Кандыдат у дэпутаты Пінскага гарадзкога савету Аляксандар Васільеў асуджаны на 7 сутак адміністратыўнага арышту
Яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве падчас нарады мясцовай вэртыкалі з чальцамі выбарчых камісіяў. Удзельнікі выбараў на Берасьцейшчыне заяўляюць, што гэта не адзінкавы прыклад ціску ўладаў на незалежных кандыдатаў.
Незалежнага кандыдата ў дэпутаты Аляксандра Васільева затрымалі 8 студзеня. Пра прычыну зьняволеньня ягоныя калегі ў выбарчай кампаніі даведаліся толькі на наступны дзень, падчас судовага паседжаньня.
Кандыдат у дэпутаты Пінскага гарсавету Аляксандар Аўсеенка распавёў Радыё Свабодзе: “Яго затрымалі за тое, што ён выпадкова апынуўся на сустрэчы кіраўніцтва райвыканкаму з сакратарамі выбарчых камісій. Праводзіў начальнік юрыдычна-прававога аддзелу Мельнічук. Між іншым, ён сказаў: падайце ў выканкам пустыя бланкі пратаколаў з подпісамі чальцоў выбарчых камісій. Васільеў тое пачуў, падняўся і сказаў, што гэта фальсафікацыя і крымінал. І тут пачалося: павалілі на падлогу, выклікалі міліцыю і – судзілішча”.
Паводле рашэньня гарадзкога суду Пінску, Аляксандар Васільеў мусіць адбыць сем сутак адміністрацыйнага арышту за, нібыта, нецэнзурную лаянку.