кампаніі, і каардынатар маніторынгавай групы Цэнтра прававой трансфармацыі Міхаіл Мацкевіч. Пасля складання пратаколаў па абвінавачанні ў дробным хуліганстве (арт.17.1 КаАП) яны былі дастаўленыя ў суд Цэнтральнага раёна. Суддзя Якунчыхін пакараў Ірыну Сухій штрафам у памеры 15 базавых велічынь, Міхаіла Мацкевіча суддзя Есьман асудзіў на 3 сутак адміністрацыйнага арышту. Сведкамі па справе выступалі супрацоўнікі міліцыі Антон Літвінка і Багдан Жокун.
19 ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска была разгледжаная адміністрацыйная справа актывісткі ЛГБТ-руху Варвары Красуцкай, якую абвінавацілі ў дробным хуліганстве (арт.17.1 КаАП РБ) і пакаралі штрафам у памеры 700 000 рублёў, суддзя - Вікторыя Ткачова. Варвару затрымалі ў другой палове дня 18 ліпеня ў Мінску каля Кастрычніцкай плошчы. Падставай для затрымання з’явілася цішотка “Свабоду Алесю Бяляцкаму”. Актывістку адвезлі ў Цэнтральны РУУС, а пасля складаньня пратаколу – у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў.
24 ліпеня ў судзе Першамайскага раёну Мінску была разгледжаная адміністрацыйная справа актывіста Андрэя Моўчана, якога супрацоўнікі міліцыі затрымалі ўначы 14 ліпеня за распаўсюд улётак. Справу разглядаў суддзя Сяргей Люштык. А.Моўчана абвінавацілі адразу па 2 артыкулах КаАП: 23.14 (парушэнне правілаў добраўпарадкаваньня гарадоў) і арт. 17.1 (дробнае хуліганства) і пакаралі грашовым штрафам у памеры 10 базавых велічыць. Сведкамі выступілі супрацоўнікі міліцыі Дэпартамэнту аховы Віктар Самуценка і Яўген Бурак.
26 ліпеня прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі накіравалі сумесны зварот на імя Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Аляксандра Канюка і Старшыні Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь Валянціна Сукалы з просьбай пра сустрэчу з мэтай абмеркавання сітуацыі з незаконнымі прэвентыўнымі затрыманнямі грамадскіх актывістаў і прадстаўнікоў моладзевых апазіцыйных групаў, спынення гэтай незаконай практыкі і прыцягнення вінаватых да адказнасці. У звароце азначалася, што апошні час у Беларусі рэгулярна напярэдадні масавых мерапрыемстваў ці прыезду высокапастаўленых афіцыйных асобаў замежных дзяржаў адбываюцца незаконныя затрыманні грамадскіх актывістаў і прадстаўнікоў моладзевых апазіцыйных групп, якіх звычайна абвінавачваюць у дробным хуліганстве, потым на падставе сведчанняў супрацоўнікаў міліцыі суды караюць іх адміністратыўнымі арыштамі. Па меркаванні праваабаронцаў, такія метады выкарыстоўваюцца для превентыўнага ізалявання актывістаў на час пэўных грамадска-палітычных падзеяў. Праваабаронцы адзначылі, што такая практыка павінна кваліфікавацца як адвольныя затрыманні, а гэтыя дзеянні ідуць насуперак прынцыпам прававой дзяржавы, уцягваюць супрацоўнікаў міліцыі і суддзяў ва ўдзел у палітычным пераследзе грамадзянаў.
7 жніўня на электронную скрыню Праваабарончага цэнтру “Вясна” прыйшоў адказ з Генеральнай пракуратуры на дадзены зварот. Начальнік аддзела па нагляду за захаваннем праў і свабод грамадзян М.В.Папова, па сутнасці абмежавалася бюракратычнай адпіскай, паведаміўшы “Гулаку А. і інш” літаральна наступнае: “з улікам таго што Вы не з’яўляецеся асобай, якой ва ўстаноўленым законам парадку дэлегаваны правы на прадстаўніцтва інтарэсаў пералічаных у звароце грамадзян, дастатковых падстаў для разгляду Вашага звароту па сутнасці не маецца”. Аднак праваабаронцы ў сваім звароце прасілі не аб прадстаўленні інтарэсаў грамадзян у адміністрацыйных працэсах, а толькі аб сустрэчы з Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь, Старшынёй Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь з мэтай абмеркавання сітуацыі і спынення незаконай практыкі і прыцягнення вінаватых да адказнасці. Адказу па сутнасці з Генпракуратуры яны не атрымалі.
27 ліпеня, у дзень падпісання Дэкларацыі аб суверэнітэце, на прыступках суда
Першамайскага раёна Мінска была затрыманая 65-гадовая актывістка Ніна
Багінская, якая ў знак свята і пратэсту супраць незаконных судоў, узняла на
прыступках бела-чырвона-белы сцяг. Праз трыццаць хвілін пад'ехала
міліцэйская машына, якая даставіла Ніну Багінскую ў РУУУС Першамайскага раёну,
адкуль жанчына праз тры гадзіны была адпушчаная.
31 ліпеня пасля 20 гадзін вечара непадалёку ад Чыгуначнага вакзалу ў Мінску супрацоўнікі міліцыі затрымалі двух актывістаў “Еўрапейскай Беларусі” - Аляксея Цёплага і Мікіту Каваленку, якія распаўсюджвалі інфармацыйны бюлютэнь “Хартыя-97”. Пасля трох гадзін затрымання актывісты былі адпушчаныя без складання пратаколаў.
4 жніўня ў Жодзіна супрацоўнікі міліцыі затрымалі і даставілі ў аддзяленне Андрэя Зубру і Сяргея Хамуцініна, на якіх былі майкі з надпісам “Свабоду Алесю Бяляцкаму!”. Падставаю для затрымання была названая неабходнасць вызначэння асобаў. Пасля кароткай прафілактычнай размовы наконт недапушчальнасці ўдзелу ў несанкцыяваных масавых мерапрыемствах жодзінцаў без складання пратаколаў адпусцілі.
4 жніўня ў Барысаве каля будынку ўнівермага «Веста» пры правядзенні пікету па зборы подпісаў за прэтэндэнта ў кандыдаты ў дэпутаты ПП НС, намесніка старшыні АГП Льва Марголіна міліцыяй былі затрыманыя і дастаўленыя ў Барысаўскі РАУС сам Марголін і сябра яго ініцыятыўнай групы Міхаіл Васільеў. Акрамя фатаграфіі Льва Марголіна на бачным месцы быў вывешаны надпіс «За справядлівыя выбары без Лукашэнкі», а мінакоў прасілі ставіць подпіс не «за» прэтэндэнта, а менавіта «за» справядлівыя выбары. На затрыманых былі складзеныя пратаколы па артыкуле 23-34 КаАП РБ «Правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства". 8 жніўня суддзя Барысаўскага раённага суду Ірына Пасюк вынесла рашэнне аб накладанні штрафу ў памеры двух мільёнаў рублёў для М.Васільева і трох мільёнаў рублёў для Л.Марголіна.
5 жніўня ўвечары ў Наваполацку з расцяжкай «Свабоду Бяляцкаму» быў затрыманы актывіст грамадскага аб'яднання «Свабодны рэгіён» Аляксандр Драздоў. Міліцыя правяла затрыманне актывіста да вывешвання расцяжкі. У аддзяленні быў праведзены надгляд Драздова і вынесена папярэджанне аб адказнасці за правядзенне несанкцыянаваных акцый. Засталося адкрытым пытанне аб тым, адкуль супрацоўнікі міліцыі даведаліся аб намерах актывіста.
22 жніўня ў судзе Савецкага раёна Мінска адбыўся разгляд адміністрацыйных спраў актывістаў ствараемай партыі БХД Галіны Каржанеўскай і Іны Лойкі, якія ўдзельнічалі ў пікетах за байкот выбараў. Суд вынес рашэнне аштрафаваць актывістак на тры базавыя велічыні кожную.
21 жніўня прыкладна каля 21 гадзіны вечара каля чыгуначнага вакзалу ў Мінску быў затрыманы актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Аляксей Цёплы, які толькі вярнуўся дадому з Польшы. 22 жніўня суддзя Кастрычніцкага раёну Мінска Германовіч прызнала Аляксея Цёплага вінаватым у парушэнні арт. 17.1 (дробнае хуліганства) і 17.9 (курэнне ў грамадскім месцы) КаАП РБ і пакарала актывіста штрафам у памеры 5 базавых велічынь. Прычына суда над актывістам заключаецца ў распаўсюдзе ў Мінску друкаванай газеты «Хартыя'97».
22 жніўня на цэнтральным чыгуначным вакзале Мінску каля 11 гадзін раніцы супрацоўнікі міліцыі затрымалі магілёўскага актывіста “Еўрапейскай Беларусі” Віктара Болдзіна, які толькі сыйшоў з цягніка. У яго знайшлі некалькі выданняў пра байкот і газету «Народная воля». У гэты ж дзень суд Кастрычніцкага раёна сталіцы пакараў Віктара Болдзіна штрафам у памеры 3 базавыя велічыні, прызнаўшы вінаватым у дробным хуліганстве.
22 жніўня быў затрыманы актывіст “Маладога Фронту” Мікола Дземідзенка. Позна ўвечары стала вядома, што ён змешчаны ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна і яго абвінавачваюць у дробным хуліганстве (арт.17.1 КаАП РБ). 23 жніўня Міколу Дземідзенку даставілі ў суд Фрунзенскага раёну, дзе суддзя Дзмітрый Лукашэвіч прыняў рашэнне аб арышце актывіста на 7 сутак.
23 жніўня ў Магілёве былі затрыманы міліцыяй мясцовыя каардынатары па арганізацыі працэсу назірання ў межах кампаніі “За справядлівыя выбары” Юрый Новікаў і Галіна Лісіцына. Затрыманне адбылося ў раёне чыгуначнага вакзала, пасля таго, як газеты, брашуры і сшыткі былі перакладзены з адной машыны ў другую. Міліцыянты пералічылі прадукцыю і канфіскавалі яе. Пасля трох гадзін затрымання магілёўскія каардынатары кампаніі па незалежнаму назіранню былі адпушчаны з позвамі з’явіцца ў РУУС Ленінскага раёну пазней.
28 жніўня падчас транспартыроўкі накладу партыйнага бюлетэня "Крыніца" з інфармацыяй пра байкот выбараў быў затрыманы адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі. Пры абтэлефанаванні мінскіх РАУСаў высветлілася, што ён знаходзіцца ў Фрунзенскім аддзяленні міліцыі, дзе на яго быў складзены пратакол з абвінавачаннем у дробным хулігансте. Сд Фрунзенскага раёна Мінска вынес пастанову аб арышце Дзяніса Садоўскага на 10 сутак, суддзя - Марыя Ляшкевіч.
Абмежаванні свабоды слова і права на распаўсюд інфармацыі, пераслед журналістаў
26 ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска разглядалася адміністрацыйная справа журналіста “Еўрапейскага радыё” Віталя Ругайна, затрыманага 25 ліпеня і абвінавачанага ў брыдкаслоўі. Суддзя – Таццяна Ткачова. Віталь Ругайн быў вызвалены ў зале суда, аднак справа не закрыта, а накіравана на дапрацоўку -- міліцыянты маюць пяць дзён, каб знайсці доказы вінаватасці В. Ругайна. Любая спроба трапіць у кабінет суддзі спынялася супрацоўнікамі міліцыі. Журналісты налічылі 7 міліцыянтаў, якія такім чынам удзельнічалі ў працэсе. Падчас разгляду справы былі апытаныя трое сведкаў-міліцыянтаў, якія затрымлівалі Віталя Ругайна. Затрыманне журналіста адбылося позна ўвечары 25 ліпеня на вуліцы Гарадскі Вал. Затрыманне праводзіла група міліцыянтаў у цывільным, і пасля складання пратаколу журналіст быў дастаўлены ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. У гэты дзень Віталю споўнілася 25 год. Затрыманне Віталя Ругайна расцэньваецца як своеасаблівая помсту міліцыі за рэпартаж з метро, падчас якога журналісты “Еўрарадыё” прайшліся па станцыях з вялікай валізкай, і на іх ахова метро не звярнула ўвагі. Па вяртанні Ругайна з Літвы 24 ліпеня на памежным пераходзе Гудагай яго знялі з цягніка і правялі поўны мытны дагляд. У Віталя забралі пашпарт, ноўтбук, але пасля ўсё вярнулі і яго адпусцілі.
9 жніўня ў судзе Савецкага раёну Мінска адбыўся разгляд адміністрацыйных спраў журналістак Юліі Дарашкевіч і Ірыны Козлік. Ірына Козлік -- журналістка «Камсамольскай правды в Беларусі», а Юлія Дарашкевіч — незалежны фатограф. Іх затрымалі надвячоркам 8 жніўня каля Палацу мастацтваў, калі яны здымаліся для віртуальнага «постэру» з мядзьведзікамі-парашутыстамі ў межах акцыі салідарнасці з арыштаваным фатографам Антонам Сурапіным. Журналістак абвінавацілі ў незаконным пікетаванні (23.34 — КаАП). У пратаколе затрыманьня Дарашкевіч і Козлік напісана: «пікетаванне шляхам фатаграфавання». Суддзя Дзмітрый Паўлючэнка прызнаў жуналістак вінаватымі і прыняў рашэнні аб накладанні на кожную з іх штрафаў памерам 30 базавых велічынь.
10 жніўня журналістка Таццяна Белашова была выклікана ў Мінскую гарадскую пракуратуру ў сувязі з праверкай дзейнасці тэлеканала “Белсат”. Пракурор Дзмітрый Пастаялка прыгадаў Белашовай яе затрыманне ў Парку Горкага ў Мінску 1 чэрвеня падчас падрыхтоўкі відэасюжэта. Паводле пракуратуры, здымкі, зробленыя Таццянай, выйшлі ў эфір “Белсата”. У сувязі з гэтым Таццяне было вынесена папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння закона "Аб сродках масавай інфармацыі", у прыватнасці, працы без акрэдытацыі на карысць польскага тэлеканала. Папярэджанне было ўручана журналістцы за подпісам намесніка пракурора г.Мінска Казіміра Кежуна.
11 жніўня аператар Вячаслаў Пяшко і журналістка Ганна Аземша здымалі, як рэдактар недзяржаўнай газеты «Прэфект-інфо» Дзмітрый Лупач распаўсюджвае сваё выданне ў грамадскім месцы. Журналістамі зацікавіўся нарад міліцыі. У пастарунку ў Пяшко і Аземшы перапісалі асабістыя дадзеныя і адпусцілі, а Лупача пратрымалі даўжэй - дапытваліся, ці зарэгістраваная газета, хто яе выдае, з якімі мэтамі. У выніку рэдактара таксама адпусцілі, але ў запатрабавалі перадаць па факсе дакументальнае пацверджанне легальнасці газеты.
13 жніўня незалежнага журналіста Кастуся Шыталя выклікалі ў Глыбоцкую раённую пракуратуру, каб атрымаць тлумачэнні наконт артыкула "Яраслаў Берніковіч прапанаваў дапамогу прыхільнікам байкоту", змешчанага пад ягоным прозвішчам на рэгіянальным сайце http://westki.info. Пракурор Анатоль Сеўрукоў прыгразіў Кастусю Шыталю адміністрацыйнай адказнасцю, калі падобныя публікацыі будуць з'яўляцца на "Вестках". Між тым журналіст лічыць, што ён не парушыў заканадаўства: байкот у Беларусі не забаронены, і артыкул на незалежным сайце наўрад ці можна нават расцэньваць нават як заклік да байкоту.
14 жніўня журналіст Генадзь Барбарыч быў выкліканы ў пракуратуру г.Мінска ў сувязі з праверкай, што праводзілася ў сувязі з ягонай працай на Радыё “Рацыя” пасля ператрусу ў офісе радыёстанцыі 2 мая. Пракурор Дзмітрый Пастаялка назваў журналіста сталым супрацоўнікам “Рацыі” і паведаміў, што праслухаў многія яго матэрыялы ў эфіры радыёстанцыі і кампутарах, забраных падчас ператрусу. Напрыканцы размовы пракурор вынес журналісту Радыё “Рацыя” афіцыйнае папярэджанне аб забароне працаваць без акрэдытацыі на замежныя сродкі масавай інфармацыі. Папярэджанне было падпісана намеснікам пракурора г.Мінска Казімірам Кежуном. У Беларусі журналісты "Радыё Рацыя" вымушаны працаваць нелегальна, бо Міністэрства замежных спраў неаднаразова адмаўляла радыёстанцыі ў афіцыйнай акрэдытацыі.
19 жніўня была выключана са спісу невызных старшыня грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Жанна Літвіна. Пра гэта сказана ў атрыманым Ж.Літвіной з Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС паведамленні. Прычынай унясення Ж. Літвіной у спіс невыязных чыноўнікі дэпартамента назвалі камп'ютарны збой, які нібыта адбыўся ў іх з 24 лютага па 10 сакавіка 2012 года. Літвіна лічыць гэтую прычыну надуманай і звязвае яе з канкрэтным рашэннем афіцыйнага Мінска.
20 жніўня журналістку Алену Сцяпанаву выклікалі ў Віцебскую абласную пракуратуру, каб узяць тлумачэнні адносна працы без акрэдытацыі на замежныя СМІ. Вынікам гаворкі з пракурорам аддзела па нагладу за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў П.М. Зайцавым стала афіцыйнае папярэджанне за подпісам ужо іншага чалавека – намесніка пракурора Віцебскай вобласці, старшага саветніка юстыцыі Г.А.Каранько. Журналістку папярэдзілі за тое, што на працягу гэтага году яна нібыта ажыццяўляла падрыхтоўку аудыё- і відэаматэрыялаў, а таксама інтэрв'юіравала людзей для рэпартажаў, якія "размяшчаліся ад імя замежнага СМІ (чэшскай рэдакцыі "Радыё Свабодная Еўропа – Радыё Свабода)". Разам з тым, чэшская рэдакцыя «Радыё Свабодная Еўропа – Радыё Свабода» перастала існаваць яшчэ ў 2002 годзе. П.М. Зайцаў адзначыў, што з'яўленне прозвішча журналісткі на любых інтэрнэт-сайтах "непажаданае", і што гэтыя факты таксама могуць быць інтэрпрэтаваныя як супрацоўніцтва на замежныя СМІ без акрэдытацыі.
23 жніўня журналіста Міхаіла Янчука выклікалі ў Дэпартамент па грамадзянству і міграцыі МУС і ўручылі даведку-выпіску, што ў яго «адсутнічаюць абмежаванні для выезду за мяжу». Дакумент датаваны 23 жніўня, пад ім стаіць подпіс старшага інспектара па асобых даручэннях Людмілы Маскалёвай. У black-лісце памежнай службы з журналістаў на канец жніўня працягвалі заставацца Андрэй Дынько і Аляксандр Атрошчанкаў.
23 жніўня Аршанскі гарадскі аддзел Следчага камітэта РБ узбудзіў крымінальную справу ў дачыненні да журналіста Мікалая Петрушэнкі за “знявагу прадстаўніка ўлады”. Падставай стаў артыкул сп-ра Петрушэнкі “Педафіл атрымліваў прэміі за лепшыя дзіцячыя пляцоўкі”, размешчаны 8 жніўня на сайце nash-dom.info. Публікацыя размешчана ў раздзеле “Блогі”. Паводле пастановы за подпісам старшага следчага С. Шчарбянка, аўтар артыкулу “ўказвае”, што намеснік старшыні аршанскага гарвыканкама падазраецца ў спрыянні дзейнасці педафіла. Тым самым Петрушэнка “публічная зняважыў” чыноўніка “як прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў”, - гаворцца ў пастанове. Сабраныя матэрыялы ўтрымліваюць дастатковыя дадзеныя, што ўказваюць на прыкметы злачынства паводле арт. 369, - лічыць следчы. У звязку з гэтым ён пастанаўляе ўзбудзіць справу ў дачыненні да Петрушэнкі і прыняць яе да вытворчасці.
Абмежаванне свабоды сходаў
9 ліпеня брэсцкія ўлады адмовілі актывістам БХД у правядзенні двух шэсцяў: 10 ліпеня - у падтрымку палітычнага зняволенага Паўла Севярынца, і 14 ліпеня - пад лозунгам “Свабоду палітвязням!”. Падставай для забароны ў адказе з гарвыканкаму пазначана тое, што акцыі планавалася правесці побач з будынкамі, дзе знаходзяцца расійскае і польскае консульствы ў Брэсце, а гэта “супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь”.
24 ліпеня трое актывістаў аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” атрымалі з Мінгарвыканкаму адмовы на правядзенне пікетаў за байкот выбараў. Сябры Нацрады БХД Іне Лойцы, якая замаўляла правядзенне пікетаў 28 і 30 ліпеня па праспекце Незалежнасці 50, адмовілі з прычыны блізкасці станцыі метро. Актывіст Іван Саладухін падаваў заяўку на правядзенне пікетаў 28 ліпеня таксама на праспекце Незалежнасці, 50 і 30 ліпеня на вуліцы Сурганава, 50. У першым выпадку яму адмовілі з прычыны блізкасці метро, у другім — паводле артыкула 9 Закону «Аб масавых мерапрыемствах» без указання канкрэтнай прычыны. Сябру Нацрады Алесю Шамякіну адмовілі ў правядзенні пікетаў на плошчы Якуба Коласа 28 ліпеня і 29 ліпеня на вуліцы Веры Харужай, 8. 23 ліпеня негатыўны адказ атрымала кіраўнік Маладых хрысціянскіх дэмакратаў Марына Хоміч, якая замаўляла пікеты на 28 ліпеня па праспекце Незалежнасці, 21 і на 31 ліпеня па вуліцы Жылуновіча, 4. 21 ліпеня адмову на правядзенне двух пікетаў атрымала актывістка БХД Надзея Іюльская, яка планавала правесці мерапрыемствы 28 ліпеня на Плошчы Якуба Коласа і 30 ліпеня на вуліцы Жылуновіча. Усе адмовы былі падпісаны намеснікам старшыні Менгарвыканкаму Ігарам Карпенкам.
27 ліпеня Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў парушэнне правоў баранавіцкіх актывістаў Сяргея Гоўшы, Віктара Сырыцы і Віктара Мезяка на свабоду выказвання меркаванняў і сходаў. Скарга актывістаў датычыла забароны на правядзенне мітынгу "За свабодную, незалежную і квітнеючую Беларусь" 10 верасня 2006 года.. 4 верасня 2006 года баранавіцкі гарвыканкам адмовіў актывістам у правядзенні мітынгу на той падставе, што сустрэча на аналагічную тэму ўжо адбылася ў памяшканні гарадскога выканаўчага камітэта 15 сакавіка 2006 года. Гэтая забарона была абскарджаная ў судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы, а потым у судовай калегіі па грамадзянскіх справах Брэсцкага абласнога суда. Аднак скаргі актывістаў былі адхіленыя. Такім чынам, актывістамі былі вычарпаныя ўсе наяўныя ўнутрыдзяржаўныя сродкі прававой абароны ў спробе ажыццявіць сваё права на мірныя сходы, гарантаванае артыкулам 35 Канстытуцыі. "Камітэт па правах чалавека, дзейнічаючы ў адпаведнасці з пунктам 4 артыкула 5 Факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, лічыць, што прадстаўленыя яму факты сведчаць аб парушэнні Беларуссю артыкула 19 і артыкула 21 Пакта", гаворыцца ў Меркаваннях, прынятых Камітэтам ААН па правах чалавека. "Камітэт адзначае, што дзяржава-ўдзельніца не здолела прадэманстраваць, нягледзячы на тое што ёй была дадзена магчымасць зрабіць гэта, чаму абмежаванні на права аўтараў на свабоду выказвання меркаванняў і сходаў, нават калі яны заснаваныя на законе і муніцыпальным рашэнні, былі неабходныя для адной з законных мэтаў артыкула 19, пункта 3, і артыкула 21, пункта 2 Пакту. Адпаведна, Камітэт прыйшоў да заключэння, што прадстаўленыя факты сведчаць аб парушэнні дзяржавай-удзельніцай правоў аўтараў у адпаведнасці з артыкулам 19 і артыкулам 21 Пакта". Акрамя таго, Камітэт адзначыў, што "дзяржава-удзельніца абавязана прадаставіць аўтарам эфектыўны сродак прававой абароны, уключаючы пакрыццё панесеных імі судовых выдаткаў і кампенсацыю. Дзяржава-удзельніца таксама абавязана прыняць захады па недапушчэнні аналагічных парушэнняў у будучыні. У сувязі з гэтым дзяржаве-ўдзельніцы варта перагледзець сваё заканадаўства, у прыватнасці Закон “Аб масавых мерапрыемствах”, і яго прымяненне ў мэтах забеспячэння яго адпаведнасці патрабаванням артыкула 19 і артыкула 21 Пакта".
У канцы ліпеня-пачатку жніўня па ўсёй краіне былі забаронены акцыі салідарнасці са зняволеным кіраўніком Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесем Бяляцкім і ўсімі беларускімі палітвязнямі. Адмовы ў правядзенні мірных масавых мерапрыемстваў атрымалі праваабаронцы і грамадскія актывісты з Гародні, Смаргоні, Бабруйску, Брэста, Віцебску, Баранавічаў, Мазыра, Барысаву, Оршы, Жодзіна, Бярозы, Маладэчна. Усе далейшыя абскарджанні адмоваў у судах не мелі станоўчага выніку.
Гарадзенскі гарвыканкам адмовіў праваабаронцам Віктару Сазонаву і Уладзіміру Хільмановічу ў правядзенні 4 жніўня пікета. На першую заяву аб правядзенні пікету чыноўнікі далі незразумелы адказ. Пасля гэтага Сазонаў з Хільмановічам накіравалі ў гарвыканкам яшчэ адзін ліст - з просьбай растлумачыць сітуацыю, пасля чаго чыноўнікі даслалі пісьмовы адказ за подпісам намесніцы старшыні гарвыканкаму Алены Агей, у якім правядзенне пікету на тэрыторыі Каложскага парку адназначна не дазваляецца. Фармальнай падставай для адмовы названае незаключэнне дамоваў з адпаведнымі службамі для забеспячэння грамадскага парадку.
Старшыня Смаргонскага райвыканкама Мечыслаў Гой не дазволіў пікет, мэтай якога было выказаць пратэст супраць зняволення Алеся Бяляцкага; заклікаць ўсе структуры грамадзянскай супольнасці Беларусі да салідарнасці і падтрымкі правабарончых арганізацыяў і правабаронцаў, грамадзян, у тым ліку і кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта, якія былі незаконна асуджаныя падчас падзеяў 19 снежня 2010 года, а таксама ўсіх, хто сутыкаецца зараз з пераьледам за свае перакананні і палітычныя погляды; патрабаваць вызвалення ўсіх палітычных зняволеных Беларусі. Пікет мусіў адбыцца 4 жніўня. Прычынай адмовы ўказаны той факт, што заяўнік пікету Алесь Дзергачоў напісаў у заяве, што прымае на сябе забеспячэнне грамадскага парадку і бяспекі падчас пікету. Імкненне заяўніка прыняць гэтыя захады старшыня Смаргонскага райвыканкама палічыў не адпавядаючым пастанове Савета Міністраў ад 5 сакавіка 2012 г. №207, паводле якой функцыя аховы грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў ускладаецца на праваахоўныя органы.
Бабруйскі актывіст Сяржук Лацінскі атрымаў адмову на правядзенне пікета ў падтрымку палітвязняў за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама Аляксандра Маркачова. У афіцыйна паперы сказана, што ў законе “Аб масавых мерапрыемствах” адсутнічае вызначэнне “пікет”, што “не дазваляе дакладна вызначыць, якое масавае мерапрыемства плануецца правесці”. “Таксама ў заяве не пазначана пэўнае месца, дзе Вы збіраецеся праводзіць масавае мерапрыемства”, - напісаў чыноўнік. У адказе Маркачова ёсць і папярэджанне аб адказнасці, якая прадугледжана “за парушэнне парадку аранізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў”. Сяржук Лацінскі спецыяльна не ўказваў канкрэтнае месца для правядзення пікета, пазначыўшы “месца, вызначанае гарвыканкамам”.
Брэсцкія ўлады адказалі адмоваю ў правядзенні пікету 4 жніўня праваабаронцу Уладзіміру Вялічкіну. У адказе, які падпісаў намеснік старшыні Брэсцкага гарвыканкама Вячаслаў Хафізаў, паведамляецца, што 4 жніўня ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў, дзе праваабаронца замаўляў пікет, адбудуцца мерапрыемствы, прысвечаныя дню дэсантніка і сіл спецыяльнага прызначэння. Другая прычына адмовы ў правядзенні пікета - адсутнасць дамоваў з адпаведнымі службамі, якія павінны абслугоўваць мерапрыемства. Але, на думку заяўніка, яму не спатрэбяцца ні аўтамабіль да вывазу смецця, ні машына хуткай дапамогі, ні міліцыя, бо ўдзельнікаў заяўленага пікета ўсяго толькі два.
У Віцебску сваё рашэнне пра забарону акцыі 4 жніўня намеснік кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску Віктар Галанаў абгрунтаваў тым, што заяўнікі не заключылі дамоваў на абслугоўванне мерапрыемства з аддзелам унутраных спраў, гарадской цэнтральнай паліклінікай і прадпрыемствам “Віцебская жыльлёва-камунальная гаспадарка”. Гэта стандартная адмова чыноўніка, якая грунтуецца на рашэнні № 881 “Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску”, прынятым гарвыканкамам у 2009 годзе. Аддзелы МУС, паліклініка і хуткая дапамога, а таксама камунальнікі адмаўляюцца заключаць дамовы, патрабуючы найперш дазволаў ад улады. Таму заяўнікі вымушаныя хадзіць па "зачараваным коле", і з часу прыняцця гарвыканкамам гэтага рашэння мясцовыя ўлады не далі дазволу ні на адну акцыю па замове дэмакратычных актывістаў.
У Баранавічах актывісты Сяргей Гоўша, Віктар Сырыца і Віктар Мезяк 28 ліпеня атрымалі ліст за подпісам намесніка старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Дз. Касцюкевіча, у якім паведамляецца, што гарвыканкам не дае згоды на правядзенне пікета 4 жніўня. Гарвыканкам лічыць, што заяўнікі парушылі арт. 6 Закона “Аб масавых мерапрыемствах” і пункт 4 рашэння Баранавіцкага гарвыканкама ад 16.06.2009г. № 1497 “Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у горадзе Баранавічы” (у рэдакцыі рашэння Баранавіцкага гарвыканкама ад 05.10.2009г. № 2497). Праўда, якую канкрэтна норму закона парушылі заяўнікі, супрацоўнік ідэалагічнага аддзела гарвыканкама Сяргей Пяцігораў адмовіўся называць як пісьмова, так і ў вуснай форме.
У Мазыры 26 ліпеня праваабаронца Уладзімір Целяпун атрымаў адмоўныя адказы з райвыканкама і райсавета Мазыра на свае заявы аб правядзенні вулічнага шэсця ў цэнтры горада. Мерапрыемства было запланавана на 4 жніўня з мэтай распаўсюду ўлётак з інфармацыяй пра Алеся Бяляцкага і патрабаваннем спыніць супраць крымінальны пераслед праваабаронцы. Лісты-адказы, якія атрымаў Уладзімір Целяпун, падпісаны намеснікам старшыні Мазырскага райвыканкама Феліксам Галюком і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Сяргеем Гвоздзем. Па сваім змесце яны аднолькавыя. Адмаўляюць Уладзіміру Целяпуну ў правядзенні заяўленага мерапрыемства па прычыне неадпаведнасці патрабаванням артыкула 2 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” , у якім гаворыцца, што “вулічнае шэсце – арганізаваны масавы рух групы грамадзянаў па пешаходнай ці праезжай частцы вуліцы (дарогі), бульвара, праспекта, плошчы ў мэтах прыцягнення ўвагі да якіх-небудзь праблемаў або публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных настрояў або пратэсту. А ў заяве паказаная колькасць удзельнікаў вулічнага шэсця – адзін чалавек, што не адпавядае вызначэнню “вулічнае шэсце”, дадзенаму ў Законе” – чытаем у лісце, падпісаным Сяргеем Гвоздзем,старшынёй раённага Савета дэпутатаў.
Барысаўскі райвыканкам забараніў праваабаронцам праводзіць пікет «Свабоду Алесю Бяляцкаму!", які планавалася арганізаваць 4 жніўня каля аднаго з буйных гарадскіх універмагаў. З заяўкай на правядзенне пікету ў мясцовы райвыканкам звярталіся праваабаронцы Марына Статкевіч і Алег Мацкевіч. Паралельна яны звярнуліся ў Барысаўскае РУУС, цэнтральную раённую бальніцу і камунальныя службы з просьбай заключыць дамовы на забеспячэнне падчас пікету правапарадку, медабслугоўвання і ўборкі тэрыторыі. З усіх трох службаў прыйшлі аднолькавыя адказы: "У сувязі з невыкананнем Вамі патрабаванняў арт. 5 Закона РБ ад 30 снежня 1997 г. «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» у рэдакцыі Закона РБ ад 7 жніўня 2003 г. Заключыць з Вамі дамову не маем магчымасці ». Такая ж прычына забароны на правядзенне пікету значыцца ў адказе з Барысаўскага райвыканкама.
Аршанскі гарвыканкам адмовіў семярым актывістам праваабарончых арганізацый і палітычных партый у правядзенні пікету ў падтрымку Алеся Бяляцкага. Фармальнай падставай для адмовы стала адсутнасць дамоў з ГАУС на ахову мерапрыемства, з бальніцай на медыцынскае абслугоўванне і спецаўтабазай на ўборку тэрыторыі. Вышэйназваныя службы такія дамовы заключаць не хочуць, а выканкам у сваю чаргу выкарыстоўвае гэта як падставу для адмовы.
Жодзінскія гарадзкія ўлады забаранілі пікет, заяўлены на 4 жніўня праваабаронцамі з мэтаю патрабавання вызвалення ўсіх палітвязняў, а таксама вядомага праваабаронцы Алеся Бяляцкага. 24 ліпеня на адрас Аляксея Лапіцкага прышоў ліст з Жодзінскага выканкаму, у якім заяўнікам адмоўлена ў пікетаванні за подпісам першага намесніка старшыні выканкаму па ідэалогіі Юрыя Шарага. Юры Шары перакананы, што замоўлены пікет колькасцю ўдзельнікаў у 1-2 чалавекі нельга дазволіць з прычыны таго, што «забеспячэнне грамадскага парадку і бяспекі, а таксама медыцынскага абслугоўвання ўдзельнікаў пікетавання ў час правядзення масавага мерапрыемства павінны ажыццяўляцца органамі ўнутраных спраў і ўстановай аховы здароўя насельніцтва».
Праваабаронцы з Бярозы Сяржук Русецкі і Тамара Шчапёткіна, а таксама сябра Партыі БНФ Анатоль Сахаруша атрымалі адмову з райвыканкаму на правядзенне пікету 4 жніўня ў падтрымку старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага і іншых палітвязняў у цэнтры гораду. Адмова падпісана намеснікам старшыні выканкаму Яўгенам Тарасюком. У адмове выканкам спаслаўся на сваё рашэнне ад 9 лютага 2010 года № 138 “Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у Бярозаўскім раёне”. Па словах Яўгена Тарасюка, акцыя планавалася не ў вызначаным месцы. Акрамя таго, да заяўкі на пікет не былі далучаныя копіі дамоваў з міліцыяй, камунальнікамі і медыкамі на абслугоўванне пікету. Улады абыйшлі ўвагай тое, што арганізатары акцыі бралі на сябе забеспячэнне парадку і абслугоўвання.
Маладэчанскія праваабаронцы атрымалі адмову райвыканкама на заяўку аб пікеце. У правядзенні пікету – пратэсту супраць зняволення Алеся Бяляцкага і іншых палітычных вязняў – ім адмовілі з-за таго, што ў гэты дзень на заяўленым месцы, Цэнтральнай плошчы горада, будзе арганізаваны пракат дзіцячых аўтамабіляў і катанне дзяцей на паравозіку. Акрамя таго, старшыня райвыканкама Фёдар Дамаценка ў сваім адказе нагадаў, што Алесь Бяляцкі прызнаны судом вінаватым і асуджаны па крымінальнай справе, а “выказванне публічнага пратэсту ў форме пікетавання ў дадзеным выпадку не прадугледжана заканадаўствам”.